Менскі БРСМ узначаліў камуніст, які кідаўся на Дашкевіча. Дашкевіч яго віншуе

Сяргей Клішэвіч супраць актывістаў «Маладога Фронту» падчас адкрыцьця помніка Леніну каля МТЗ, 7 лістапада 2016 году

Менскую гарадзкую арганізацыю БРСМ узначаліў Сяргей Клішэвіч, які раней займаў пасаду другога сакратара ЦК БРСМ, піша «Минск-новости».

Клішэвіч адзначыўся тым, што 7 лістапада 2016 году кідаўся на лідэра «Маладога Фронту» Зьмітра Дашкевіча. Інцыдэнт здарыўся падчас адкрыцьця помніка Леніну, вынесенага з тэрыторыі Менскага трактарнага заводу на пляцоўку перад прахадной МТЗ. Сярод іншых супраць ушанаваньня Леніна пратэставаў Зьміцер Дашкевіч.

«Выслужыўся, — кажа Свабодзе Дашкевіч пра новае прызначэньне Сяргея Клішэвіча. — Гэтай уладзе трэба толькі адна характарыстыка чыноўніка: лізаблюд. І гэты таварыш прадэманстраваў сваю поўную прафэсійнасьць у гэтай сфэры, таму віншую яго».

7 лістапада 2016 году на акцыі камуністаў Зьміцер Дашкевіч выйшаў з плякатам з цытатай з газэты «Известия» часоў бальшавікоў: «Чем большее число представителей духовенства удастся нам расстрелять, тем лучше». Клішэвіч накінуўся на яго, цягаў за куртку з крыкамі: «Ленин! Партия! Комсомол!»

Пасьля Дашкевіча панесьлі супрацоўнікі міліцыі. У час затрыманьня нехта наносіў Дашкевічу хаатычныя ўдары па галаве, але ён ня ўпэўнены, ці яго біў менавіта Клішэвіч: усё адбывалася хутка і хаатычна, ён не разабраў, хто менавіта яго біў. На відэа не відаць, ці бʼе Дашкевіча менавіта Клішэвіч, але відаць, што ён удзельнічае ў нападах на праціўнікаў адкрыцьця помніка.

Your browser doesn’t support HTML5

Пад воклічы «Ганьба!» адкрылі помнік Леніну ў Менску

Пасьля таго зьбіцьця Дашкевіч атрымаў штраф у 1050 рублёў. Яго аштрафавалі за «непадпарадкаваньне міліцыі», хоць на відэа не відаць, каб міліцыя ў час затрыманьня выстаўляла яму нейкія патрабаваньні, а таксама за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі», хоць акцыя БРСМ была санкцыянаваная.