Нямецкі пісьменьнік напісаў пра Беларусь як краіну траншэяў і могільнікаў

Навід Кермані, архіўнае фота

У Нямеччыне, у выдавецтве C.H. Beck Verlag выйшла кніга «Ўздоўж траншэяў» (Entlang den Gräben: Eine Reise durch das östliche Europa bis nach Isfahan) пра невядомую Ўсходнюю Эўропу.

Яе аўтар — 50-гадовы кёльнскі пісьменьнік іранскага паходжаньня, публіцыст, доктар усходазнаўства Навід Кермані, чые раманы, эсэ і рэпартажы ўзнагароджаныя рознымі літаратурнымі прэміямі ФРГ. Рэцэнзіі на кнігу і інтэрвію аўтара зьмешчаныя ў многіх нямецкіх выданьнях.

Паводле заданьня нямецкага часопісу Der Spiegel літаратар на працягу амаль двух месяцаў падарожнічаў па розных краінах Усходняй Эўропы. Яго шлях пачаўся ў Зігене, што бліз Кёльну, прайшоў праз Польшчу, Расею, Літву, Беларусь, Украіну, Грузію, Азэрбайджан, Армэнію і скончыўся на радзіме бацькоў, у іранскім горадзе Ісфахане.

У сваёй кнізе аўтар дасьледуе ўсё тое, што створана чалавекам, каб штучна і гвалтоўна аддзяліць адных людзей ад другіх – гэта межы, а таксама траншэі, акопы, равы, могільнікі ў траншэях, менавіта так шматзначна перакладаецца зь нямецкай слова «Gräben». Галоўная выснова, якую робіць з свайго падарожжа Кермані – праз усе краіны, дзе ён пабываў, і рэальна, і фігуральна «праходзяць глыбокія траншэі»

У Беларусі, якая стала для аўтара апошнім маршрутам падарожжа, Кермані правёў значна больш часу, чым плянаваў. Зь яго гледзішча – гэта тэрыторыя «братніх магіл», вялікага мноства самых разнастайных «пахаваньняў». Як адзначае крытыка, гэта адзін зь вельмі моцных аўтарскіх вобразаў.

Чаму і як прыйшоў аўтар да гэтай тэмы?

Вось што адказвае ён на гэтае пытаньне:

«Позірк прадстаўнікоў майго пакаленьня, народжаных, як і я, у Заходняй Нямеччыне быў традыцыйна накіраваны на захад, у бок Францыі, Англіі, ЗША. Пра гэтыя краіны мы ведалі куды больш, чым пра наш нямецкі ўсход, ня кажучы ўжо пра Польшчу, Беларусь, Украіну. Што мы ведалі і ведаем пра гэтую тэрыторыю, парэзаную акопамі, канфліктамі, гвалтам, «гарачай» і «халоднай» вайной, якія ў асобных рэгіёнах вядуцца і сёньня, таксама пра траўмы яе людзей, нанесеныя дыктатурай і генацыдам?»

«Вы павінны быць адкрытыя да ўсяго, што ўзьнікае на вашым шляху»,— лічыць нямецкі пісьменьнік. Кермані адзначае, што ён грунтоўна рыхтаваўся да кожнага прыпынку на сваім шляху. У тым ліку і як грамадзянін Нямеччыны. Сярод абавязковых пунктаў ягонага маршруту былі польскі Аўшвіц ды Беларусь, зямля і народ якой зьведалі шмат пакут і гора падчас нямецкай акупацыі ў 1941-1944 гадах.

Чарнобыльcкі вобраз Беларусі

Кёльнскі літаратар апісвае сваю паездку зь Вільні ў Менск, куды ён дабіраўся Літоўскай чыгункай. Праходы ў вагонах былі вельмі вузкія і занятыя рознымі валізкамі.

«Калі сядаеш на месца, выцягнуць ногі немагчыма: яны ўпіраюцца ў нейкі разьмеркавальны шчыт. Чым бліжэй да Менску, тым мне і майму суседу цяжэй разагнуць калені».

Аўтар едзе па зямлі, дзе ў царскія часы прыкладна трэцяя частка насельніцтва была габрэйскай. Сучасныя Літва і Беларусь лічыліся рысай аселасьці габрэяў. Потым, праз дэпапуляцыю, якую праводзілі падчас Другой усясьветнай вэрмахт ды СС – «зямлёй крыві». У канцы ХХ стагодзьдзя ў Беларусі да ваенных мэмарыялаў дадаліся ўсе жахі ядзернай катастрофы. Гэта зямля стала вялікім могільнікам для радыяактыўных адходаў.

Палітыкі і алігархі спрабуюць пры гэтым пісаць уласную гісторыю. Пасьля ядзернай аварыі на ЧАЭС зоны радыяактыўнага заражэньня называюцца «радыяцыйна-экалягічным запаведнікам». Біёляг, які водзіць нямецкага пісьменьніка па запаведніку, кажа, што ў тых, хто працуе, няма ніякіх праблем, яны рэгулярна правяраюцца. На пытаньне, а што адбудзецца, калі супрацоўнік папрацуе пры перавышаным узроўні, нямецкі госьць атрымлівае адказ: праца будзе прыпыненая, або чалавек можа быць увогуле звольнены.

Забруджаная радыяцыяй чарнобыльская зона – пятая частка тэрыторыі Беларусі.

Глыбокія траншэі праходзяць праз усе краіны. Яны – ад Другой усясьветнай, ад расколу паміж Усходам і Захадам, ад многіх прычынаў, зьвязаным зь мінулым і цяперашнім жыцьцём

У адказ на многія свае пытаньні Кермані атрымлівае ў лепшым выпадку маўчаньне, найчасьцей хлусьню. Людзі гатовыя гаварыць у выпадку, калі ім прапануюць умовы ананімнасьці. Інакш гэта небясьпечна для іх. Яны жывуць у сьвеце, дзе шмат злоўжываньня уладай, карупцыя, прыгнёт.

«Глыбокія траншэі праходзяць праз усе краіны. Яны – ад Другой усясьветнай, ад расколу паміж Усходам і Захадам, ад многіх прычынаў, зьвязаным зь мінулым і цяперашнім жыцьцём. Халодная вайна на ўсходзе Эўропы ня скончаная, а ў Данбасе дык яна і ўвогуле гарачая».

Кёльнскі літаратар піша пра ўбачаныя ім абломкі разбураных культур, пра сьляды старых і новых разбурэньняў. Найчасьцей ён сустракае людзей, разбураных знутры, бо яны павінны дзеля жыцьця і ратаваньня дому станавіцца па той ці другі бок.

«Я ня той, хто можа даць вялікі аналіз вайны. Я той, хто хоча проста пайсьці туды і паглядзець, што там адбываецца», — піша Кермані.