75 гадоў NATO ў гістарычных фатаздымках

На гэтым фота можна ўбачыць першае паседжаньне Паўночнаатлянтычнай рады ў верасьні 1949 году.

За месяц да гэтай сустрэчы ў Вашынгтоне набыла моц дамова, падпісаная Злучанымі Штатамі, Канадай, Вялікай Брытаніяй і дзевяцьцю іншымі эўрапейскімі краінамі, якая абвесьціла заснаваньне Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы.

Брытанскія жаўнеры падчас вучэньняў NATO ў кантраляваным Вялікай Брытаніяй сэктары Нямеччыны ў верасьні 1951.

На фоне росту напружанасьці ў стасунках са сталінскім Савецкім Саюзам краіны – удзельніцы NATO заявілі, што напад на аднаго сябра будзе разглядацца як напад на ўсіх. Гэтае палажэньне ўвайшло ў ключавы разьдзел дамовы NATO, вядомы як артыкул 5.

Нямецкія дзяўчаты назіраюць за брытанскім салдатам падчас вучэньняў NATO ў 1951 годзе.

Ідэя трансатлянтычнага вайсковага альянсу была сфармаваная пасьля Другой сусьветнай вайны, калі СССР, здавалася, быў гатовы пракласьці сабе шлях празь зьнясіленую Эўропу.

У 1948 годзе Крэмль падтрымаў камуністычны пераварот у Чэхаславаччыне і пачаў ціснуць на Нарвэгію, каб прымусіць яе заключыць пакт аб «ненападзеньні».


 

Часовая штаб-кватэра NATO ў Парыжы, сфатаграфаваная ў пачатку 1950-х гадоў.

Дырэктар у эўрапейскіх справах Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Джон Гікерсан у 1948 годзе заклікаў Злучаныя Штаты паказаць «канкрэтныя доказы рашучасьці Амэрыкі супрацьстаяць далейшаму камуністычнаму замаху» па ўсёй Эўропе.

«Гатоўнасьць змагацца за свабоду цесна зьвязаная зь сілай наяўнай дапамогі», — адзначыў дыплямат.

Непазначаны танк падчас сумесных вучэньняў на мяжы Францыі і Нямеччыны ў верасьні 1952.

NATO таксама разглядалася як спосаб абмежаваньня любога патэнцыйнага «адраджэньня нямецкага мілітарызму». Кароткае рэзюмэ мэтаў альянсу, якое прыпісваецца першаму генэральнаму сакратару NATO, палягала ў тым, каб «трымаць Савецкі Саюз звонку, амэрыканцаў унутры і немцаў унізе».


 

Канфэрэнцыя NATO ў Парыжы ў 1954 годзе.

Геаграфічны маркер NATO «Паўночная Атлянтыка» быў выбраны для таго, каб альянс мог заставацца адкрытым для новых сяброў, адначасова зьніжаючы цікавасьць з боку Лацінскай Амэрыкі і аддаленых краін, такіх як Аўстралія.

Канфэрэнцыя NATO ў Парыжы ў 1957 годзе. Перад сталом можна ўбачыць эмблему альянсу, прынятую ў 1953 годзе.

Сьцяг NATO мае цёмна-сіні колер, які сымбалізуе Атлянтычны акіян, з ружай компасу, што сымбалізуе кірунак да міру, і колам, якое сымбалізуе адзінства.

Генэральны сакратар NATO Манліё Брозіё (зьлева) і дзяржаўны сакратар ЗША Уільям Роджэрс назіраюць, як прэм’ер-міністар Ісьляндыі Б’ярні Бэнэдыктсан разразае торт з сымболікай NATO падчас святкаваньня 20-годзьдзя альянсу ў Вашынгтоне у 1969 годзе.

Міністар замежных спраў Савецкага Саюзу Эдуард Шэварднадзэ (у цэнтры) падчас візыту ў штаб-кватэру NATO ў Бэльгіі ў сьнежні 1989.

Пасьля падзеньня Бэрлінскай сьцяны ў лістападзе 1989 году здавалася, што камунізм у Эўропе адступае.

Генэральны сакратар NATO Манфрэд Вэрнэр ідзе па Краснай плошчы падчас візыту ў Маскву ў ліпені 1990

Насеньне новага расколу паміж Масквой і Захадам, відаць, было пасеяна, калі дзяржсакратар ЗША Джэймс Бэйкер заявіў савецкаму кіраўніцтву ў лютым 1990 году, што «калі Злучаныя Штаты захаваюць сваю прысутнасьць у Нямеччыне ў рамках NATO, ніводная цаля цяперашняй вайсковай юрысдыкцыі NATO не пашырыцца ва ўсходнім кірунку». Гэтая думка была паўтораная, хоць афіцыйна ніколі не ўзгаднялася, міністрам замежных спраў Нямеччыны Гансам-Дытрыхам Геншэрам.

Прэзыдэнт Чэхаславаччыны Вацлаў Гавэл (зьлева) падчас візыту ў штаб-кватэру NATO ў Бэльгіі ў сакавіку 1991

Зь перамогай у халоднай вайне пасьля 1991 году ўзьніклі экзыстэнцыяльныя пытаньні аб будучыні NATO. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш адзначыў, што для нованароджанага міру «рэальная небясьпека зыходзіла ад агульнага пачуцьця эўфарыі, што ўсё ідзе гладка».

 

Дасьледчае судна NATO «Альянс» падчас спуску на ваду ў 1986 годзе. Суднам кіравалі ВМС Італіі.

Калі «цэмент страху» абрынуўся ў 1990-х гадах, NATO правёў рэбрэндынг для эпохі, у якой «адзіная масавая і глябальная пагроза саступіла месца разнастайным і шматнакіраваным рызыкам».
 

F-16, які паразіў тры з чатырох сэрбскіх самалётаў, зьбітых над Босьніяй.

Першыя баявыя стрэлы з боку NATO прагучалі ў лютым 1994 году, калі амэрыканскія зьнішчальнікі зьбілі чатыры сэрбскія вайсковыя самалёты, якія бамбавалі басьнійскі завод падчас эскаляцыі канфліктаў на тэрыторыі былой Югаславіі.

Італьянскія салдаты вартуюць падазраваных у падпалах у Сараеве ў сакавіку 1996.

Дзясяткі тысяч вайскоўцаў NATO былі задзейнічаныя ў канфлікце ў Босьніі. З таго часу альянс прымяніў артыкул 5 супраць Афганістану пасьля тэрарыстычных нападаў 11 верасьня 2001 году і ўмяшаўся ў грамадзянскую вайну ў Лібіі.

Берагавая ахова ЗША рыхтуецца да высадкі на борт меркаванага пірацкага судна ў Адэнскім заліве ў траўні 2010.

NATO таксама брала ўдзел у апэрацыі для барацьбы зь пірацтвам ля берагоў Афрыкі з 2008-га па 2016 год.

Нямецкія войскі падчас вучэньняў NATO ў Літве ў 2024 годзе.

Сёньня ў NATO ўваходзяць 32 дзяржавы ў Эўропе і Паўночнай Амэрыцы. На фоне расейскага ўварваньня ва Ўкраіну асобныя сябры NATO паставілі Кіеву зброю на дзясяткі мільярдаў даляраў, але альянс непасрэдна ня ўмешваўся.

NATO назвала расейскае ўварваньне «брутальнай і несправакаванай агрэсіўнай вайной супраць Украіны» і паабяцала ў канчатковым выніку ўключыць Украіну ў альянс.
 

Архіўныя фатаздымкі паказваюць ўнутраную працу NATO і публічную дэманстрацыю сілы з моманту пачатку дзейнасьці ўстаноўчай дамовы вайсковага альянсу 24 жніўня 1949 году.