12 верасьня ў клюбе Re:Public адбыўся вялікі канцэрт удзельнікаў праекту «Re:Песьняры». Вядучыя беларускія музыкі сыгралі свае найлепшыя песьні і свае вэрсіі твораў славутага ансамблю, якому споўнілася 45 год. Радыё Свабода вяло жывую трансьляцыю.
Чатырохгадзінны праект распачаў Зьміцер Вайцюшкевіч з кампаніяй. Гэта быў першы афіцыйна дазволены выступ выканаўцы за апошнія некалькі год.
Кожны з выступоўцаў прадставіў трэк, падрыхтаваны для праекту «Re:Песьняры», а таксама сыграў абраныя творы з свайго рэпертуару.
Адмысловым госьцем імпрэзы стаў беларускі дзяржаўны ансамбаль «Песьняры», які падрыхтаваў да канцэрту дынамічны сэт з найлепшых гітоў за 45-гадовую гісторыю.
Вёў канцэрт лідэр гурта «Палац» Алег Хаменка.
Сьпявачка Анастасія Шпакоўская з гурту NAKA выканала знакамітую песьняроўскую «Малітву», але адзначыла, што аўтар музыкі ня даў згоду на ўключэньне гэтай песьні ў праект, таму песьня ў такой інтэрпрэтацыі выконваецца першы і апошні раз.
Радыё Свабода выдаліла відэа канцэрту і запіс выкананьня гуртом NAKA песьні «Малітва» на запыт кампазытара Алега Молчана. Радыё Свабода просіць прабачэньня ў музыканта за парушэньне яго аўтарскіх правоў.