Пра сваю ідэю аднавіць сядзібу і стварыць пры ёй музэй уласьнік будынка Канстанцін Шуляк паведаміў падчас візыту нашчадкаў Дамейкі ў Жыбартоўшчыну.
«Мы б хацелі аднавіць, наколькі гэта магчыма», — сказаў Канстанцін Шуляк.
Жыбартоўшчына належала дзядзьку Дамейкі — таксама Ігнату. Будучы навуковец жыў тут у 1822–1823 гадах. Маючы 82 гады, Дамейка зноў прыехаў у Жыбартоўшчыну да дачкі і зяця, якія жылі ў маёнтку.
«Вельмі прыемна быць у месцы, дзе наш продак правёў шчасьлівыя гады ў сваім дзяцінстве, — сказала Пас Дамейка, Ігнатава праўнучка, падчас візыту ў Жыбартоўшчыну. — У сваіх успамінах ён пісаў: „Я вельмі шчасьлівы знаходзіцца тут. У тым самым пакоі, дзе я жыў дзіцем“».
Ён пражыў у Жыбартоўшчыне амаль чатыры гады, а потым вярнуўся ў Чылі.
«Мы яго лічым ня толькі героем Чылі, але і героем Беларусі», — сказаў Аляксандар Дубовік, старшыня Дзятлаўскага райвыканкаму.
Канстанцін Шуляк патлумачыў, што арганізуе на тэрыторыі маёнтку аграсядзібу. Найперш пабудуе гасьцявы дом, а потым возьмецца за аднаўленьне сядзібы Дамейкаў. Цяпер сядзіба ў аварыйным стане і патрабуе кансэрвацыі.
Таксама Канстанцін Шуляк плянуе адкрыць тут музэй. Ён будзе прысьвечаны гісторыі мясцовага краю, у тым ліку сямʼі Дамейкаў.
«Спадзяёмся, што праз колькі год вы ці вашы дзеці зможаце прыехаць сюды і прыпыніцца», — сказаў Канстанцін Шуляк.
Чацьвёра прамых нашчадкаў Ігната Дамейкі з Чылі, ЗША і Аўстраліі наведваюць на гэтым тыдні Беларусь. Яны ўжо пабывалі ў ў Мядзьвядцы, Жыбартоўшчыне, Дзятлаве, Шчучыне, Міры, Запольлі і іншых мясьцінах, зьвязаных з Ігнатам Дамейкам. Паездкі праходзяць у межах навуковай канфэрэнцыі, прымеркаванай да 215-й гадавіны народзінаў Дамейкі. Канфэрэнцыю праводзіць Нацыянальная акадэмія навук.
У Міністэрстве замежных спраў у панядзелак адбылася прэзэнтацыя беларускага перакладу кнігі пра Ігната Дамейку, якую напісала ягоная праўнучка Пас Дамейка.