Лукашэнка паабяцаў навучыць хакею 60-гадовага брытанскага міністра

Аляксандар Лукашэнка гуляе ў хакей, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь дзяржаўным міністрам у справах Эўропы і Амэрыкі МЗC Вялікай Брытаніі Аланам Данканам паабяцаў навучыць міністра гуляць у хакей, перадае БЕЛТА.

Данкан расказаў Лукашэнку, што ў школьныя часы гуляў у хакей на траве, таму наўрад ці змог бы гуляць у камандзе Лукашэнкі, на што той адказаў: «Не, але мы навучым, калі ў вас ёсьць жаданьне». На гэта 60-гадовы Данкан адказаў, што «гатовы вучыцца, нягледзячы на ўзрост».

У студэнцкія часы Данкан быў стырнавым каледжу Сэнт-Джонс у першай васьмёрцы ў акадэмічным веславаньні. Данкан такама вядомы як першы адкрыты гей-парлямэнтар ад Кансэрватыўнай партыі.

Аляксандар Лукашэнка раней сьцьвярджаў, што хацеў гуляць у футбол, але траўмы прымусілі перайсьці да хакею. Ён асабіста ўдзельнічае ў гульнях «прэзыдэнцкай каманды», выходзіць на лёд пад нумарам 1. Каманда ўдзельнічае ў аматарскіх турнірах, але за яе неаднаразова выступалі былыя і нават дзейныя прафэсійныя гульцы, у тым ліку хакеісты зборнай Беларусі.

Станам хакею ў Беларусі Лукашэнка абураўся, загадваў устанавіць хакеістам «нармальныя заробкі», абяцаў ім «даць столькі лёду, колькі трэба» і пастанавіў вырабляць хакейны рыштунак у турмах.