ТАА «БелЭкспрэс Бай» ажыцьцяўляе трансфэры зь Беларусі ў Крым праз тэрыторыю Расеі. Гэты маршрут арганізаваны ў парушэньне заканадаўства Ўкраіны.
«Вы хочаце нам дапамагчы, каб украінскі бок заявіў пратэст?»
На сайце кампаніі паведамляецца, што дастаўка пасажыраў ажыцьцяўляецца аўтобусамі ў санаторый «Белоруссия» ў горадзе Ялта. Аўтобусы пасьля выезду зь Беларусі «едуць па тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі».
Выканаўца абавязкаў дырэктара «БелЭкспрэс Бай» Дзяніс Папкоў сказаў карэспандэнту Свабоды, што аўтобус ходзіць раз на чатыры дні.
«Мы проста дастаўляем нашых турыстаў на адпачынак. Ёсьць санаторый у Крыме, і мы іх проста дастаўляем да санаторыю. Яны ўсё роўна ж будуць дабірацца да яго. Мы проста дапамагаем ім даехаць больш бюджэтна».
Ці папярэджвае ТАА «БелЭкспрэс Бай» сваіх кліентаў, што яны парушаюць заканадаўства Ўкраіны і што паводле ўкраінскіх законаў за наведваньне акупаванага Расеяй Крыму могуць забараніць уезд ва Ўкраіну?
— Не, мы пра гэта не папярэджваем. Ну, калі чалавек ляціць на самалёце, яму нехта кажа, што ён парушае ці не парушае?! Людзі ўсё роўна будуць дабірацца да санаторыю і да адпачынку. То бок у кожным разе яны будуць езьдзіць.
— Была нечая санкцыя на арганізацыю такога маршруту?
— ...Мы дастаўляем нашых турыстаў да санаторыю, гэта больш бюджэтна і зручна. Таму каму трэба туды паехаць, яны ўсё роўна паедуць.
— А ўкраінскі бок не заяўляў вам пратэст супраць такога трансфэру?
— Вы хочаце нам дапамагчы, каб украінскі бок заявіў пратэст? Вы ведаеце, я сам езьдзіў у Крым, а потым заяжджаў ва Ўкраіну, і ў мяне не было ніякіх праблем. Калі людзям выдзяляюць пуцёўкі, то чаму яны ня могуць туды зьезьдзіць? Калі чалавек хоча туды паехаць, ён усё роўна паедзе. Я думаю, усе дарослыя людзі і кожны ведае заканадаўства пра Крым. Але часьцей за ўсё людзі ляцяць самалётам.
«Яны не парушаюць закон аб рэкляме»
Трансфэр зь Беларусі ў Крым, які прадстаўляе ТАА «БелЭкспрэс Бай», шырока рэклямуецца на беларускім турыстычным партале Holiday.by. Дырэктар кампаніі Андрэй Барашка сказаў карэспандэнту Свабоды, што партал не адказвае за зьмест рэклямы.
«Ёсьць такое паняцьце, як той, хто дае рэкляму. Мы бяром грошы толькі за факт публікацыі. Усё астатняе — тэлефануйце да „БелЭкспрэс Бай“, кампаніі, якая возіць, і пытайцеся ў іх, парушаюць яны ці не парушаюць нешта. Для мяне як уладальніка сайту яны не парушаюць закон аб рэкляме. Ёсьць інфармацыя пра таго, хто прадстаўляе паслугі. І вы да яго павінны зьвяртацца», — кажа дырэктар парталу.
«Я ж не магу гэтыя сайты рэдагаваць і неяк указваць»
Крымскі санаторый «Белоруссия» Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Беларусі таксама на сваім сайце запрашае прыяжджаць да сябе праз тэрыторыю Расеі. У разьдзеле «Як да нас даехаць» на сайце санаторыю прапануюць дабірацца тым жа аўтобусам з дапамогай кампаніі «БелЭкспрэсСэрвіс». Такі самы спосаб прапануецца на сайце Беларускага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Цэнтракурорт», якое таксама ўваходзіць у сыстэму Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Беларусі.
Начальнік аддзелу маркетынгу і рэклямы РУП «Цэнтракурорт» Сяргей Вярлуп сказаў карэспандэнту Свабоды, што трэба зьвяртацца да адміністрацыі санаторыю і да тых кампаній, якія разьмяшчаюць інфармацыю пра даезд у Крым зь Беларусі праз тэрыторыю Расеі.
— Я не магу камэнтаваць, што рэклямуюць калегі ў санаторыі, мне трэба з гэтай інфармацыяй азнаёміцца. Таму я цяпер пакідаю ваша пытаньне без камэнтароў.
— А што тычыцца рэклямы на сайтах «БелЭкспрэс Бай», Holiday.by адносна даезду да вашага санаторыю праз тэрыторыю Расеі?
— Мне цяжка сказаць, з чым гэта зьвязана. Я ж не магу гэтыя сайты рэдагаваць і неяк указваць. Відаць, зь нейкага моманту гэтая інфармацыя была. Магчыма, паправяць. Мне цяжка камэнтаваць, што робяць калегі на сваіх сайтах. Гэта вам трэба наўпрост у іх удакладніць.
— Але ж санаторый адносіцца да кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, вы мусіце неяк кантраляваць, відаць?
— Я іх не кантралюю. А тое, што яны прынялі нейкую палітыку і робяць, гэта ўжо як калегі яны нам паведамляюць, і мы, адпаведна, гэтую інфармацыю выкарыстоўваем. Таму, што тычыцца санаторыю, вам трэба непасрэдна зьвярнуцца ў санаторый і там удакладніць.
Свабода паспрабавала распытаць пра сытуацыю з праездам у санаторый «Белоруссия» яго дырэктара Барыса Андрасюка. Але Андрасюк адказаў «До свидания. Всё» і паклаў слухаўку.
Санаторый «Белоруссия» месьціцца ў Карэізе, што пад Ялтай. Зарэгістраваны ў Расеі і мае кантракты, сярод іншага, зь бюджэтнымі арганізацыямі Расеі.