4 жніўня адбыўся агульны сход акцыянэраў ЗАТ «БСБ Банк», падчас якога прынятыя кадравыя рашэньні. Як паведамляе банкаўскі сайт, старшынём праўленьня «БСБ Банк» прызначаны Сяргей Дубкоў, а кіраўніцай камітэту па рызыках — Надзея Ермакова.
Абодва прызначэнцы — колішнія кіраўнікі Нацыянальнага банку. Сяргей Дубкоў перайшоў на новую пасаду зь «Белінвэстбанку», а дагэтуль цягам больш за паўтара дзясятка гадоў працаваў у Нацыянальным банку, у тым ліку намесьнікам старшыні праўленьня.
Надзея Ермакова ў 2011 годзе была прызначана кіраўніцай Нацбанку і ўзначальвала яго да канца 2014-га. Датуль 15 гадоў працавала ў сыстэме «Беларусбанку», апошнім часам узначальвала назіральную раду «Банку БелВЭБ».
Сёлета ў чэрвені Нацыянальны банк адклікаў у «БСБ Банку» ліцэнзію на працу з дэпазытамі фізычных асобаў. Рашэньне прынятае «з улікам выяўленых падчас праверкі парушэньняў і недахопаў у дзейнасьці ўстановы». Неўзабаве пасьля гэтага трымальнікі зьнялі з рахункаў больш за 55 мільёнаў рублёў.
Незалежныя аўдытары папярэдзілі пра рызыку далейшага адтоку сродкаў з банку, уключна зь юрыдычнымі асобамі ды індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Неўзабаве пасьля гэтага былі прынятыя кадравыя рашэньні.
Паводле зьвестак на 1 ліпеня, «БСБ Банк» займаў 17-е месца ў банкаўскай сыстэме Беларусі паводле аб’ёму актываў: нарматыўны капітал перавышаў 56 мільёнаў рублёў.