На Бангалёр. Ініцыятары маршу «Мы не дармаеды» атрымалі дазвол на акцыю 15 сакавіка

Плошча Бангалёр у Менску

Дзяніс Садоўскі (БХД), Зьміцер Кучук (Партыя зялёных), Ірына Вештард (БСДП Грамада) сёньня мелі размову з прадстаўнікамі Менгарвыканкаму, менскай міліцыі і пракуратуры.

За пяць дзён да пачатку маршу «Мы не дармаеды» заяўнікам далі дазвол на шэсьце і мітынг на плошчы Бангалёр у Менску. Збор а 17.30 дазволены на пляцоўцы каля кінатрэатра «Кастрычнік», адкуль пройдзе шэсьце на плошчу Бангалёр.

На месцы збору пляцоўка аграроджвацца ня будзе, сказалі прадстаўнікі ўладаў.

Заяўнікі незадаволеныя і перакананыя, што такім маршрутам людзі ня пойдуць. Што рабіць далей, будуць дамаўляцца на аргкамітэце акцыі, сказаў Свабодзе Зьміцер Кучук.

Зьміцер Кучук і Анатоль Лябедзька падчас паседжаньня аргкамітэту кампаніі "Мы не дармаеды"

"Акцыю дазволілі ў наступным фармаце: збор а 17.30 каля кінатэатра "Кастрычнік", затым шэсьце на плошчу Бангалёр. Мы сказалі, што ня згодны з такім рашэньнем. Мэтазгодней ісьці на Кастрычніцкую плошчу, тым больш што тыдзень таму там праводзілі масавае мерапрыемства ў гонар 100-годзьдзя беларускай міліцыі. Улады не дазволілі ісьці ў цэнтр гораду. Мы нясем адказнасьць за тое, што заявілі, але не нясем адказнасьці за тое, куды вырашаць ісьці ўдзельнікі шэсьця. Канчаткова будзе вырашаць аргкамітэт кампаніі "Мы не дармаеды", але я думаю, што на Бангалёр мы ня пойдзем", - сказаў Зьміцер Кучук.

«Будзе радыкалізацыя сытуацыі, ажно да патрабаваньня адстаўкі Лукашэнкі», — аргкамітэт маршаў «Мы не дармаеды»