Колькі было беларускае мовы ў войсках ды прапагандзе пераможцаў 2-й Усясьветнай вайны?
Сьцісла
- Цяперашні афіцыйны Менск перамогу над нацызмам адзначае па-расейску. Але беларуская мова прысутнічала ў лягеры пераможцаў.
- Нацыянальныя вайсковыя злучэньні ў БССР спынілі існаваньне ў 1938. У Чырвонай арміі і ў Польскай арміі Андэрса, у якіх служылі беларусы, беларускае мовы не было.
- Аднак па-беларуску вялася савецкая прапаганда для насельніцтва акупаванай немцамі Беларусі праз шматнакладовыя газэты, сатырычныя плякаты, радыё.
- Шмат падпольных і партызанскіх выданьняў у Беларусі выходзіла па-беларуску і зьвярталася да тэмы беларускай ідэнтычнасьці. Беларускую мову папоўнілі выслоўямі і прыказкамі найперш публіцыстычныя і сатырычныя тэксты: раздавім фашысцкую гадзіну; шалёнага пса на ланцуг; за няволю, за кайданы.
- Па-беларуску публікаваліся і выданьні, што выходзілі з дазволу нямецкай улады. Але кпінаў ці стыгматызацыі на моўнай глебе (накшталт „эти свядомые“) тагачасная савецкая прапаганда не практыкавала.
Тэмы службы беларусаў у Чырвонай арміі, савецкага падпольнага друку ў Беларусі ваеннага часу і г. д. асьветленыя вельмі шырока, аднак іх моўны аспэкт не апісаны сыстэмна. А ў ім нямала павучальнага. Толькі пра мову, sine ira et studio.
Беларусы, ваюйце, але безь беларускае мовы
У савецкіх вайсковых структурах беларускае мовы як службовай у пачатку вайны быць ужо не магло, бо тэрытарыяльныя адзінкі Чырвонай арміі, якія ў СССР стваралі з 1923 году (гэта, напрыклад, дзьве Беларускія стралковыя дывізіі), да 1938 году згарнулі, як і многае іншае, што небясьпечна мацавала адчуваньне сувэрэнітэту ў нерасейскіх „рэспубліках“.
І цягам вайны да стварэньня беларускіх вайсковых адзінак у складзе Чырвонай арміі не дайшло, а дакляраваны ў сакавіку 1944 году народны камісарыят (міністэрства) абароны БССР так і застаўся дэклярацыяй, магчыма, для дэманстрацыі сувэрэнітэту „рэспублікі“ перад стварэньнем ААН. Больш як мільён беларусаў у Чырвонай арміі мусілі карыстацца расейскаю моваю, зьберагаючы родную мову ў душы, а хто надзелены талентам — ствараючы мастацкія тэксты. Гэта празь беларускую ваенную прозу замацаваліся мілітарныя русізмы — „смірна“ і падобныя.
Беларусы ў антыгітлераўскай кааліцыі ваявалі ня толькі ў складзе Чырвонай арміі. Шмат беларусаў было ў 2-м Польскім корпусе (арміі Андэрса), яны ўдзельнічалі ў бітве пад Монтэ-Касына, сярод іх — нямала людзей адукаваных і моўна сьведамых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вэтэраны, ад якіх Беларусь адмовілася. 75 гадоў таму адбылася бітва пад Монтэ-КасынаАднак і там асобная беларуская адзінка не была створана. Часам носьбітаў беларускае мовы за яе высьмейвалі (у Савецкай арміі таксама так бывала, але ці падчас вайны — ня маю сьведчаньняў). Як піша дасьледнік тэмы Ю. Грыбоўскі, і праваслаўныя капэляны пры корпусе служылі па-польску, і малітоўнік па-беларуску адмовіліся выдаваць, бо „беларусы дастаткова спалянізаваныя“.
Гаворыць Масква
Але ў савецкай інфармацыйна-прапагандысцкай дзейнасьці, адрасаванай насельніцтву акупаваных немцамі тэрыторыяў, беларуская мова заняла месца адразу. Нават у расейскамоўных „цэнтральных“ газэтах здараліся публікацыі па-беларуску: 24 чэрвеня 1941 году „Правда“ надрукавала публіцыстычны верш „Шалёнага пса — на ланцуг!“ Якуба Коласа.
Штабы арміяў выпускалі газэты на розных мовах найперш для салдатаў, якія слаба ведалі расейскую. Аднак беларускамоўныя газэты палітычных упраўленьняў Заходняга і Калінінскага франтоў, што пачалі выходзіць зь ліпеня 1941 году, прызначаліся найперш не салдатам-беларусам, а насельніцтву акупаваных тэрыторыяў. Рэдактарамі выданьняў „За Совецкую Беларусь“ і „За свабодную Беларусь“ былі М. Лынькоў і І. Гурскі, іх друкавалі сотнямі тысячаў асобнікаў і мелі на мэце закідваць за лінію фронту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Богдан, Дубавец, Шпарага: Другая ўсясьветная вайна — наша ці чужая?У 1942 годзе газэты перадалі камуністычнаму кіраўніцтву БССР, якое раней выпускала газэту „Совецкая Беларусь“ і пад яе назвай аб’яднала ўсе тры выданьні. Друкавалі яе поруч з сатырычнымі каляровымі газэтамі-плякатамі „Раздавім фашысцкую гадзіну“ і „Партызанская дубінка“. „Раздавім…“ (супрацоўнікаў рэдакцыі звалі „раздавілаўцы“) спачатку выходзіла па-расейску, але з 1942 году выданьне пераключылі на беларускую мову.
З Масквы працаваў яшчэ адзін важны сродак савецкай прапаганды на беларускай мове — радыёстанцыя „Совецкая Беларусь“ (з 1 студзеня 1942 году), на хвалі якой, акрамя іншага, надыктоўвалі матэрыялы для падпольнага друку. Колішні дыктар гэтага радыё і літаратар Уладзімер Юрэвіч засьведчыў, што аднаўленьне „бальшавіцкага вяшчаньня на беларускай мове“ было адказам ЦК КП(б)Б на перадачы „так званай краёвай радыёстанцыі беларускага генэральнага камісарыяту“ ў Менску (стэнаграма запісу 1975 г., публікацыя В. Шэіна). „Над кожнай зводкай (у той час вяшчаньне вялося больш як на шасьцідзесяці мовах з Масквы) працаваў Камінтэрн“, — зазначае Юрэвіч, г. зн. беларускамоўныя праграмы былі складоваю часткаю гіганцкай прапагандыскай машыны. Пачыналіся перадачы з Масквы зваротам „Слухай нас, беларускі народ, слухай нас, родная беларуская зямля, гаворыць радыёстанцыя «Совецкая Беларусь»“.
У буйных сродках прапаганды, на якія ішлі вялікія матэрыяльныя рэсурсы (друк, дастава адрасатам, радыётрансьляцыя) працавалі або супрацоўнічалі зь імі прафэсійныя літаратары — Янка Купала, Якуб Колас, Пімен Панчанка, Кузьма Чорны, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Кандрат Крапіва, Пятрусь Броўка, Эдзі Агняцьвет, Пятро Глебка, — і рэдактары. Таму якасьць мовы там даволі высокая. Літаратурныя вартасьці тэкстаў няроўныя, бо абумоўленыя эпохай і жанрам, але некаторыя зь іх беларускую мову ў пэўным сэмантычным сэгмэнце фразэалёгіі, парэміялёгіі, культурных цытатаў узбагацілі: „шалёнага пса на ланцуг“ (Якуб Колас), „за няволю, за кайданы“ (Янка Купала), „паганую траву з поля вон“ (Пімен Панчанка).
Такім чынам, аналітыкі камуністычнай партыі і палітычных органаў арміі ведалі: каб у складаны, зь няяснай пэрспэктывай гістарычны момант здабыць давер у беларусаў, трэба зьвяртацца да іх па-беларуску. А як выглядала моўная палітыка на месцы, у партызанцы і падпольлі?
Па-свойску, каб паверылі
Бальшыню структураў партызанскага руху ў Беларусі кантралявала Масква праз камітэты камуністычнай партыі, дый пачыналі партызанку пераважна нетутэйшыя — акружэнцы і закінутыя з-за фронту агенты. Аднак Юры Туронак заўважае, што зь цягам часу вырасла доля беларусаў у складзе партызанскага падпольля — на лета 1943 году іх было 65,2%.
Тым ня менш унутраная дакумэнтацыя партызанскіх аддзелаў, лісткі ўліку кадраў, ліставаньне з тым бокам фронту, рукапісныя насьценгазэты і падобнае — па-расейску. Хоць этнічныя беларусы гаварылі міжсобку, на мясцовых гаворках, што і прабівалася ў тэксты ў выглядзе беларусізмаў (напр. „бойцы горят жаданнем“ — знайшоў У. Петрусевіч у дакумэнтах партызанаў Віцебшчыны). Хіба што прысягі партызана бывалі ў дзьвюх моўных вэрсіях. Але для прапаганды, скіраванай на звычайных жыхароў, тут жа ўзьнікала патрэба ў беларускай мове.
У партызанскіх аддзелах і брыгадах Беларусі выпускалі спачатку рукапісныя і машынапісныя, а ўрэшце і друкаваныя пэрыёдыкі. Тэхніку або закідвалі з-за фронту, або яны самыя здабывалі яе ў падуладных немцам установах. Паводле розных падлікаў, на тэрыторыі Беларусі выходзіла 163 такія газэты/бюлетэні і 80 часопісаў (В. Адамовіч); паводле БелСЭ, на канец 1943 году выходзіла 140 найменьняў, зь якіх 65 па-беларуску, г. зн. амаль палова.
У Менскай вобласьці выходзіла 34 падпольныя газэты, у тым ліку „Звязда“ і „Чырвоная змена“ і яшчэ 10 — па-беларуску, г, зн. трэць. (Гісторыя падпольнай „Звязды“ ў Менску 1942 году трагічная.)
У падручніку гісторыі беларускай журналістыкі (ч. 3, 2009) Алег Слука спрабаваў патлумачыць шырокую прысутнасьць беларускае мовы ў той друкаванай прадукцыі:
“…Усе новаствораныя газеты, нават франтавыя, друкаваліся на беларускай мове. Цікавы факт вяртання да нацыянальных каштоўнасцей напрамую звязаны з вырашэннем галоўнай задачы — перамогі над фашызмам. Трэба адзначыць, што пераход друку на нацыянальныя мовы стаў у час вайны агульнаеўрапейскай тэндэнцыяй. Антыфашысцкі рух быў спачатку нацыянальным, а затым уліваўся ў інтэрнацыянальны фронт Камінтэрна“.
Але няясна, што ж тут маецца на ўвазе пад моўным інтэрнацыяналізмам — ці не расейская мова? У кожным разе на гэтую тэму ідзе палеміка. Аўтарка дасьледаваньня „Книга и чтение в жизни партизан Беларуси“ (2011) С. Паўлава:
“Пэўныя газэты выходзілі на беларускай, частка — на расейскай мове. Пэўныя газэты былі „зьмешанымі”… Гэта, як правіла, вызначалася наяўнасьцю ў выдаўцоў неабходных шрыфтоў… Для партызанаў і насельніцтва гэта ня мела асаблівага значэньня, былі важныя сам факт выхаду выданьня і яго зьмест“.
Ня шрыфт вызначаў мову
Але ня ўсё так проста, і некарэктна пераносіць цяперашняе афіцыйнае ўяўленьне пра іманэнтнае „двумоўе“ беларусаў у іншую эпоху. Мову выданьня ўсё ж вызначалі не тэхнічныя варункі.
Вось у Бегамлі да вайны выходзіла раённая газэта „Калгасны змагар“ (sic!), потым „Совецкі патрыёт“ па-беларуску. Друкарскую тэхніку прыхавалі, у падпольлі газэту аднавілі, але па-расейску. (Наборную касу яўна дапаўнялі літарай Щ іншай гарнітуры.) Дый зьмест газэты спэцыфічны: у рубрыцы „Из героического прошлого русского народа“ расказваюць, як „император французов пытался поработить русский народ, нашу Родину“. Відаць, тут і на мову, і на зьмест нехта паўплываў ідэалягічна і сыстэмна.
Відаць, нямала залежала ад таго, хто менавіта ўзначальваў мяцовую ідэалягічна-прапагандысцкую працу. І нярэдка выбар мовы выданьня карэлюе з ідэнтычнасьцю, якую яно ўмацоўвае ў чытачоў. Невыпадкова для Заходняй Беларусі прызначаліся дзьве падпольныя абласныя газэты (а менавіта для Берасьцейскай і Беластоцкай абласьцей) і некалькі моладзевых газэт выключна па-расейску.
Быў, відаць, і такі чыньнік выбару мовы. У Слуцку выходзіла дазволеная немцамі „Газэта Случчыны“ — па-беларуску. Ёй процістаяла — па-беларуску ж — выданьне „Народны мсцівец“.
А вось у Бабруйскай друкарні выдаваўся „Новый путь“ — і падпольны „Бобруйский партизан“ таксама быў па-расейску. Прычым першы пісаў: „Партизаны убивают простых русских людей“. А „Бобруйский партизан“ адказваў: „Полицейские и прочие предатели перестали быть русскими людьми“ (13 чэрвеня 1943 г.).
Партызан Язэп і лейтэнант Іосіф
У такіх выданьнях асноўнае месца займалі матэрыялы з-за лініі фронту: начытаныя праз радыё загады Сталіна, інфармацыйныя і прапагандысцкія матэрыялы. Мясцовыя навіны складаліся з апісаньняў зьверстваў акупантаў, контрагітацыі, хронікі баявых дзеяньняў партызанаў. Іхных прозьвішчаў не называлі, толькі імёны з ініцыялам.
І вось як падаюць у газэце „Народны мсцівец“ (орган „Окцябрскага“ РК КП(б)Б, гэта гістарычная Рудобельшчына) тыя імёны:
“Пры выкананні задання адзначыліся т.т. Ціхан Л., Саўка К., Сцяпан К., Рыгор Я., Язэп К., Лявон М., Аркадзя Б. і другія. Праз некаторы час група байцоў пад камандай Аркадзі К. І Васіля Г. абстраляла 2 воінскіх эшалоны“ (21 чэрвеня 1943. № 15 (36)).
Фігуруюць і падрыўнікі Мікола Ч. і Кастусь Б. Імёны ў падкрэсьлена народна-нацыянальнай форме (у тым ліку Аркадзя — мужчынскае імя!). Язэп К. згадваецца бяз званьня, а ў суседняй нататцы зь ім кантрастуе лейтэнант тав. Іосіф Г., яўна нетутэйшы.
Жыгала Брыля
Мова выданьняў была пераважна канцылярскай, скалькаванай і штампаванай. Стыль няхітры: „Забіць немца — святы абавязак кожнага патрыёта“ („Большэвік Палесся“, Мазыр). “Выконваючы рашэнні пятага пленума ЦК КП(б)Б, падрыўная група атрада тав. А. пад камандай Васіля С. парвала 200 метраў чыгуначнага палатна…“ (згаданы „Народны мсцівец“).
З аднаго боку, мноства русізмаў (у „Мсціўцы“ — пяхотнае аружжа, гаручае, разіць, ізвергі, знаходзіўшыеся на аэрадромах, скапленні эшалонаў; клюква, чэлюсць, уходзьце ў лясы — гэта пінская „Палеская праўда“), г. зн. нават ня надта валодаючы беларускаю моваю, усё адно яе трымаліся.
А з другога боку — такія сакавітыя натуральныя варыянты словаў, як войстрая сякера (“Большэвік Палесся“, Мазыр). Або назва газэты „Партызанскае жыгала“ — гэта зусім ня gigolo, а джала (Стаўпецкі р-н, Налібацкая пушча, рэдактар Янка Брыль). Наагул жывейшая і больш натуральная мова ў сатырычных выданьнях і рубрыках, калі тэксты для іх не перакладалі з расейскай, а пісалі самыя тутэйшыя аўтары. Рука майстра слова ў „Жыгале“ адчуваецца адразу: Злучыліся ў бары наш бунт, і гнеў, і гора. Або падзагалоўкі Далі Гітлеру ў зубы і перабілі ўсе рахубы. Гітлер скавыча — Гэбэльс падвывае.
Пэўны ўзровень задавалі перакінутыя з-за фронту агітацыйна-сатырычныя „Раздавім фашысцкую гадзіну“ і „Партызанская дубінка”: Мы на гэта скажам гаду: грозен рак, ды вочы ззаду! (“Біблія людаеда“. РФГ № 31, люты 1942 году, аўтар К. Крапіва).
Дзьве слуцкія кнігі: мова паабапал падзелу
Зборнік вершаў Анатоля Астрэйкі „Слуцкі пояс“ (1943 год, рэд. Мікалай Дастанка, ён жа рэдактар мясцовага „Народнага мсціўца“ друкавалі на востраве Горным у Загальскіх балотах Случчыны. Астрэйка быў пры выданьні прысутны: яго, „раздавілаўца“, закінулі з Масквы за лінію фронту.
Яшчэ адна кніга — таксама па-беларуску, таксама слуцкая, паэтычная, выдадзеная ў 1943 годзе, але легальна — зборнік „Песьняры Случчыны“ зь вершамі Ўладзімера Клішэвіча, Лявона Случчаніна, Янкі Золака, Арыстарха Крата, Васіля Блакітнага, Леаніда Гая, Базыля Явара. Рэдактар зборніка Ўл. Клішэвіч быў пэўны час і рэдактарам „Газэты Случчыны“. Ня ведаю, каторая кніга выйшла раней і ці нейкая зь іх была паэтычным адказам на другую.
У „Мсціўцы“ „Газэту Случчыны“ называлі „анучай“ і “фашысцкім падбрэхічам“. Пры палярным процістаяньні такая лексыка непазьбежная. Але ў прапагандысцкіх тэкстах тагачаснага камуністычнага друку, пры ўсёй іх зацятасьці і расчалавечваньні праціўніка, я амаль не натрапіў на абразы ці ярлыкі паводле моўнай прыкметы накшталт цяперашніх „эти свядомые“. Тутэйшыя людзі па абодва бакі гаварылі і пісалі ўсё ж на адной мове…
Зрэшты, адзін прыклад ёсьць. Улётка з агітацыяй супраць мабілізацыі ў БКА выкрывае „мобилизацию всего мужского населения с 1908 по 1924 год рождения, якобы для защиты „батьковщины“ от „бандитов“, а на самом деле для защиты немцев“. Імітуе плякат ад імя БЦР. Таму шапка і подпіс улёткі — па-беларуску, „каб адцягнуць увагу немцаў“ — цытую А. Дзядзюлю з сучаснай „Звязды“. Радкі па-беларуску — з памылкамі: Прэзыдент, Центральнай. А ўласна агітацыйны тэкст па-расейску. Выданьне Менскага гарадзкога камітэту КП(б)Б. Відаць, расейскамоўныя аўтары ня ведалі, што слова „бацькаўшчына“ ня ёсьць манаполіяй іхных супаратаў. Зваротам „Браты і сёстры, людзі роднай Бацькаўшчыны!“ пачынаўся так званы беларускі радыёмітынг 18 студзеня 1942 году, які трансьляваўся з Масквы.
Знакавыя словы
За час вайны адбылася пэўная эвалюцыя загалоўкаў і заклікаў прынамсі ў прасавецкіх выданьнях па-беларуску на тэрыторыі Беларусі. Стала менш прыметнікаў „савецкі“, „камуністычны“, здаецца, амаль зьнік выраз „савецкія людзі“, звароты адрасавалі „беларусам“ і „беларускаму народу“. Зрэшты, ужо ў пачатку вайны акцэнт у тэкстах, адрасаваных беларусам, рабіўся на беларускую тоеснасьць. Тэкст, падпісаны Янкам Купалам, у маскоўскіх „Известиях“ ад 11 ліпеня 1941 году названы „Поднялась Белорусь“ — такая форма назвы краіны ў расейскамоўным выданьні, відавочна, ухваленая рэдактарамі як жэст сымпатыі. Газэта палітупраўленьня фронту „За свабодную Беларусь“ адкрывалася заклікам „Да зброі, беларускі народ!“ і зваротам „Браты беларусы!“.
Пра сувязь мовы выданьняў і акцэнту на беларускую ці расейскую ідэнтычнасьць чытачоў я згадваў. Больш спрактыкаваныя аўтары разьмяжоўвалі паняцьці „рускі“ (пры гэтым дэманструючы да яго ляяльнасьць) і „беларускі”:
Навайстру я шаблю рускую,
Натачу.
На зямлю на беларускую
Палячу.
(Анатоль Астрэйка, „Раздавім фашысцкую гадзіну“ № 31, люты 1942).
Даволі пасьлядоўна беларускія літаратары ў савецкіх выданьнях акцэнтавалі імя Каліноўскага, але асьцярожна, падганяючы вобраз пад цэнзурныя каноны. У згаданым тэксьце „Паднялася Беларусь“ „паравозікам“ для Каліноўскага служыць… Сувораў: „Патомкі вялікіх салдат Суворава, патомкі народных палкоў Хмяльніцкага, патомкі бясстрашных паўстанцаў Каліноўскага, абараняйце сваю зямлю, змагайцеся так, як змагаліся вашы продкі, ніякай літаьсці ворагу!“. Пятрусь Броўка ў 1943 годзе піша верш „Прыдзе Каліноўскі“ — калгасны трактарыст і партызан.
Сучасная прапаганда і праўда
Падсумую. Будучыя пераможцы беларускую мову ў ваенныя гады ня толькі не ігнаравалі і пагатоў не разглядалі як нейкую прыкмету варожага лягеру, але актыўна ўжывалі — каб беларусы іх разумелі і ім давяралі. Але гэты факт ігнаруе цяперашняя дзяржаўная прапаганда. У сьвежазьнятым на БТ чатырохсэрыйным фільме „1418 дней. История Победы" „партызаны“ і „падпольнікі“ гавораць выключна па-расейску, нават без намёку на беларускі акцэнт. Беларускую мову аўтары сэрыялу дэманстратыўна стыгматызуюць, яна гучыць толькі ў назвах органаў, створаных з дазволу акупантаў.
І бальшыня ваенных помнікаў і мэмарыяльных надпісаў, у тым ліку вядомы паўкруглы лёзунг на плошчы Перамогі ў Менску, аформленыя па-расейску. Толькі па-расейску выкананы афіцыйны сайт галоўнага інфармацыйнага асяродку сёлетніх юбілейных урачыстасьцяў — музэю Вялікай айчыннай вайны ў Менску. А калі прадстаўнікі ўлады дазваляюць сабе дыскрымінаваць і зьневажаць беларускую мову і яе носьбітаў, то тым самым прыніжаюць і нашых продкаў — удзельнікаў вайны.