На расейскім вайсковым аэрадроме Бельбек у Севастопалі ўспыхнуў буйны пажар. Пра гэта паведамляюць мясцовыя СМІ, тэлеграм-каналы і расейскія ўлады гораду.
«Гарыць аэрапорт Бельбека», — паведаміў тэлеграм-канал «ПП/Севастопаль». На апублікаваных ім відэа бачна клубы чорнага, густога дыму і наступствы новых выбухаў.
Прарасейскі блогер Аляксандр Таліпаў таксама апублікаваў відэа інцыдэнту. На ім бачна, што ў ахутаным дымам аэрапорце працягваюцца выбухі.
Відэа публікуюць і іншыя ўкраінскія і крымскія блогеры:
Расейскі кіраўнік Севастопаля Міхаіл Разважаеў назваў тое, што адбылося, «пазаштатнай сытуацыяй на аэрадроме Бельбек».
«Паводле інфармацыі ратавальнікаў пры пасадцы самалёт выкаціўся за межы ўзьлётна-пасадачнай паласы і загарэўся. Цяпер на месцы працуюць пажарныя разьлікі», — напісаў Разважаеў у сваім Telegram-канале.
Пазьней ён прызнаў, што ў аэрапорце «адбыўся частковы падрыў боекамплекту».
«Пілёт пасьпеў эвакуавацца. Пажар апэратыўна патушаны, аэрадром не пацярпеў», — сьцьвярджае Разважаеў.
Журналіст Bellingcat Арык Толер публікуе відэа меркаванай катастрофы самалёта:
- 9 жніўня стала вядома аб сэрыі выбухаў на вайсковым аэрадроме ў пасёлку Новафёдараўка ў Сакскім раёне анэксаванага Расеяй Крыму. 16 жніўня ў тым самым Крыме адбыліся выбухі на складах боепрыпасаў у Джанкойскім раёне.
- Міністэрства абароны Расеі называла тое, што здарылася ў Новафёдараўцы, «дэтанацыяй некалькіх авіяцыйных боепрыпасаў», а ў Джанкойскім раёне — «дывэрсіяй». Аб датычнасьці Кіева да нападаў не паведамлялася.
- Тым ня менш, 7 верасьня галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны прызнаў ракетныя ўдары ўкраінскіх вайскоўцаў па расейскіх вайсковых аб’ектах у Крыме ў жніўні 2022 году. Выданьне The New York Times са спасылкай на высокапастаўленага ўкраінскага чыноўніка паведаміла, што да выбухаў каля Джанкою ў Крыме было «датычнае элітнае ўкраінскае вайсковае падразьдзяленьне». Чыноўнік гаварыў на ўмовах ананімнасьці.