Заснавальнік беларускага парталу TUT.BY Юры Зісер падзяліўся ў сацыяльных сетках гісторыяй пра тое, як бортправадніца дзяржаўнага авіяперавозьніка «Белавія» не дазволіла сьпяваць у самалёце.
«Ляцелі мы з жонкай у Львоў, — напісаў Юры Зісер. — Сядзелі ў перадапошнім шэрагу разам з украінцамі, разгаварыліся. На пачатку пасадкі заспявалі ўкраінскую песьню — яны пачалі, мы падхапілі. Як чалавек, які пражыў ва Ўкраіне 27 гадоў, павінен сказаць, што калектыўнае сьпяваньне народных песень у „дальнабойным“ транспарце ёсьць звычайнай практыкай. Нам было добра, ды і сьпявалі мы ўчатырох нядрэнна і чыста, усе былі абсалютна цьвярозыя. Аднак праз увесь салён прыляцела бортправадніца — маўляў, мы парушаем грамадзкі парадак. І запатрабавала спыніць. Мы запярэчылі: ніхто з пасажыраў не пратэстуе, а пра тое, што ў самалёце нельга сьпяваць, нідзе не напісана. На жаль, не падзейнічала. Зьлёгку падпсавалі настрой і нікому не зрабілі лепш. Затое парадак, оrdnung».
У размове з карэспандэнтам Радыё Свабода Юры Зісер выказаў перакананьне, што каб гэта быў рэйс украінскі, ніякіх пытаньняў з боку ані пэрсаналу, ані пілётаў нават ня ўзьнікла б:
«Ва Ўкраіне дакладна такога не было б, наадварот, гэта вітаецца і падтрымліваецца. Усё дзяцінства, юнацтва, колькі там жыў, людзі заўсёды сьпявалі. Шчыра кажучы, у Беларусі некалі таксама шмат украінскіх песень было. Дык вось новыя знаёмыя ўкраінцы ў самалёце засьпявалі першымі — таксама невыпадкова, беларусы на такое не адважыліся б, мы з жонкай і самыя толькі падхапілі. Якраз у гэтым палягае культурная розьніца. Яно ні добра, ні дрэнна, проста розьніца ў культурах. Таму, падкрэсьлю, я нікога не абвінавачваю: у адных народаў так, у іншых — гэтак. Ёсьць свае плюсы і мінусы, каму што бліжэй. У Беларусі пануе культура абмежаваньняў, ва Ўкраіне — культура магчымасьцяў. Абедзьве культуры вартыя, маюць свае перавагі і недахопы».
Разьвіваючы думку, спадар Зісер удакладняе, што ў беларускім выпадку абраная народам і ўладай культура спрыяе парадку і стабільнасьці, ва ўкраінскім — разьвіцьцю і хаосу. І гэтыя дзьве ўзаемна супярэчныя мэты адначасова не дасяжныя.
«Розным нацыям уласьцівыя розныя культуры, — працягвае Юры Зісер. — Гэта не пытаньне нейчага сьвядомага выбару або рашэньне палітыкаў ці ўлады, а пытаньне нацыянальнай традыцыі. Які народ — такі і ўрад. Толькі потым ня трэба зьдзіўляцца слабой эканоміцы: эканоміка абмежаваньняў пасьпяховай быць ня можа. І сьпяваць у транспарце нельга, затое суцэльны парадак. Пытаньне ў тым, што каму бліжэй».
У канцы Юры Зісер нагадвае, што ў свой час скончыў кансэрваторыю, а ягоная жонка Юлія Чарняўская — неаднаразовая ляўрэатка конкурсаў аўтарскай песьні. А таму рэплікі крытыкаў пра «какафонію», якія зьявіліся ў абмеркаваньнях ягонага посту ў Фэйсбуку, рашуча адхіляе.