Пачалося фармаваньне ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам на прэзыдэнта лідэра аргкамітэту па стварэньні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалая Статкевіча. Пра гэта БелаПАН паведаміў адзін з кіраўнікоў аргкамітэту Сяргей Скрабец.
«Я сам, калі пачнецца выбарчая кампанія, панясу афіцыйна дакумэнты на рэгістрацыю групы, — заявіў Скрабец. — Як юрыст, лічу, што яе абавязаны зарэгістраваць. У нас у выбарчым кодэксе не прапісана, чыю групу абавязаны зарэгістраваць, а чыю не. Таму мы лічым, што ў нас ёсьць магчымасьць зарэгістраваць ініцыятыўную групу і сабраць, як мы плянуем, 150 тысяч подпісаў».
Паводле словаў Скрабца, стварэньне ініцыятыўнай групы падтрымліваюць Зьміцер Дашкевіч, Уладзімер Навасяд, Вячаслаў Сіўчык. Выказваліся ў падтрымку стварэньня Ўладзімер Някляеў і Андрэй Саньнікаў.
Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД) Павал Севярынец заявіў БелаПАН, што БХД і ён асабіста гатовыя зьбіраць подпісы ў падтрымку Мікалая Статкевіча і ўвайсьці ў яго ініцыятыўную групу.
Як патлумачыў Севярынец, сэнс гэтай кампаніі не ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы і тым больш не ва ўдзеле ў выбарах, якіх у Беларусі няма, а ў салідарнасьці.
«Калі ініцыятыўную групу зарэгіструюць, гэта будзе збор подпісаў за вызваленьне ўсіх беларускіх палітвязняў, — сказаў сустаршыня аргкамітэту БХД. — Калі ініцыятыўная група ня будзе зарэгістраваная, зьбіраць подпісы ў масавым парадку за вызваленьне палітвязьняў нам ніхто не забараняе і без рэгістрацыі. Потым гэтыя подпісы могуць як падавацца ў органы ўлады, так і быць аргумэнтам у размове зь міжнароднай супольнасьцю аб тым, што ў Беларусі ёсьць шмат людзей, якія патрабуюць вызваленьня палітвязьняў».
Сам Севярынец зьбіраў подпісы людзей, гатовых увайсьці ў ініцыятыўную групу Статкевіча, 26 красавіка падчас акцыі «Чарнобыльскі шлях» у Менску. «На акцыі мы сабралі больш за 200 подпісаў. На сёньня, па інфармацыі БХД, больш за 500 чалавек пагадзіліся ўвайсьці ў ініцыятыўную групу. Іншыя арганізацыі — партыя Статкевіча, Аб’яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу, „Малады фронт“, рух „Разам“ — зьбіраюць подпісы і за ўступленьне ў ініцыятыўную групу, і за вызваленьне Статкевіча», — сказаў Севярынец.
У Цэнтравыбаркаме заяўляюць пра немагчымасьць рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік паведаміў, што пры рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў першую чаргу разглядаецца, каго яна будзе вылучаць, ці можа гэты чалавек быць кандыдатам. «У адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам Мікалай Статкевіч ня можа быць кандыдатам у прэзыдэнты, бо ў яго непагашаная судзімасьць», — растлумачыў сакратар ЦВК.
Мікалай Статкевіч — кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, асуджаны ў траўні 2011 году на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер ён знаходзіцца ў магілёўскай турме № 4. Міжнародныя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным вязьнем.