Navi, Ivan ці Napoli? Беларусы абяруць канкурсанта на «Эўравізію» ў жывым эфіры

Упершыню канкурсанта ад краіны абіраюць толькі паводле глядацкага галасаваньня. Сярод 10 песень толькі адна па-беларуску.

Увечары 22 студзеня пройдзе фінал нацыянальнага адбору на міжнародны сьпеўны конкурс «Эўравізія». Ранейшыя скандалы з нацыянальным адборам вымусілі зьмяніць фармат галасаваньня, у якім дагэтуль дамінавала прызначанае дзяржавай журы. Цяпер дэлегата на сьпеўны форум будуць абіраць па выніках глядацкага галасаваньня.

Сёлета канкурсанта абяруць у жывым эфіры. Пачатак фіналу — у 22:00 па менскім часе. Паглядзець выступы праз інтэрнэт можна на сайтах eurovision.tv і tvr.by, а таксама па тэлеканалах «Беларусь-1» і «Беларусь-24». Каб прагаласаваць за канкурсанта, трэба патэлефанаваць на нумар 8-810-101-05-06 ці дасылаць SMS на нумар 2883 з тэкстам, адпаведным нумару канкурсанта (напрыклад, каб прагаласаваць за першага — «01» без двукосься).

Парадак канкурсантаў такі:

01 — Аляксей Грос з англамоўнай песьняй Flame, які ўжо спрабаваў прабіцца на «Эўравізію» ад Беларусі, а нядаўна выступаў на кіеўскім конкурсе «Голос країни». Яго падтрымлівае прадусарскі цэнтар «Спамаш» кіраўніка «Амкадора», сэнатара Аляксандра Шакуціна.

02 — Салістка джаз-бэнду Apple Tea Саша Захарык з англамоўнай песьняй Glory Night. Саша спрабавала свае сілы на адборы на дзіцячую «Эўравізію» ў 2004-м, затым на дарослую ў 2007, 2009 і 2010 гадах.

03 — 18-гадовая сьпявачка, кампазытарка і піяністка Валерыя Садоўская зь песьняй Not Alone, якая нядаўна выступала з украінскамоўнай і расейскамоўнай песьнямі на ўкраінскім праекце «Голос країни-5».

04 — Пераможца праекту АНТ «Акадэмія талентаў» і адкрыцьцё году на дзяржаўнай «Песьні году-2013», гурт «Радиоволна» зь песьняй Radiovawe.

05 — Створаны адмыслова пад адбор музычны праект прадусара Максіма Алейнікава THE EM зь песьняй Turn Around.

06 — Адзіны беларускамоўны канкурсант, гурт NAVI зь песьняй «Гэта зямля», які напярэдадні конкурсу запусьціў акцыю «Я за беларускую мову на Эўравізіі». У час іх выступу ў Менску будзе таксама выступаць гурт Imagine Dragons, чый галоўны гіт канкурсанты нядаўна выканалі па-беларуску.

07 — Ivan, чыё сапраўднае імя — Аляксандар Іваноў, з англамоўнай Help You Fly на словы і музыку расейскага кампазытара Віктара Дробыша, якому Лукашэнка даў Ордэн Скарыны.

08 — Фіналістка адбору на Эўравізію-2014, музычны пэдагог гуртоў «Тяни-Толкай» і Cherry Lady Анастасія Малашкевіч зь песьняй Pray for Love.

09 — Тройчы канкурсант адбору на дзіцячую Эўравізію Кірыла Ермакоў з англамоўнай Running to the Sun.

10 — Гурт Napoli зь песьняй My Universe і новай вакалісткай Вольгай Шыманскай — ранейшы вакаліст Ільля Краўчук трагічна загінуў у 2014 годзе. Гурт спрабуе прабіцца на Эўравізію ад Беларусі трэці раз.

Мяркуючы па актыўнасьці ў сацсетках, напярэдадні фіналу найбольшую падтрымку слухачоў маюць Navi, Ivan ды Napoli, але на галасаваньне могуць моцна паўплываць самі выступы, якія будуць трансьлявацца жыўцом.