Мінкульт абурыўся: Менгаравыканкам не ўзгадняе грамадзкія абмеркаваньні плянаў будаўніцтва

Від на «Вароты Менску» з боку Прывакзальнай плошчы

Каардынатар кампаніі «Генплян для менчукоў», актывіст Дзяніс Кобрусеў апублікаваў адказ Міністэтрства культуры на зварот адносна распрацоўкі пляну будаўніцтва ў квартале за «Варотамі Менску» перад чыгуначным вакзалам.

Паводле Мінкульту, праект дэтальнага плянаваньня кварталу, што Менгарвыканкам вынес на грамадзкае абмеркаваньне, ня быў узгоднены зь Міністэрствам культуры, а пры гэтым Мінкульт забараняў дзейнасьць, што можа пашкодзіць гісторыка-культурным каштоўнасьцям ці навакольнаму асяродзьдзю ў межах ахоўных зонаў вакол «Варотаў Менску».

«У адрас Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту накіраваны ліст з просьбай выключэньня практыкі вынясеньня на грамадзкае абмеркаваньне праектаў, ня ўзгодненых зь Міністэрствам культуры», — гаворыцца ў адказе.

За «Варотамі гораду» спачатку зьбіраліся збудаваць шматпавярховыя жылыя дамы, але пасьля пратэстаў мясцовых жыхароў супраць «ушчыльненьня» праект адаслалі на дапрацоўку. Пасьля дапрацоўкі ў плянах зьніклі новыя жылыя пабудовы, зьявілася пачатковая школа для 75-й гімназіі на месцы ўжо існага адміністрацыйнага будынку, спартовыя пляцоўкі і падземны паркінг. Жыхарам у час абмеркаваньня ідэя з паркінгам не спадабалася, яе адхілілі.