Дыктатар Мугабэ, які правіць Зымбабвэ ўжо 38 гадоў, зноў сабраўся ў прэзыдэнты. Хто зь ім у адной кампаніі?

Робэрт Мугабэ, архіўнае фота

Нязьменнага з 1980 году прэзыдэнта Зымбабвэ Робэрта Мугабэ кіроўная партыя зноў вылучыла кандыдатам на пасаду кіраўніка гэтай паўднёваафрыканскай краіны.

Прэзыдэнцкія выбары ў Зымбабвэ мусяць прайсьці ў 2018 годзе. Робэрту Мугабэ ўжо 92 гады. Сам ён заявіў, што адчувае сілы для кіраваньня краінай яшчэ на адзін прэзыдэнцкі тэрмін, і заклікаў аднапараптыйцаў спыніць фракцыйную барацьбу за вылучэньне іншых кандыдатаў на прэзыдэнта. «Мы ведаем пра існаваньне розных меркаваньняў, якія дамовіліся спыніць», — сказаў Робэрт Мугабэ.

Хто яшчэ ўваходзіць у групу доўгажыхароў пры ўладзе?

Нурсултан Назарбаеў правіць амаль 30 гадоў

Нурсултан Назарбаеў

Фактычна з 1989 году кіруе Казахстанам Нурсултан Назарбаеў. Спачатку — як 1-шы сакратар Кампартыі гэтай рэспублікі ў складзе СССР, з 1991 году — як нязьменны прэзыдэнт незалежнага Казахстану.

Нурсултану Назарбаеву ўжо 76 гадоў. У 2015 на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах, дарэчы, датэрміновых, за абраньне Назарбаева кіраўніком краіны было пададзена 97% галасоў выбарцаў, паведаміла мясцовая ЦВК. Незалежныя назіральнікі казалі пра фальшаваньні і маніпуляцыі.

Аляксандар Лукашэнка пры ўладзе 22 гады

Таксама адзіны ў сучаснай гісторыі сваёй краіны прэзыдэнт, Аляксандар Лукашэнка, прыйшоў да ўлады ў Беларусі ў выніку выбараў 1994 году, якія ў сьвеце прызнаваліся дастаткова дэмакратычнымі. Чаго міжнародныя назіральнікі не казалі пра ўсе наступныя выбары, уключна з апошнімі, у 2015 годзе. Падчас першага прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандар Лукашэнка дамогся зьменаў у Канстытуцыю, якія значна пашырылі ягоныя прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. Аляксандру Лукашэнку 62 гады.

Уладзімер Пуцін: два прэзыдэнцтвы плюс прэм’ерства — агулам 16 гадоў

Дзейны прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін таксама ўваходзіць у групу доўгажыхароў пры ўладзе, хаця тэрмін ягонага кіраваньня Расеяй можа лічыць па-рознаму. Уладзімер Пуцін пачаў выконваць абавязкі прэзыдэнта Расеі ў апошні дзень 1999 году пасьля раптоўнай адстаўкі першага прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына. Праз 5 месяцаў быў абраны прэзыдэнтам і займаў гэтую пасаду да траўня 2008 году. З 2008 па 2012 год быў прэм’ер-міністрам ураду пры прэзыдэнту Дзьмітрыю Мядзьведзеву, але шмат хто зь незалежных назіральнікаў лічыць, што асноўная ўлада ў краіне заставалася ў руках Пуціна і ў гэты пэрыяд. У 2012 годзе зноў быў абраны прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі. За час другога прэзыдэнцтва Пуціна Расеяй быў захоплены Крым, распачаты ваенны канфлікт з Украінай на Данбасе, узброеныя часткі і флёт уцягнуліся ў грамадзянскую вайну ў Сырыі. Прэзыдэнту РФ Уладзімеру Пуціну 64 гады.

Башар Асад правіць Сырыяй ужо 18 гадоў

Прэзыдэнтам Сырыі Башар Асад стаў у 2000 годзе пасьля сьмерці свайго бацькі, дыктатара Хафэза Асада. На сваіх першых і другіх прэзыдэнцкіх выбарах Башар Асад быў фактычна прызначаны на пасаду прэзыдэнта, бо выбары праходзілі на безальтэрнатыўнай аснове. На трэціх выбарах, у 2014 годзе, за Башара Асада, паводле афіцыйных дадзеных, было пададзена больш за 88% галасоў выбарцаў, але выбары праходзілі ва ўмовах грамадзянскай вайны і байкатаваліся апазыцыяй, якая патрабавала адстаўкі Асада. Больш за 4 гады ў Сырыі працягваецца грамадзянская вайна, ахвярамі якой, паводле незалежных крыніц, сталі больш за 100 тысяч сырыйцаў, больш за 2 мільёны грамадзянаў мусілі ўцячы з краіны. Адным з саюзьнікаў рэжыму ёсьць Расея. Башару Асаду 51 год, ягоны бацька Хафэз Асад прыйшоў да ўлады ў выніку вайсковага перавароту і кіраваў Сырыяй з 1971 да 2000 году.

Эмамалі Рахмон на пасадзе прэзыдэнта, як і Лукашэнка, 22 гады, але правіць больш

Першы і адзіны прэзыдэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон быў абраны на пасаду ў 1994 годзе ў выніку выбараў, не прызнаных апазыцыяй, бо ў краіне тады фактычна ішла грамадзянская вайна. Але да таго Рахмон ужо фактычна кіраваў большай часткай Таджыкістану, займаючы з 1992 году пасаду старшыні Вярхоўнага савету. Наступныя прэзыдэнцкія выбары ўмацоўвалі асабістую ўладу Рахмона і павялічвалі колькасьць галасоў, пададзеных за першага прэзыдэнта, давёўшы іх на апошніх выбарах у 2013 годзе да 83%. Сёлета ў траўні ў Таджыкістане прайшоў канстытуцыйны рэфэрэндум, які зьняў абмежаваньне ў колькасьці тэрмінаў прэзыдэнцтва, а таксама зьнізіў да 30 гадоў узроставы цэнз для кандыдата на прэзыдэнта. Пасьля гэтага незалежныя назіральнікі загаварылі пра пагрозу ўсталяваньня ў Таджыкістане насьледнай манархічнай улады. Эмамалі Рахмону ў кастрычніку 2016 году споўнілася 64 гады.