Сёньня на Майдане выступае «Крамбамбуля»

Лідэры трох апазыцыйных сілаў Арсень Яцанюк, Віталь Клічко і Алег Цягнібок абвясьцілі правядзеньне новага Народнага веча на майдане Незалежнасьці ў Кіеве, што павінна пачацца апоўдні (13:00 па менскім часе), і заклікалі грамадзянаў далучыцца.

Як гаворыцца ў сумеснай заяве трох палітычных сілаў, апублікаванай на іх сайтах, «Віктару Януковічу варта зноў нагадаць, што МЫ — Ёсьць».

«Мы, людзі, якія хочуць зьменаў, адчуваюць сябе грамадзянамі, а не рабамі, хочуць жыць, а не існаваць. Мы ўсе выйдзем на майдан Незалежнасьці ў 12:00 у нядзелю, каб паказаць, што нас — мільёны і ігнараваць нас ня варта» — заявілі апазыцыйныя лідэры.

«Уся краіна бачыла цынічнае інтэрвію прэзыдэнта Віктара Януковіча. Уся краіна чула цынічную справаздачу генпракурора Віктар Пшонкі. І ўся краіна зрабіла выснову, што яны жывуць у іншай дзяржаве — там, дзе няма праблем і коркаў, дзе ніхто ня мае ўласнага меркаваньня, а жорсткі разгон мірных дэманстрантаў з дубінкамі і арыштамі — гэта «нязначнае перавышэньне паўнамоцтваў» і «нэўтралізацыя купкі правакатараў» — так назвалі апазыцыянеры прычыны, якія прымушаюць іх склікаць дэманстрацыю.



Яны таксама абяцаюць на ёй канцэртную праграму: са сцэны на Майдане павінны выступаць гурты «Ролекс», «Крамбамбуля» (Беларусь), «Мотор’ролла», «KOZAKsystem», «Гайдамакі», а таксама выканаўцы Тарас Чубай, Марычка Бурмака, Ніна і Антаніна Мацвіенка, Арсен Мірзаян.