4 лістапада у менскім сквэры імя Тараса Шаўчэнкі каля амбасады Ўкраіны прайшоў пікет супроць пабудовы ва Ўкраіне, непадалёк ад мяжы з Беларусьсю новага сховішча для ядзерных адкідаў, паведамляе БелаПАН.
У акцыі бралі ўдзел 5 актывістаў аргкамітэту Нацыянал-бальшавісцкай партыі Беларусі. Пікетоўцы трымалі ў руках лёзунгі «Хавайце свае адходы на Майдане» і «Украіна, не трэба паскудзіць нам пад плот».
Як паведаміў удзельнік пікету Васіль Кохтун акцыя была дазволеная Менгарвыканкамам, міліцыянты не перашкаджалі ўдзельнікам пікету, актывістаў не папярэджвалі пра неабходнасьць аплаціць паслугі камунальнікаў, а таксама за ахову і мэдычнае забесьпячэньне, як гэта раней здаралася з арганізатарамі дазволеных акцый апазыцыі.
Пра пляны пабудаваць непадалёк ад Чарнобыля магільнік для ядзерных адкідаў ва Ўкраіне заявілі яшчэ ў канцы мінулага дзесяцігодзьдзя.
Украінскія ўлады гарантуюць бясьпеку і запэўніваюць, што новае сховішча прызначаецца толькі для адкідаў Чарнобыльскай АЭС.