Добраахвотны летапісец жыцьця і дзейнасьці першага і пакуль адзінага прэзыдэнта Беларусі, былы музэйны супрацоўнік Мікола Жыгоцкі выдаў чарговы панэгірык пра Лукашэнку. Пачынаючы ад канца 1990-х, гэта ўжо пяты дапрацаваны збор дакумэнтальнай хронікі пад ягоным аўтарствам. Адметна, што кніга «Аляксандар Лукашэнка. Жыцьцё і дзейнасьць» арыентаваная на беларускамоўнага чытача. У вольны ад апісаньня дзейнасьці Лукашэнкі час спадар Жыгоцкі займаецца дасьледаваньнем творчасьці Якуба Коласа.
Мікола Жыгоцкі расказвае, што піетэт перад прэзыдэнтам небеспадстаўны: ён таксама родам са Шклоўшчыны, таму лепш за іншых «адчувае сілу, якая выштурхнула земляка на вяршыню ўлады». Наведваючы малую радзіму, рэгулярна сустракаецца з Галінай Радзівонаўнай, жонкай Лукашэнкі, захоўвае ейны аўтограф на адной з кніжак. А піша дзеля таго, каб паказаць Лукашэнку «чалавечным», а не такім, як яго апісваюць «нячэсныя» аўтары:
«Я вам так скажу наконт усёй гэтай творчасьці. Некаторыя кніжкі пра яго чытаў, дык столькі там бруду, што не пераказаць. Прычым зусім не патрэбны бруд. Зрабіць нейкую заўвагу — гэта правільна. Але там поўнае абы-што, мне гэта дужа не падабаецца. Узяць Калінкіну, Шарамета з „Выпадковым прэзыдэнтам“, Карбалевіч выдаваў нешта, Фядута таксама пісаў, памятаю яшчэ „Шклоўскую страсьць“ Паўлавай. Яны апісалі прэзыдэнта з аднаго боку. А я пайшоў іншым шляхам: асабліва не заглыбляючыся ў палітыку, проста апавядаючы пра яго як чалавека».
Сувязь з галоўным героем у Міколы Рыгоравіча збольшага аднабаковая. Пасьля творчага экспэрымэнту ў 1997-м праз старэйшага сына Лукашэнкі Віктара на адным з сыгнальных асобнікаў альбомнага фармату зь няхітрай назвай «Аляксандар Лукашэнка — прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь» ён атрымаў аўтограф ад чытача № 1, якім «прыкрываецца» дагэтуль.
У прыватнасьці, гэта дазваляе не асабліва ўзгадняць зьмест у ідэалягічных інстанцыях:
«У нейкім сэнсе карыстаюся тым, што ён мне пакінуў надпіс на маёй першай выдадзенай кнізе. Вось бачыце, падпісаў: „Н.Г. Жигоцкому. С уважением. А. Лукашенко“. І расьпісаўся. Ну дык я падумаў: значыць, маю творчасьць ён ацаніў, падабаецца, што я пішу. І пачаў ужо дзесьці нават самастойна дзейнічаць, хоць крыху, можа, герархію і парушаю. Але, думаю, ладна, хай ужо даруюць. Таму што гэта ж адказная праца, столькі зроблена. Ахвота, каб матэрыял урэшце выліўся ў нейкую кніжку, разумееце?»
Зрэшты, публічна ацэньваць ролю асобы Лукашэнкі ў глябальным маштабе спадар Жыгоцкі не жадае. А пытаньне — ці патрэбна ратацыя на вышэйшай пасадзе ў Беларусі, бо пабітыя ўсе рэкорды нават савецкіх партыйных доўгажыхароў? — падштурхнула да непрыемных успамінаў:
«Баюся рабіць нейкія высновы... Бо як выйшла папярэдняя кніжка „Жыцьцё для людзей“, яе абмяркоўвалі дзесьці ў інтэрнэце. Нібыта ўсё добра, але нехта адзін напісаў: за такія рэчы Жыгоцкага варта расстраляць. Во, думаю, да чаго дажыўся на старасьці гадоў. Ну, што зробіш? Трэба ўсё проста перажыць, правільна? Гэтая кніжка ў мяне больш вытрыманая, больш аб’ектыўна падышоў, зрабіў усё як мае быць, хай будзе. Хочаце — напішыце інакш, каму не падабаецца. Правільна гавару ці не? Потым напішуць усялякае, калі Лукашэнкі ня будзе. Так, Брэжнева сапраўды пераседзеў, той 18 гадоў кіраваў. Але пакуль ён прэзыдэнт. Як ня будзе — панапісваюць усялякага, не сумнявайцеся. А сёньня прымайце, што ёсьць».
Your browser doesn’t support HTML5
Прашу Міколу Жыгоцкага працытаваць пару «аб’ектыўных і вытрыманых» ацэнак дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі. Начапіўшы акуляры, аўтар дэклямуе:
«Так, ну што тут мы можам узяць? Вось: „...Гэта адзіны палітык у Эўропе, які ўспрымае ісьціну перш за ўсё як катэгорыю сумленьня і пастаянна патрабуе ад падначаленых захаваньня маральных крытэрыяў у рашэньнях, якія яны прымаюць...“».
Карэспандэнт: «То бок гэта ваша выснова, аўтарская?»
«Так, правільна. І вось яшчэ: „Лукашэнка карыстаецца вялікім аўтарытэтам і ў нашай краіне, і за мяжой. Многіх захапляе яго сумленнасьць і шчырасьць, воля і настойлівасьць, энэргія і пастаянная гатоўнасьць вучыцца ва ўсіх, з кім зводзіць лёс“. Ну што, хопіць?»
Відавочна, што хопіць, пра ўсё красамоўна сьведчаць загалоўкі ў зьмесьце: «Супраць мафіі і карупцыі», «Галава баліць ня толькі пра хлеб надзённы», «Ад стабільнасьці да дынамічнага разьвіцьця», «Давер народа пацьвярджаецца», а як апатэоз — «Божы дар». Аднак, наракае суразмоўца, дзяржава ня надта заўважае ягоныя стараньні ды ня хоча ўкладаць грошы ў такую спэцыфічную літаратуру: сыгнальны наклад апошняй кніжкі — усяго 50 асобнікаў.
«Цяпер вось шукаю спонсараў. Можа, потым выдадзім яшчэ. „Беларусбанк“ мне адмовіў, там сказалі, што цяпер з грашыма цяжка стала, забаранілі раскідвацца. Таму шукаю іншых спонсараў. Калі знайду, то выдадзім хоць бы яшчэ паўсотні. Бо такая тэма, што можна запускаць».
Карэспандэнт: «Калі не сакрэт, колькі каштуе выдаць 50 асобнікаў?»
«9 мільёнаў рублёў. Для дзяржавы гэта ж ня грошы, правільна? Для мяне, пэнсіянэра — канечне, грошы вялікія, а для дзяржавы — ну чаго яны вартыя? Ідзеш слыхавы апарат купіць, дык 3–4 мільёны каштуе. Во ёлкі-палкі, дажыліся...»
Умовы жыцьця добраахвотнага прэзыдэнцкага хранікёра — абсалютна спартанскія. Адзіны пакой у старым шматкватэрным доме замяняе і кабінэт, і спальню, і залю прыёмаў.
Ня дзіва, што, жывучы на адну пэнсію, аўтар ня можа сабе дазволіць наняць добрага карэктара. У выніку кніжка пра прэзыдэнта стракаціць элемэнтарнымі артаграфічнымі памылкамі. Зрэшты, сам Мікола Рыгоравіч ня моцна перажывае:
«Во колькі я напісаў пра яго — ужо цэлая калекцыя! Хай дае ўжо ўзнагароду якую (сьмяецца). Дык ён нават дзякуй мне не напіша. Хоць аднойчы празь Пяткевіч, калі тая яшчэ працавала першай намесьніцай у адміністрацыі, перадаў падзяку, было такое. То бок — убачыў, ацаніў, сказаў ёй, каб паклікала ў адміністрацыю, сказала ад яго імя нейкія словы. Цяпер, відаць, Радзькоў на яе пасадзе. І ня бачыць, што калекцыя амаль як у Аляксандра Дзюма (сьмяецца). Хоць адзін біёграф знайшоўся, які піша пра ягоную дзейнасьць як прэзыдэнта».
Але на дасягнутым аўтар спыняцца намеру ня мае. Кажа, што апошнія падзеі ў сьвеце вымагаюць зьбіраць новы матэрыял, гэтым разам — пра «прэзыдэнта-міратворца»:
«Хачу схіліцца вось у які бок. На тле ўкраінскіх падзеяў Лукашэнка зноў набірае галасы, як бы каго гэта ні абурала. Стаў, бачыце, міратворцам, мае папулярнасьць ня толькі ў Беларусі. Таму ёсьць такія пляны, што трэба будзе перавыдаваць. Перад выхадам і так скарацілі, прыціснулі, а цяпер хачу дадаць ягоныя выказваньні па зьнешняй сытуацыі, а таксама пра сыноў, і яшчэ біяграфічны матэрыял. Буду працаваць, буду пашыраць: нешта падчышчу, нешта ўжо састарэе — балазе, перад выхадам ёсьць магчымасьць падправіць, лішняе выкінуць. Так што гэта мая тэма ўжо. Што ж вы думаеце, амаль 20 гадоў уклаў у справу! Гэта ж ня тое, што з бухты-барахты, фактычна паўсядзённая праца — у бібліятэцы, з дакумэнтамі, з газэтамі».
Газэтныя артыкулы — асноўны падмурак усіх кніжак Міколы Жыгоцкага. У імянным пераліку апошняга опусу наткнуўся нават на свой артыкул 20-гадовай даўнасьці ў тыднёвіку «Свободные новости», калі быў выпраўлены шукаць карані першага прэзыдэнта і ягоных сваякоў у Александрыю-Шклоўскую. Адзінае, на што расшчодрыліся куратары ў прэзыдэнцкай адміністрацыі, дык гэта на тое, каб забясьпечыць самадзейнага летапісца досыць рэдкімі фатаздымкамі зь сямейнага архіву кіраўніка краіны.