У інтэрнэт-крамах і «афлайнавых» кнігарнях у продаж паступіла кніга-даведнік «Minsk, Belarus. Local Guide» ад стваральніц праекту «Гэта Беларусь, дзетка» і аднайменнай кнігі, піша 34travel.
На ангельскамоўным сайце аўтарак HiFive Belarus кнігу прапануюць за 15 эўра, электронную вэрсію на Amazon можна набыць за 11 даляраў. Паразглядаць старонкі кнігі можна на Behance. Сьцьвярджаецца, што кніга будзе таксама прадавацца ў шапіках «Белсаюздруку», у аэрапорце, некаторых гіпэрмаркетах і кавярнях.
Аўтаркі кнігі Марыя Чаракова і Ганна Грыдзюшка абяцаюць, што кніга напісаная мясцовымі жыхарамі, якія «лічаць, што іхная родная зямля незаслужана мае нэгатыўны ярлык», складзеная без уплыву камэрцыйных кампаніяў, «на 100% аўтэнтычная і незалежная».
Кнігу надрукавалі ў Харкаве. Выданьне ў мяккай вокладцы мае 104 старонкі зь ілюстрацыямі і мапу на дадатак. Там ёсьць ня толькі турыстычныя маршруты і парады па месцах для наведваньня, але і парады пра сувэніры і шопінг у прадуктовых крамах, даведку пра візы і падборку карысных сайтаў.
На вокладцы — фота зь менскай вуліцы Кастрычніцкай, дзе сучасны мурал на этнаграфічную тэматыку суседнічае зь бюстам Леніна.