Актывістку аштрафавалі на 1050 рублёў за лёзунг «Жыве Беларусь» і бел-чырвона-белы сьцяг

Акцыя «Праспэкт нацыянальнага сьцяга» 19 верасьня

Суд Маскоўскага раёну Менску аштрафаваў 21 кастрычніка грамадзкую актывістку Натальлю Саматыю на 50 базавых велічынь (1050 рублёў) за ўдзел у акцыі «Праспэкт нацыянальнага сьцяга», паведамляе праваабарончы рэсурс spring96.org.

Актывістку абвінавацілі ў тым, што яна 19 верасьня ўдзельнічала ў пікеце на вуліцы Кастрычніцкай у Менску «з мэтай публічнага выказваньня сваіх адносін да 25-й гадавіны з дня наданьня «бел-чырвона-беламу» сьцягу і гербу «Пагоня» статусу дзяржаўных сымбаляў. Пры гэтым яна трымала ў руцэ «бел-чырвона-белы» сьцяг, выкрыквала лёзунг «Жыве Беларусь». Па выніках судовага паседжаньня Натальля Саматыя была прызнаная вінаватай у парушэньні ч. 3 арт. 23.34 КаАП (удзел у правядзеньні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства паўторна цягам аднаго году).

«Я не прызнала сябе вінаватай. Пацьвердзіла, што была на акцыі, бо зьяўляюся грамадзянкай Беларусі і жыхаркай Менску, нарадзілася і вырасла тут і лічу законным знаходзіцца ў любым месцы», — пракамэнтавала рашэньне суду Натальля Саматыя.