Міліцыя знайшла і затрымала раварыста, які пабіў пешахода бітай

Фота відавочцы зь месца здарэньня

Гэты мужчына — жыхар Менску, яму каля 30 гадоў. Паводле бацькі пабітага Васіля Дземідовіча, затрыманага павінны пакараць за нанясеньне хлопцу чэрапна-мазгавой траўмы, а таксама за тое, што пакінуў пацярпелага ў бездапаможным стане.

«Гэтага чалавека адшукалі і затрымалі. Справа перададзеная ў Сьледчы камітэт, яго абвінавачваюць у хуліганстве з нанясеньнем цяжкіх пашкоджаньняў. Больш нічога сказаць не магу», — паведаміў Свабодзе супрацоўнік адзела крымінальнага вышуку Фрунзенскага РУУС Менска адносна раварыста, які 19 чэрвеня разьбіў галаву бітай 17-ці гадоваму Васілю Дземідовічу.

Бацька пацярпелага ведае пра затрыманьне чалавека, які напаў на яго сына. «Ведаю, што ён зь Менску, што яму каля 30 гадоў, а больш нічога, дый казаць не магу, бо зь мяне ўзялі падпіску пра неразгалошваньне», — расказаў Аляксандар Дземідовіч.

Паводле Аляксандра Дземідовіча, ягонага сына выпішуць са шпіталя хуткай дапамогі недзе праз тыдзень.

Інцыдэнт здарыўся 19 чэрвеня на вуліцы Прытыцкага. Раварыст, які на роварнай сьцежцы сутыкнуўся з 17-гадовым Васілём Дземідовічам, дастаў з заплечніка біту і ўдарыў хлопца па галаве гэтак, што той страціў прытомнасьць.

Аляксандар Дземідовіч кажа, што адносна хулігана мусяць завесьці справу таксама паводле артыкуле аб пакіданьні пацярпелага ў бездапаможным стане. Лекары дыягназавалі ў Васіля Дземідовіча чэрапна-мазгавую траўму.

Паводле сайту гарадзкой міліцыі, адносна затрыманага раварыста заведеная крымінальная справа па артыкуле аб хуліганстве.