У часе рэспубліканскай пэдагагічнай нарады, прысьвечанай рэформе адукацыі, Аляксандар Лукашэнка расказаў, як яго малодшы сын Мікалай Лукашэнка адрэагаваў на прапанову вярнуцца да пяцібальнай сыстэмы — у прыватнасьці, такую прапанову падтрымала Міністэрства адукацыі.
Аляксандар Лукашэнка сказаў, што мае дома ўласнага крытыка:
«Я яму кажу: пачытай пра пяцібальную сыстэму, дыскусія ідзе. А ён мне: ты ўжо зь дзевятай гадзіны прымусіў усіх заняткі пачынаць, табе яшчэ і пяцібальную сыстэму давай»,— цытуе Лукашэнку «Камсамольская праўда».
Раней Лукашэнка сказаў, што пачынаць вучобу ў школе трэба а 9-й гадзіне — і не глядзець на тое, што бацькам складана. І расказаў, што ягоны Коля на першых уроках сьпіць, бо рана даводзіцца ўставаць — маўляў, «усе сьпяць, і я прыкархну трошкі».
Як бы там ні было, сёлета для Мікалая Лукашэнкі ў ягонай школе ў Астрашыцкім гарадку першы званок будзе зьвінець а 9-й раніцы.
А вось з сыстэмай ацэнкі ведаў Лукашэнка, праўдападобна, яшчэ ня вызначыўся:
«Гэтае пытаньне ня мае крытычнай масы, каб прымаць нейкія рашэньні. Вось як я ацэньваю. Бяру дзёньнік — 9 балаў, а ў галаве пачынаю перакладаць на пяцібальную сыстэму: ага, 4 з плюсам. А назіраючы за дзіцём, разумею, што ён ужо ў пяцібальную сыстэму не пераводзіць. Настаўнікі таксама прывыклі. Але большасьць бацькоў схільныя да пяцібальнай, было прасьцей. Але справа ж не ў прастаце, а ў эфэктыўнасьці. Думаю, што гэта нязначна ўплывае на імкненьне нашых нашчадкаў атрымліваць ацэнкі».
Лукашэнка таксама прызнаўся, што ў свой час быў цяжкім вучнем і нават стаяў на міліцэйскім уліку. Але таму, што патрабаваньні да дысцыпліны ў той час былі нашмат вышэйшыя:
«Я быў цяжкім вучнем. Прызнаюся: у дзіцячым пакоі міліцыі на ўліку стаяў у пераходным узросьце. І калі прыходзіла жанчына, капітан міліцыі, мне пальцам трэсла — у мяне сэрца ў пяты ўцякала. Хоць я быў нахабістым хлопцам. Гэта значыць, дзесьці міліцыю трэба падключыць, каб дырэктару і настаўніку дапамагчы. Таму што ў школе вольніцы шмат»,— цытуе Лукашэнку Tut.by.
Адной з умоваў падтрыманьня дысцыпліны Лукашэнка лічыць неабходнасьць школьнага дрэс-коду.