Сьцісла:
- На беларускіх нэкропалях мала помнікаў па-беларуску; гэта вынік і шматгадовай русыфікацыі і часткова палянізацыі, і памылковага разуменьня традыцыі, і нерашучасьці беларускамоўных у сямейных перамовах.
- Аднак эпітафіка Беларусі традыцыйна шматмоўная: нават на адных і тых самых могілках знойдзем надпісы рознымі мовамі — расейскай, польскай, царкоўнаславянскай, мовамі іўрыт і ідыш.
- І беларуская мова (надпісы кірыліцай або лацінкай) на помніку зусім натуральная. Помнікі сьведчаць пра зьмену правапісаў, а таксама пра паступовае вяртаньне тарашкевіцы.
- Беларускія асаблівасьці прабіваюцца праз расейскую ці польскую мову ў стыхійных „непісьменных“ надпісах. Лепш бы адразу пісалі па-беларуску.
- Імя па бацьку на -віч/-ўна — не ўласьцівы беларускай іменаслоўнай сыстэме элемэнт, нярэдка яго няма на помніках.
- Заўсёды ў нас першым было асабовае імя чалавека, а прозьвішча потым: Францішак Скарына. Пасьля вайны пад уплывам савецкай канцыляршчыны памяняўся парадак частак імя на надмагільлі: спачатку прозьвішча. Але традыцыя вяртаецца.
- Для абазначэньня роду, зь якога паходзіла нябожчыца, маем формы „З роду“, „З дому“, „Народжаная“.
- ВІДЭА з Вайсковых могілак у Менску:
Далёкія нашчадкі, пабачыўшы надмагільныя помнікі нашага часу, вырашаць, што ў тую эпоху ніякай беларускай мовы і наагул Беларусі не было.
Мы рэдка думаем пра могілкі як моўныя помнікі. І наагул беларуская эпітафіка з мовазнаўчага (і сацыялінгвістычнага ў прыватнасьці) гледзішча — пакуль неаранае поле.
Але, прыкладам, Кальварыйскія і Вайсковыя могілкі — гістарычныя гарадзкія нэкропалі, якія памятаюць Менск як сталіцу БНР і як галоўны горад міжваеннай БССР, а таксама Ўсходнія могілкі сталіцы маюць дастаткова беларускіх эпітафіяў, каб адолець стэрэатып.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інтэрактыўныя мапы менскіх могілак зь месцамі пахаваньня 130+ выбітных беларусаўЯк правіла, беларускую мову блізкія памерлага выбіраюць для надпісу сьвядома, пераадольваючы інэрцыю і забабоны. Кожны ведае, як адказна родзічы ставяцца да надмагільных надпісаў і эпітафіяў; часам і канфлікты бываюць.
Калі сьвядома выбіраюць беларускую мову — значыць, яна для іх каштоўнасьць. Але ж ня менш цікавыя і стыхійныя, г. зв. непісьменныя напісаньні — калі пісалі як умелі, за жывым маўленьнем.
Шматмоўныя нэкропалі
Насуперак цяперашняму стэрэатыпнаму ўяўленьню, беларускія могілкі шматмоўныя, прычым некалькі моваў суіснуюць на тым самым нэкропалі, асабліва калі ён стары і вялікі. Прыкладам, на Вайсковых у Менску пабачым усе чатыры афіцыйныя ў міжваенную пару мовы — беларускую, ідыш, польскую і расейскую.
А плюс яшчэ царкоўнаславянскую (помнікі сьвятарам і манашкам); францускую (помнік цешчы Янкі Купалы Эміліі Манэ-Станкевіч); ангельскую (сьціплы помнік супрацоўніцы гуманітарнай місіі ААН амэрыканцы Рут Ўолер, якая, выратаваўшы з вады беларускіх хлопчыкаў, захварэла і памерла); армянскую (знак памяці ахвяраў землятрусу ў Сьпітаку, дзе надпіс таксама і па-беларуску).
Беларускамоўных помнікаў магло быць значна болей. Але знакамітыя навукоўцы, творцы і палітыкі міжваеннай пары, якія маглі мірна спачыць на могілках пад беларускімі эпітафіямі, ляглі ў курапацкія ямы або ў вечную мерзлату.
Моўнае асяродзьдзе нэкропалю ўплывае на тых, хто ставіць там помнік блізкаму. Але надпіс па-беларуску не пярэчыць ніякай традыцыі. Бо беларуская традыцыя дапускае шматмоўнасьць.
Дарэчы, калі на нейкіх могілках пераважаюць надпісы, напрыклад, па-польску (натуральна, лацінскай графікай), то нішто не перашкаджае паставіць помнік там (і ня толькі там) па-беларуску, прычым беларускай лацінкай — адным з двух нашых нацыянальных альфабэтаў.
Настаўнік Каленчыц са Случчыны
Вельмі каштоўныя надпісы па-беларуску над магіламі знакамітых творцаў і дзеячоў беларускае культуры й палітыкі. Але для моўнай гармоніі ды сацыялінгвістычнага аналізу ня менш важныя эпітафіі па-беларуску іншым людзям — розных заняткаў і рознага статусу.
А таксама эпітафіі з імёнамі Аляксандры Пуроўскай, Марылі Розум і Льва Розума, Юзэфы Саўрыцкай і Лёні Рубаніка ды многіх іншых.
Піанэрка, але яшчэ недастаткова інтэрнацыянальная...
На помніках, пастаўленых да 1933 году (да правапісна-моўнай „рэформы“), — надпісы клясычным правапісам, а таксама з адметнай граматыкай ды лексыкай.
Піанэрка — зь цьвёрдым Н адпаведна правілам клясычнага правапісу, а таксама з аканьнем. Слова ў БССР шматпакутнае, яго пісалі яшчэ і піянэр, і піянер, і піонэр. Урэшце ў 1933 годзе пастаўлена пагрозьлівая кропка:
Інтэрнацыянальна-рэволюцыйныя словы, словы, якія народжаны пролетарскай рэволюцыяй і якія ва ўсіх мовах сусвета пашырыліся вымаўленнем праз „о“: у нашым новым правапісе гэтая рэволюцыйная якасць захована. Словы „комуна“, „комунізм“, „рэволюцыя“, „совет“, „соцыялізм“, „большэвік“, „піонер“, „Комінтэрн“, „комсамол“, „пролетарый“... пішуцца і ў нас праз „о“, г. зн. захоўваецца ў корані іх першакрыніца і гэтым мова ўздымаецца на новую вышэйшую ступень развіцця па шляху пролетарскага інтэрнацыяналізма.
Так што напісаньне піанэрка ў 1933 годзе раптам стала праяваю нацдэмаўшчыны...
Надпісы клясычным правапісам аднавіліся ў найноўшы час. Гэта, прыкладам, эпітафія Сьвятлане Клімковіч; Вітаўт Кіпель паставіў помнік сваёй бабулі Марфе Ваўчок-Зубкоўскай і яе брату Лукашу Ваўчку.
Міхась, але Нікалай
Гістарычна ў нас не было моцнага кантрасту паміж статусам так званых афіцыйных (раней царкоўных, кананічных, пазьней „пашпартных“) і народных, фактычна нацыянальных формаў імёнаў. Гэты стэрэатып — нібыта народнае імя непрыдатнае для паперы і каменю — прыйшоў з Расейскай імпэрыі ды савецкіх канцылярскіх шаблёнаў.
І ўсё ж над магіламі пісьменьнікаў бачым беларускія нацыянальныя формы агульнахрысьціянскіх імёнаў, якімі яны сябе называлі: Янка (Купала), Паўлюк (Трус), Алесь (Гурло), Міхась (Клімковіч)...
Ніякія гэта не памяншальна-паблажлівыя, а паўнавартасныя, стылёва нэўтральныя імёны, калі нашчадкі творцаў палічылі магчымым увечніць іх у камені. Зрэшты, імёны такія годна насілі ня толькі творцы, а і вельмі патрэбныя гарадзкой гаспадарцы людзі:
Мужчынскія імёны грэцкага і лацінскага паходжаньня на -ios/-ius беларуская мова асвойвала або з нулявым канчаткам, або формамі без канцавога -й: Васіль, Арсен, Георгі (старая народная форма Юры). Напісаньні накшталт Георгій замацаваліся праз расейскі ўплыў.
У розныя пэрыяды рознае было і стаўленьне (у тым ліку навязанае звонку) да выразна беларускага характару іншых імёнаў. Усе прыклады, калі беларуса ў беларускамоўнай эпітафіі называюць Нікалай, паходзяць з 1930-х — 50-х гадоў.
Але ў наш час, як толькі імпэрская хватка была аслабленая, беларускія нацыянальныя формы імёнаў вярнуліся на магільныя камяні.
Пятроў сын
Імя па бацьку на -віч, -ўна як абавязковая частка найменьня чалавека не ўжывалася ў Беларусі цягам апошніх стагодзьдзяў, яно прыйшло разам з расейскай акупацыяй і савецкай уладай. Ужо ў XX ст. пры патрэбе, у дакумэнтах з абавязковай графой „імя па бацьку“, людзі запісвалі бацькава імя ў родным склоне: чый сын / чыя дачка? Янаў, Пятрова.
Знаходзім прыклады, калі расейская мадэль імя па бацьку не выкарыстоўвалася, і на розных могілках:
Паўлюк Трус? Не, грамадзянін Трус П.
У ХХ стагодзьдзі ў Беларусі памяняўся парадак кампанэнтаў імя ў эпітафіях.
Даўней было натуральна: перш асабовае імя, а потым імя па бацьку (неабавязкова) і прозьвішча. Наагул у нашым рэгіёне Эўропы асобу характарызуе найперш уласнае асабовае імя, яно гістарычна і зьявілася першым — задоўга да мянушак, патронімаў, геаграфічных азначэньняў, прыдомкаў, якія сталі прозьвішчамі.
На сучасных жа могілках пануе адваротны парадак: прозьвішча + імя + імя па бацьку.
Часам на адным і тым самым помніку бачым і ранейшую натуральную, і пазьнейшую адваротную пасьлядоўнасьць: Алесь Кандратавіч Гурло (памёр у 1938 г.) і Гурло Мария Владимировна (пам. у 1993). Або:
Зьмена пачалася да вайны, але пералом адбыўся прыблізна ў 1940-я. Хаця і раней бывалі прэцэдэнты, як гэты помнік „чырвоным партызанам“, сьпіс на якім, хутчэй за ўсё, з адпаведнага рапарту.
Прычына зруху, на маю думку, відавочная: савецкі канцылярскі стыль, „учотная ведамасьць“, дзе асоба была на апошнім месцы. Для пэўнасьці пашукаў працы іншых дасьледнікаў. Расейскія мовазнаўцы М. Кітайгародзкая і Н. Розанава ў грунтоўнай працы „К характеристике жанра современной эпитафии в социокультурном аспекте“ пацьвердзілі маю гіпотэзу:
„Компоненты имени умершего располагались в следующем порядке: ИМЯ+ОТЧЕСТВО+ФАМИЛИЯ.
На современных памятниках ... наиболее распространен инвертированный порядок следования компонентов имени: ФАМИЛИЯ+ИМЯ+ОТЧЕСТВО. Подобная форма представления имени собственного, характерная для официально-делового стиля, отражает влияние советского казенно-канцелярского стереотипа... Ниже полного имени располагаются годы жизни и смерти (часто без указания месяца и даты), которые даются через тире“.
Вось і на Вайсковых могілках спэцкамбінат Менгарвыканкаму скараціў да немагчымага эпітафіі на так званых „надгалоўніках“, як быццам зазіраючы ў гэтую навуковую працу — у поўнай адпаведнасьці з савецкім канонам.
І без згрызотаў сумленьня мяняе парадак найменьня чалавека, чым прынцыпова скажае антрапанімічны лад арыгінальнай эпітафіі.
У традыцыйных надмагільных інскрыпцыях прозьвішча ідзе першым у фамільных склепах ці на супольным помніку для некалькіх чалавек адной радзіны.
„З дому“ ці „з роду“?
Традыцыі надмагільных надпісаў па-беларуску толькі пачыналі складацца ў міжваенны час. На жаль, іх натуральнае разьвіцьцё было перапыненае пасьляваеннай русыфікацыяй. І людзі, якія цяпер афармляюць па-беларуску помнікі сваім бацькам і старэйшым продкам, задумваюцца, а як было б правільна ці то традыцыйна, скажам, пазначыць там дзявочае прозьвішча жанчыны (каб увечніць яе род у камені).
Аднак фармаваньне традыцыяў прадоўжылася на нэкропалях паваеннай беларускай дыяспары. Так, на беларускіх могілках парафіі Жыровіцкае Божае Маці БАПЦ у Іст-Брансўіку і і праваслаўных могілках Сьв. Эўфрасіньні ў Саўт-Рывэры (Нью-Джэрзі, ЗША) знойдзем розныя варыянты: зусім без злучальных словаў; словы „З дому“; „З р[оду].“; „Нар[оджаная].“; „Rodž[anaja].“ — апошняе толькі на фамільным надмагільлі Яна Станкевіча і ягонай жонкі.
Галяк Леанід (і) Раіса, нар. Лукашэвіч
Войтанка Віктар, сьвятар, (і) матушка Марыя, з дому Хіневіч
Марыя Данілюк, нар. Стальмашук
Жук-Грышкевіч др. Вінцэнт (і) др. Раіса, з дому Жукоўская
Раіса Паўлаўна Евец (Палуйчык)
Русак Васіль (і) Галіна з р. Родзько
Сажыч Барбара з роду Мазуро (і) Язэп, др. мэд. — генэрал
Фатыня Моніка Даніловіч, дочка Сьцяпана і Марыі Арабей
Такім чынам, пакуль што адзінага канону няма, але з гэтых трох варыянтаў ужо можна выбіраць.
Эпітафіі як люстэрка лёсу прозьвішчаў
Русыфікацыя беларускіх прозьвішчаў адбывалася ў некалькі этапаў. Найперш прышлыя ўлады ўжо з канца XVIII ст. перапісвалі тутэйшых жыхароў адпаведна расейскай фанэтыцы і іменаслоўным традыцыям. Пазьней ужо і самыя людзі — у расейскім/савецкім войску, пераяжджаючы ў горад, робячы дзяржаўную кар’еру — дапасоўвалі як умелі свае нязвыклыя для Масквы імёны-прозьвішчы да агульнаімпэрскага стандарту. На могілках Беларусі мноства сьведчаньняў правапіснага разнабою прозьвішчаў: людзі імкнуліся запісаць іх „правільна“.
А побач помнік сям’і — Околовы.
Невядома, ці пісаў імя КNРАСNРОВА Феня (пам. у 1947) кірыліцай лацінкапісьменны, ці проста малапісьменны, але маем помнік эпітафічнай творчасьці. І няўжо яго маюць выпраўляць чужыя людзі?
Напісаньні ў эпітафіі зьберагаюць моўную сытуацыю эпохі, моўнае пачуцьцё родзічаў памерлага (ці сьвятара, ці нават разьбяра, а часам начальства). Прыклад афіцыйнай эпітафіі з макаранічнай устаўкай ды зрусыфікаванымі формамі імёнаў:
А гэта беларускі помнік ад сям’і.
Ня ведаю, ці расейскамоўныя напісаньні накшталт Дзявочко, Миранович, Леванович, іншыя адпавядаюць дакумэнтальным формам прозьвішчаў, але ў кожным разе яны зьберагаюць рысы беларускае фанэтыкі (як і Вовачка).
Дарэчы, „гіпэрнармальныя“ напісаньні накшталт Сушо, Томара — таксама сьведчаньне беларускага ўплыву, калі чалавек інтуіцыйна ўнікае на пісьме „аканьня“.
Лягічна, што адно з найважнейшых правілаў, замацаваных ва ўсясьветнай практыцы рэстаўрацыі могілак як помніку культуры, — пры неабходнасьці рабіць копію эпітафіі або абнавіць яе, але не мяняць ані літары, ані знаку.
А ў нас... Пахаваньне дзіцяці (Валечка Хрущев, фота вышэй) зазнала „благаўпарадкаваньне“. Тут ня толькі пракрустаўскі падыход да тэкстаў і датаў, ня толькі саветызацыя парадку кампанэнтаў імя. На якой падставе мяняецца напісаньне прозьвішча Хрущев і чаму яно цяпер Хрущёв? А можа тая сям’я — Хрýшчавы?
Беларусізацыя — у руках сям’і
Мяняць мову і нешта карэктаваць на новай эпітафіі — права і справа нашчадкаў. Цешыць вока, калі яны спраўляюць новы помнік родным па-беларуску, прычым вельмі карэктна:
Імёны і прозьвішчы па-беларуску — на новай пліце. Але пакінутая для інфармацыі і сьціплая ранейшая таблічка.
У культурнай сям’і дакладна ведаюць, як гучала па-беларуску імя і прозьвішча продка:
Без кансультацыі зь сям’ёй у чыноўніка атрымаўся б „Шацернік“.
А як робяць у сьвеце?
Надпісы як форму культурнай спадчыны называе Канвэнцыя аб ахове ўсясьветнай культурнай і прыроднай спадчыны UNESCO (1972, Беларусь падпісала ў 1988). Лёс надпісаў як помнікаў адсочваюць нацыянальныя і рэлігійныя супольнасьці. Прыкладам, Рада правоў чалавека ААН занепакоеная зьнікненьнем армянскіх надмагільных камянёў падчас рэстаўрацыйных працаў, якія вялі турэцка-кіпрскія ўлады (2017 г.).
Зьвернемся да досьведу краін, дзе нашых „благаўстраіцеляў“ і на гарматны стрэл не дапусьцілі б да рэканструкцыі могілак:
Сымбалі і тэксты, напісаныя на надмагільлях, зьмяшчаюць важную інфармацыю для разуменьня мінуўшчыны. (...) Матэрыял, формы, надпісы і ўпрыгожаньні, выяўленыя на надмагільлях, ёсьць важнымі кампанэнтамі матэрыяльнай культуры.
(Агенцтва захаваньня гістарычнай спадчыны штату Ілінойс, ЗША)
Мова надпісу і выбар спадарожнай біблійнай цытаты ці верша можа адлюстроўваць стаўленьне супольнасьці або рэлігійнай грамады таго часу, або стаўленьне спадкаемцаў ці нашчадкаў, ці густы і меркаваньні тых, хто адышоў.
...Надпісы і ўпрыгожаньні на камянях, якія ўяўляюць цікавасьць з прычыны іхнага стылю і характару, не павінны высякацца наноў. (...) Іншыя надпісы могуць быць высечаныя наноў пры ўмове, што: 1) іх высякае кампэтэнтны разьбяр; 2) дакладны выгляд і памылкі арыгіналу старанна зьберагаюцца.
(Нацыянальны фонд Аўстраліі, штат Новая Паўднёвая Валія)
Дарэчы, ёсьць бліжэйшы досьвед. Гістарычныя віленскія могілкі Роса рэканструююць за 3 млн эўраў, большую частку гэтае сумы Віленскае самакіраваньне атрымала з Фонду рэгіянальнага разьвіцьця Эўрапейскага Зьвязу. Як іх упарадкоўваюць — кожны зможа пабачыць: дакумэнты адкрытыя, да могілак цяпер увага ў зьвязку зь перапахаваньнем паўстанцаў 1863 году. Папярэдне літоўскія і польскія навукоўцы падрыхтавалі канцэпцыю ўпарадкаваньня, выканаўшы праект „Могілкі на Росе ў Вільні. Інвэнтарызацыйныя, гістарычныя і мовазнаўчыя дасьледаваньні“.
Зрэшты, яшчэ ў анкеце для літоўскіх дыялектолягаў 1997 году, якую ўклаў разам з Л. Грумадзене вядомы мовазнаўца, некалі супрацоўнік АН Беларусі Валер Чэкман, ёсьць адмысловае пытаньне пра найменьні людзей і мясьцінаў на надмагільных помніках — для аднаўленьня „моўнага краявіду“ розных эпох.