МЗС Беларусі можа згадаць 100-годзьдзе БНР у дакумэнтальным фільме пра дыпляматыю

Кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў атрымаў адказ Міністэрства замежных спраў Беларусі на свае прапановы пра ўдзел беларускіх уладаў у адзначэньні 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі ў 2018-м.

Адказ паўтарае ранейшыя заявы МЗС: тэму 100 гадоў БНР «мэтазгодна пакінуць дасьледчыкам і гісторыкам», адмысловых мерапрыемстваў не плянуецца.

У адказе паведамляецца, што ў МЗС цяпер «абмяркоўваецца магчымасьць» падрыхтаваць дакумэнтальны фільм пра гісторыю беларускай дыпляматыі, у якім будзе ў тым ліку згаданая зьнешнепалітычная дзейнасьць БНР.

«Магу толькі прыгадаць купалаўскае „далі шэсьць паветаў — дзякуй і за гэта“, — кажа Рыгор Кастусёў. — Здымуць дакумэнтальную стужку з належным адлюстраваньнем міжнароднай працы айцоў-заснавальнікаў БНР — і гэта будзе добра, лепей чым нічога. Але лічу, што было б памылкай пакінуць юбілей БНР у цішыні музэйных заляў і на старонках гістарычных часопісаў: гэтая падзея можа стаць выданай нагодай для грамадзкіх дыскусіяў, для абмеркаваньняў у прэсе, а таксама для яснай дэманстрацыі ўладамі Рэспублікі Беларусь трываласьці і непарушнасьці нашага сучаснага дзяржаўнага сувэрэнітэту».

Кастусёў абяцае працягваць сустрэчы зь іншымі ведамствамі па прапановах БНФ па дзяржаўным адзначэньні 100 гадоў БНР: маўляў, калі з кожнага ведамства атрымаць хоць нешта, будзе плён. Нядаўна партыя адаслала прапановы ў Савет міністраў і Адміністрацыю прэзыдэнта.

«Галоўнае каб зноўку рэй у „дзяржаўным адзначэньні“ гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі не ўзялі спэцслужбісты і МУС, — дадае Кастусёў. — Беларусы і замежнікі павінныя дазнавацца пра юбілей БНР не з паведамленьняў пра зьбіцьцё і арышты, а са станоўчых нагодаў».

***

Звычайна ўгодкі БНР адзначаюцца як Дзень Волі на недзяржаўным узроўні 25 сакавіка, у гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР ў 1918 годзе. На Дзень Волі ад 1989 году ладзяцца масавыя вулічныя акцыі, але часта яны жорстка разганяюцца ўладамі – так, у 2017 годзе на Дзень Волі і на наступны дзень у Менску былі затрыманыя і зьбітыя сотні людзей, больш за 100 чалавек пакараныя штрафамі і арыштамі.

Разам з тым у сьнежні пачалася грамадзянская кампанія за адзначэньне 100-годзьдзя БНР як «сьвята, а ня боек». Адзначэньне юбілею ініцыятары кампаніі бачаць як шматфарматнае сьвяткаваньне: ад інтэрнэт-флэшмобаў да кірмашоў, фэстываляў, вечарынаў.

Дні Волі і няволі: фоты Менску ў 90-х і сёньня

Your browser doesn’t support HTML5

Сілавікі пра зьбіцьцё і затрыманьні на Дзень Волі: «Ніводзін міліцыянт дубінку не дастаў»