«Не для нас ананас-8». На 81 капейку патаньнела

Свабода працягвае штомесячны маніторынг цэнаў у Беларусі на самыя неабходныя тавары. Мы адсочваем, колькі каштуюць на пачатку кожнага месяца 7 прадуктаў харчаваньня (сьвініна, бульба, яйкі, хлеб, малако, алей і цукар), а таксама аўтамабільнае паліва, праезд у грамадзкім транспарце і квіток у кінатэатар.

Вынікі замераў у студзені, лютым, сакавіку, красавіку, траўні і чэрвені. У ліпені мы яшчэ параўналі цэны ў менскім і варшаўскім гіпэрмаркетах.

Што патаньнела ў жніўні ў параўнаньні з пачаткам году?

Мяса добрай якасьці (мы бяром шыйную частку сьвініны) у студзені каштавала 11,99 BYN, але пачынаючы ад чэрвеня каштуе на 1 рубель менш — 10,99.

Паступова таньнеюць яйкі («Разумны выбар» С-1): у студзені 1,95 BYN, у жніўні — 1,79.

Менш мы заплацілі за літар алею (расейскай вытворчасьці «Затея») — 2,19 BYN (у студзені было 2,99) і за кіляграм слуцкага цукру — 1,59 BYN (у студзені было 1,69).

І што падаражэла?

Бульба, якая падаражэла больш як на 200% на пачатку лета, у жніўні патаньнела і каштуе 0,99 BYN. Але гэта ўсё роўна нашмат больш за студзеньскую цану (0,38 BYN).

Зусім нязначна падаражэлі малако 2,5% тлустасьці брэнду «Савушкин продукт» (1,34 BYN, у студзені было 1,3)

і бяздрожджавы хлеб «Добры» (0,95 BYN, у студзені — 0,91).

6,5 BYN мы заплацілі за квіток на фільм «Дзюнкерк» (паглядзець блёкбастар у студзені каштавала 5,5 BYN). Ужо некалькі месяцаў не зьмяняецца цана на бэнзін Aі-95: у жніўні ён зноў каштуе 1,25 BYN, аднак гэта даражэй, чым у студзені (1,19 BYN).

На што цэны не зьмяніліся?

Як і ў папярэднія месяцы, не зьмяняецца цана на праезд у грамадзкім транспарце (0,55 BYN).

Такім чынам, у параўнаньні з пачаткам году кошык прадуктаў патаньнеў на 81 капейку (у студзені — 28,45, у траўні — 27,64 рубля) у рублёвым вымярэньні і на 0,27 даляра ў даляравым вымярэньні (у студзені — 14,44, у траўні — 14,17 рубля).

Міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь-1» сказаў, што ў Беларусі ня варта чакаць росту цэнаў.

Разам з тым, паводле афіцыйных зьвестак Белстату, цэны ў Беларусі амаль не спыняюць росту, хоць рост гэты і павольны — максымум 0,8% за месяц (зьвесткі за студзень-чэрвень, ліпеньскія лічбы яшчэ не публікаваліся), але 3,38% за паўгодзьдзе.

_______________

Свабода фіксуе цэны на адны і тыя ж тавары на пачатку кожнага месяца на працягу году ў адной і той жа менскай сеткавай краме, якая знаходзіцца ў сярэднім цэнавым сэгмэнце.

У якасьці адзінкі мы бяром кіляграм ці літар.