Паводзіны ўладаў, якія змабілізавалі апарат гвалту супраць мірных грамадзянаў, выклікалі жывую іранічную рэакцыю беларусаў. Яна праявілася і ў мове.
Усім вядомае даручэньне начальніка дзяржавы сваім прэтарыянцам:
Нам надо как изюм из булки повыковыривать провокаторов. И отвечать они должны по всей строгости закона.
Даручэньне, хоць было прадумана загадзя, але не сфармулявана дасканала. Відавочна ж, што разынкі — ня самая горшая частка булачкі (у расейскай цюркізм изюм, у беларускай германізм разынкі).
Нават кіраўнік тэлебачаньня Давыдзька пасьмеў выправіць свайго боса — маўляў, не разынкі трэба выкалупваць, а тараканаў.
Надта ж хацеў Давыдзька выслужыцца. Магчыма, ён і ня ведаў, што ўжывае тэхналёгію анімалістычнай дэгуманізацыі, калі вобраз палітычнага апанэнта расчалавечваюць праз прыпадабненьне яго да непрыемнай істоты. Аўстралійскі псыхоляг Нік Гэслам (Nick Haslam), які дасьледуе зьяву дэгуманізацыі, прасачыў, што прапагандысцкае анімалістычнае расчалавечваньне пэўнай групы служыць элемэнтам падрыхтоўкі да яе фізычнага зьнішчэньня, да генацыду.
Праўда, кароткія пяты (= «кишка тонка») у Давыдзькі ўчыніць генацыд, народ ягонай эскапады і не заўважыў. Але адрэагаваў на выказваньне ягонага начальніка. У сацыяльных сетках зьяўляецца бліскучая мáксыма:
Увесь сьвет — булка, а ты ў ім — разынка!
Такая самасьцьвярджальная сьветабудова. А той, хто з булкі ўсясьвету зьбіраецца выкалупваць яе душу — свабодную чалавечую асобу — у выніку выстаўляе сябе на сьмех.
Падчас вулічных акцыяў на мірных людзей нападаюць ня толькі ўніфармаваныя міліцыянты, але і агрэсіўныя асабні ў цывільным. Такі асабень звычайна гопніцкага выгляду, у спартовых штанах ці джынсах, нацягнутай шапачцы (не падаю яе народнае назвы) і чамусьці ў канечне вастраносых чаравіках.
Зьява ня новая, была яна і ў савецкі час, але назвалі яе сваім словам раней за нас украінцы. Перад самай Рэвалюцыяй годнасьці на незалежных журналістаў напаў такі сабе спартовец Вадзім Цітушка, выканаўшы палітычнае даручэньне сваіх замоўнікаў. І ягонае прозьвішча стала агульным назоўнікам. Цяпер ва Ўкраіне словам тітушки называюць маладых людзей спартовага выгляду, якія за грошы сілаю перашкаджаюць людзям рэалізаваць свае канстытуцыйныя правы.
У Беларусі сярод іх значна больш штатных супрацоўнікаў. І беларусы для такіх стварылі слова шуняўкі — зусім новае, эксклюзіўна беларускае.
Магчыма, нехта чуе ў ім сугучча з прозьвішчам цяперашняга міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча, народжанага на Луганшчыне.
Але я хацеў бы абараніць беларускае прозьвішча Шуневіч. Яго носьбіты розныя. Напрыклад, у Леплі жыве Анатоль Шуневіч, які сабраў і апублікаваў мноства дакумэнтальных сьведчаньняў пра злачынствы НКВД у тым раёне і вызначыў месца «лепельскіх Курапатаў» — былы сад «Дынама».
Прозьвішчы на -віч адантрапанімічныя (ад імёнаў людзей). Так і гэтае, хутчэй за ўсё, паходзіць ад абсечанага варыянту асабовага імя Шуня. Яно ў сваю чаргу ці то ад імя Аляксандар — Сашуня (гэта хутчэй за ўсё), ці то ад суфіксаваных Дарахвей — Дарашуня, Цімох — Цімашуня, Якуб — Яшуня. Менш верагодна, што прозьвішча паходзіць ад нейкага агульнага назоўніка.
Вёскі Шýневічы і Шýнеўцы ёсьць у Глыбоцкім раёне, Шýнеўка ў суседнім Докшыцкім спаленая нацыстамі ў Другую ўсясьветную вайну. Іх назвы, відаць, таго самага паходжаньня.
А вось Шунэ́лішкі Астравецкага раёну, як сьведчаць і геаграфія, і суфікс -ішк-і, яўна балцкага паходжаньня, і тут ужо літоўскі корань šun- (у назоўным склоне šuo), памяншальнае šunelis ‘сабачка, шчаня’. Таксама балцкае, відаць, з тым жа коранем, прозьвішча Шунейка.
Наватвор шуняўкі словаўтваральна не зьвязаны з прозьвішчам Шуневіч. Знаўца беларускага словаўтварэньня Павел Сьцяцко кажа, што з суфіксам -яўк-а ўтвараюцца неасабовыя назоўнікі, якія называюць прадметы па іх прыметах і ўласьцівасьцях. Малая рыба — маляўка; сіняўка ‘тое, што сіняк’ у Насовіча; ‘грыб паганка’ ў магілёўскім слоўніку Івана Бялькевіча; кісьляўка ‘яблыня з кіслымі пладамі’. Карацей, мадэль у беларускіх дыялектах ёсьць.
Цяпер паглядзім на значэньні кораню шун- у агульнай лексыцы беларускіх дыялектаў. Шýня — гэта ліхаманка, як сьведчаць запісы Аляксандра Сержпутоўскага на Случчыне. Сынонім — трасца. Ліхаманка, Трасца, Шуня — дэманалягічная постаць хваробы, якая высмоктвае з чалавека сокі, кажа энцыкляпэдыя «Беларуская міталёгія». Вось жа тады шуняўкі – паслугачы трасцы.
У Горадзенскім раёне запісана слова шундзь, яно абазначае проста ‘дрэнь, нешта кепскае’. Яўна праглядаецца літоўская аснова šunidė ‘сабачая клетка’. Сэмантыка нэгатыўная. Самае бяскрыўднае значэньне — у таемнай мове дрыбінскіх шапавалаў, там шуня гэта проста ‘пуня, хляўчук’, але на тое яна і таемная мова, каб яе ніхто ня ведаў.
Так што слова шуняўкі можа жыць цалкам самастойна, незалежна ад кадравых прызначэньняў, дакуль будзе сама зьява.
Яно і жыве. Бонстыкі – гэта цацкі, аб’екты калекцыянаваньня ў рамках створанага пэўнаю гандлёваю сеткаю шалу. Сетку не называю, бо і так яе назольна рэклямуе Беларускае тэлебачаньне. Цацкі маюць імёны па-расейску. Дык жа народная творчасьць ужо зьбеларусіла гэтую маркетынгавую ініцыятыву:
Шуняўка, Амап і Хапун — новыя беларускія бонстыкі.
Пра Хапуна мы ўжо былі распытвалі менчукоў:
Нагадаю, што гэта вобраз беларускай міталёгіі, які выкрадаў капрызьлівых дзяцей.
Але сапраўдны вялікі хапун з 30-х гадоў мае судова-міліцэйскую канатацыю. Пра што нам і нагадваюць разам зь Лявонам Вольскім Саўка ды Грышка:
Грышка:
Заўжды нам пагражае
Хапун ці ператрус
У дзіўнай той дзяржаве
Пад назвай Беларусь.
Дарэчы, старое — не скажу добрае — слова ператрус ладна-такі вярнулася ў беларускую мову, практычна выціснуўшы афіцыйны русізм вобыск, а таксама кальку з расейскай — вобшук. Слова ў варыянце ператруска фіксавалі яшчэ Некрашэвіч і Байкоў. І пагодзьмася, што ператрус куды ярчэй перадае сутнасьць і фізычныя характарыстыкі працэсу.
***
У беларускай вулічнай творчасьці зьявіўся новы жанр. Гэта калі на мурох ды сьценах раптам зьяўляюцца партрэты дзеячоў зь пераказам іхных зьдзяйсьненьняў — як былой міністаркі працы Мар’яны Шчоткінай з надпісам «Гэта я прыдумала падатак на беспрацоўе», Міхаіла Мясьніковіча, які хваліцца дарожным падаткам, таго ж міністра ўнутраных справаў у форме НКВД або камандзера менскай гарадзкой міліцыі з выразам «Это мы с пацанами похищаем людей». Гэтую стрытартаўскую ідэю сталі называць царкоўнаславянізмам «міратачэньне» (адразу зазначу, што ў царкоўным асяродзьдзі да той зьявы — калі абразы точацца пахучым рэчывам — ставяцца па-рознаму). Але разьбярэм слова. Міра — намашчэньне, слова грэцкага паходжаньня, ад μύρον. Цікава, што ў беларускай мове ёсьць і іншае слова – крыжмó, адпаведна мазаць мірам — крыжмаваць. Гэтак у слоўніку В.Ластоўскага. Слова ад сярэднявечнага лацінскага crisma < грэцк. χρῖσμα. Cлова крыжмо ў нас даўняе:
...Узялі пшаніцу ў целе, віно ў крыві, аліве, у крыжме —
так у XVII стагодзьдзі тлумачылі абрады прычашчэньня і намашчэньня.
Але я ня стаў бы называць крыжматачэньнем зьяўленьне на сьцяне партрэту амонаўскага начальніка. Дарэчы, некаторыя аўтары, напрыклад, Наталка Васілевіч, ужываюць у царкоўным значэньні выраз міраструменіць, але ён, на маю думку, перадае надта інтэсіўны працэс. Слова тачыць, тачыцца, праточвацца (напр., кроплямі) ёсьць у беларускай мове. Пратачыцца на сьцяну (вядома ж, самі сабой) маглі і партрэты Мясьніковіча, Шчоткінай і Шуневіча.
***
Сярод выразаў, якія зьявіліся апошнімі тыднямі і, магчыма, стануць выслоўямі, мне запомніліся наступныя:
Грамадзяне праглядзелі дэманстрацыю таго, куды ідуць іхныя падаткі.
Акулярнік біў аўтобус тварам
(у выніку чаго паламаў сам сабе нос).
А калі ўвасабленьне «мяккай беларусізацыі», крэатыўны і прадпрымальны дырэктар Арт Сядзібы Павал Белавус выйшаў з жонкай на акцыю салідарнасьці 26 сакавіка і быў кінуты ў турму, сацыяльныя сеткі тут жа ўтварылі цёплы спокліч салідарнасьці:
Жыве Белавус! )