Беларусь цяпер не плянуе накіроўваць у Міжнародны валютны фонд запыт аб працягу перамовах пра новую крэдытную праграму, перадае БелаПАН заяву намесьніка міністра фінансаў Максіма Ермаловіча.
Праца па падрыхтоўцы крэдытнай праграмы прыпыненая, бо яна «фактычна гатовая і перамовы па ёй завершаныя», але «ёсьць разыходжаньні ў пазыцыях» і цяпер гэтыя разыходжаньні Беларусь і МВФ будуць збліжаць паасобку, «кожны ў сваёй частцы», патлумачыў Ермаловіч. Як гэта будзе адбывацца, ён не ўдакладніў.
МВФ паведаміў пра прыпыненьне перамоваў зь Беларусьсю аб новым крэдыце 20 ліпеня. Фонд чакае «неабходных зьменаў на высокім узроўні» ў пытаньнях беларускай камунальнай гаспадаркі і беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў. Місія МВФ мае наведаць Менск у кастрычніку, але не для перамоваў па крэдыце.
Тым часам Мінфін заклапочаны нізкімі крэдытнымі рэйтынгамі Беларусі, перадае БЕЛТА словы Ермаловіча. Беларусь ужо працуе з кітайскімі рэйтынгавымі агенцтвамі, каб Беларусі надалі больш прывабны рэйтынг. Ермаловіч адзначыў, што цяпер крэдытны рэйтынг Беларусі абнаўляецца са значным спазьненьнем і не адлюстроўвае «даволі пазытыўныя вынікі нашай дзейнасьці».
Намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Дзьмітры Калечыц жа наўпрост назваў цяперашні крэдытны рэйтынг Беларусі «абсалютна несправядлівым».