Баранавіцкаму актывісту, прадпрымальніку Міколу Чарнавусу забаранілі зладзіць мітынг. Ён падаваў заяўку на прабежку трушком з плякатам у парку.
Мікола Чарнавус падаваў заяўку на правядзеньне мітынгу да 1000 чалавек у Старым парку Баранавічаў. Аднак гарвыканкам не задаволіў яе, спаслаўшыся на тое, што заяўнік не прыклаў дамоваў на суправаджэньне акцыі зь міліцыяй, камунальнікамі і мэдыкамі.
«Але ў іх ёсьць сто прычынаў адмовіць, — кажа Мікола Чарнавус. — Нават калі б я прыклаў тыя дамовы, міліцыянты сказалі мне, што не дазволілі б акцыю з-за таго, што нельга праводзіць тысячны мітынг у неабгароджаным парку».
Пасьля забароны мітынгу Мікола Чарнавус падаў заяўку на правядзеньне «прабежкі трушком» у Старым парку 8 красавіка:
«Падчас бегу трушком па пэрымэтры Старога парку будзем выкарыстоўваць плякат з матэрыялу, даўжынёй 50 мэтраў. На ім будзе напісана: «Беларусы — прачынайцеся! Заводы і фабрыкі спыніліся. Вас чакае галадамор. Улада — сыходзь!»
Як распавёў Свабодзе Чарнавус, сваёй акцыяй ён хоча выказаць «пратэст супраць развалу эканомікі, зьбядненьня насельніцтва, зьніжэньня заробкаў».