Радыё Свабода сочыць за ўзыходжаньнем на Манблян праваабаронцы і маці чатырох дзяцей Тацяны Гацуры-Яворскай. Інтрыга першага дня — у групе Тацяны, якая ўздымаецца на вяршыню зь бел-чырвона-белым сьцягам, апынуўся беларус Сяргей, які нясе з сабою сьцяг СССР.
Учора Тацяна разам з групай альпіністаў прыбылі ў Шамані, адкуль заўтра а 9-й ранку пачнуць пад’ём. Кіруе групай украінскі альпініст Андрэй Філіпенка, кіраўнік клюбу «Тропа». Мы дазваніліся да Андрэя, каб даведацца, як Тацяна разам з групай рыхтуецца да пад’ёму.
«Таня пакуль у бадзёрым стане, поўная спадзеваў, п’е валяр’янку, — адразу жартуе Андрэй. — Пакуль яшчэ нічога не пачалося, непакоіцца рана».
Пра сябе Андрэй распавядае, што ходзіць «па гарах» са студэнцтва. Шмат разоў быў на Эльбрусе, падымаўся на пік Леніна, Мак-Кінлі, Аканкагуа. «Гэта сур’ёзныя халодныя вяршыні, калі 10–15 дзён даводзіцца начаваць у намёце, — тлумачыць. — Але самы мой сур’ёзны досьвед — гэта тое, што я ўжо 10 гадоў ваджу людзей як інструктар».
«З самага першага дня ўжо можна называць гэта ўзыходжаньнем. Мы набіраем вышыню, знаёмімся з прыродай. Надвор’е ня вельмі добрае. Атрымліваецца, што мы правяраем, як мы пачуваемся ў такіх умовах — як мы можам есьці, спаць, хадзіць. Найперш для Тацяны як для навічка — гэта праверка сябе, сваіх магчымасьцяў адаптацыі да ўмоваў, якія нязвыклыя для раўніннага чалавека».
Паводле Андрэя, усе людзі розныя, і прадказаць, як чалавек будзе даваць сабе рады з пад’ёмам, немагчыма. Але ён лічыць, што жанчына — «заўжды пазытыўная зьява ў групе».
«Мужчыны пачынаюць сябе паводзіць больш мужна. Калі жанчына ідзе, то як ужо я не пайду? Яны паводзяць сябе больш карэктна, не расслабляюцца ў чыста мужчынскай кампаніі. Ёсьць жанчына, якая стымулюе нас да пэўных паводзінаў — паважлівых і да яе, і да нас. А калі чыста мужчынская кампанія, то можа быць разгільдзяйства», — кажа Філіпенка.
Што да шанцаў дайсьці да вяршыні, то спрактыкаваны альпініст ацэньвае іх цьвяроза-скептычна.
«Я не лічу, што не падняўся на Манблян — то ўсё, жыцьцё не ўдалося. Першы раз — гэта на 90% спроба. А ўжо другі-трэці — чалавек больш асэнсавана ідзе, разумее. Калі пашанцуе — будзем на вяршыні. Калі не — будзе досьвед, будзе спроба, даведаемся шмат новага. Чалавек тут ніколі ня будзе ў пройгрышы. У кагосьці заўжды будзе першы раз», — тлумачыць ён.
Тацяна распавяла, што валяр’янку сапраўды п’е — па дзьве таблеткі ўвечары і зранку.
«Мне сказалі „нармальна, пі“, бо калатун лёгкі быў, — таксама сьмяецца Тацяна. — Рагочуць тут з майго манікюру, хацелі мне напракат ружовыя сьнегаступы ўзяць».
Яна распавядае, што разам зь імі падымаюцца дасьведчаныя альпіністы Сяргей з Украіны і Асэт з Казахстану. Да таго ж да групы далучыўся яшчэ адзін беларус — Сяргей, які жыве ў Лёндане. Для яго гэта таксама першы пад’ём. Па словах Сяргея, ён ідзе на вяршыню са сьцягам СССР.
«Дасьведчаныя альпіністы адразу захацелі са мной памяняцца ледарубамі, бо мой вельмі файны, рарытэтны, яшчэ з савецкіх часоў. Праўда, цяпер робяць нашмат лягчэйшыя. Але я пакуль што ня буду мяняцца, пайду зь ім», — кажа Тацяна.
Таксама Таню прымусілі набыць цяплейшую куртку, а Асэт з Казахстану пазычыў ёй свае штаны.
«Апякуюцца мною з усіх бакоў, — апісвае яна. — Цяпер ідзе дождж і туман, нічога ня бачна. Сёньня дакупілі тое, што трэба было, абсталяваньне ўзялі ў арэнду. А ўвесь настрой баявы — на заўтра на ранак».
Андрэй супакоіў групу, што ісьці будуць па грэбені, таму лявіна ім не пагражае.
«Надвор’е ня вельмі спрыяе, і заўтра таксама дождж. Абяцаюць добрае надвор’е на 15 лютага, — кажа Тацяна. — Што нам можа перашкодзіць, гэта моцны вецер і моцны сьнегапад. А далейшае залежыць толькі ад нас».
Андрэй Філіпенка ўпэўнены, што ў горы вяртаецца кожны. «Ня ведаю такіх, якія схадзілі ў горы і сказалі — больш не пайду. У першы дзень, як вярнуліся з вышыні, могуць сказаць. Але праходзіць дзень, тыдзень, месяц — і чалавек ізноў ідзе».