МВФ можа дапамагчы Беларусі, калі будуць рэформы

Кіраўнік місіі МВФ, якая працавала ў Менску з 5 па 16 сакавіка, заявіў пра магчымасьць новай праграмы супрацоўніцтва фонда зь Беларусьсю. Але пры пэўнай умове.

Кіраўнік місіі МВФ Дэвід Гофман пасьля сустрэч зь беларускімі ўладамі заявіў:

«Улады павiнны распрацаваць і рэалізаваць амбітную праграму структурных рэформаў. Калі ўлады прадэманструюць гатоўнасьць правесьці гэтыя рэформы, то МВФ гатовы пачаць працу над новай праграмай».

Галоўныя з патрабаваньняў: цалкам свабодны курс нацыянальнай валюты, адмова ад падвышэньня заробкаў у намінальным выражэньні, адмена абмежаваньняў па цэнах, падвышэньне цэнаў на жыльлёва-камунальныя паслугі і транспарт да поўнай ліквідацыі субсыдыяваньня, прыватызацыя, скарачэньне дырэктыўнага крэдытаваньня.

Намесьнік міністра фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч на пачатку сакавіка заявіў, што Беларусь разьлічвае на перамовы пра новы крэдыт МВФ. Ён таксама паведаміў, што новая праграма супрацоўніцтва Беларусі зь Міжнародным валютным фондам ужо гатовая.