„Я нашую першую сустрэчу назаўсёды запамятаў!“ — скажа беларускі хлопец расейскай дзяўчыне камплімэнт і... атрымае ў адказ абурэньне. Працяг сэрыі картак пра міжмоўныя непаразуменьні.
Чытач прасіў быў патлумачыць, чаму тыя самыя словы ў роднасных мовах часам маюць непадобныя і нават процілеглыя значэньні. Хрэстаматыйны прыклад: беларускае чэрствы (хлеб) і чэскае čerstvý (chléb), г. зн. ‘сьвежы’.
Ёсьць такія пары і паміж беларускай і расейскай мовамі.
Што значыць запамятаць у сказе з Караткевіча, з „Каласоў пад сярпом тваім“?
„А ты, Франс, запамятай: што б ні здарылася, я ніколі ня стану страляць у цябе“.
Відавочна ж — ‘запомніць’. Антонім да расейскага запамятовать ‘забыцца’.
Словы з унікальнай гісторыяй
Але гісторыя словаў запомніць і запамята(ва)ць у беларускай мове ўнікальная. Яны супадалі значэньнем, а потым абодва мянялі яго на 180°. А бывала, што адно і тое слова адначасова мела два процілеглыя значэньні!
Вось жа ў старабеларускай мове, у эпоху ВКЛ, і запомніці азначала ‘забыцца’, і запамятаці ды запамятаваці значылі тое самае. Пра чалавека казалі запамяталы, калі ён быў ашалелы, утрапёны — сябе ня помніў, як бы мы цяпер сказалі.
То калі які сучасны хлопец на машыне часу трапіць у тую ВКЛаўскую мінуўшчыну, яму нельга памыліцца! Скажа дзяўчыне: „Я нашую першую сустрэчу назаўсёды запомніў / запамятаў!“ — і атрымае традыцыйнага гарбуза. (Падобна, толькі без гарбуза, будзе і ў сучасным міжмоўным беларуска-расейскім дыялёгу.)
Партыя Коласа супраць партыі Жылуновіча
Калі беларуская мова адрадзілася да новага жыцьця, у слоўніках, што ўклалі выбітныя лексыкографы Сьцяпан Некрашэвіч і Мікола Байкоў, і запомнены, і запамятаны яшчэ азначае 'забыты'. Згаданы вышэй запамяталы — ужо не такі страшны, як у эпоху ВКЛ, а ўсяго толькі ‘беспамятный, забывчивый’ па-расейску. Запамятаць, запамятаваць — ‘забыцца’. Так і ў тэкстах Цішкі Гартнага ці Платона Галавача.
Але зусім наадварот — у творах Якуба Коласа і Зьмітрака Бядулі, дзе гэтыя ж словы азначаюць 'замацаваць у памяці':
Пайшоў я на службу. Мяне багацей
Наняў пасьвіць пчолы на лета.
Заклікаў мяне ён і кажа: „Мацей,
Ты цьвёрда запамятай гэта:
Табе даручаю я сто адзін рой,
Пільнуй жа ты пчол маіх дбала.
На дзень іх два разы зьлічы і падой,
І каб ні адна не прапала!“
(Якуб Колас. „Даняў“)
Вось так у „партыі Коласа“ і „партыі Жылуновіча-Гартнага“ (умоўных, вядома ж!) адно і тое слова мела процілеглыя значэньні. Магчыма, прычына ў рознай дыялектнай аснове мовы пісьменьнікаў.
Мова самаўпарадкавалася
Але такая супярэчнасьць-недарэчнасьць доўга не магла існаваць у літаратурнай мове. Словы запамятáць і запáмятаваць разышліся. Замацавалася толькі адно значэньне для запомніць і запамятáць — ‘замацаваць у памяці’. Ужывалі і ўжываюць слова запамятáць (= запомніць) і Сымон Баранавых, і Янка Брыль, і Віктар Казько, і Ўладзімер Арлоў.
А слова запáмятаваць ‘забыцца’, якое тлумачальны слоўнік у 1978 годзе яшчэ пазначыў як „абласное“, у слоўніках 1996 і 2016 гадоў ужо няма. У расейскай жа літаратурнай мове дзеяслоў запамятовать ‘забыцца’ ёсьць, хоць лічыцца састарэлым і прастамоўным.
Як магло адно і тое слова пабываць само сабе антонімам? Думаю, вінаватая прыстаўка за-. Яна шматзначная: абазначае і закончанае дзеяньне (заклеіць), і пачатае (запяяць). Таму і было магчыма разумець за-памятаць дваяка: гэта і „закончыць памятаць“, і „пачаць“.
У расейскай мове аналягічна. Вось і атрымалася, што два падобныя словы ў дзьвюх роднасных мовах сталі антонімамі — воляю лёсу. (І акурат у гэтым моўным факце розьніца мэнталітэтаў ніяк не выяўляецца.)