7 ліпеня на родавых могілках у вёсцы Сьцяг Працы пад Гомелем урачыста адкрыты помнік герою Нябеснай Сотні, беларусу Міхасю Жызьнеўскаму.
Ва ўрачыстасьці ўзялі ўдзел грамадзкія актывісты з Гомеля, Менску, Гародні, госьці з Украіны.
Адкрыў жалобную цырымонію гомельскі палітык Уладзімер Кацора, які быў адным з тых, хто зьбіраў грошы на помнік герою Майдана:
«Калі мы хавалі Міхася Жызьнеўскага, то вырашылі, што зьбяром сродкі, каб у камені ўшанаваць памяць нашага земляка. Грошы зьбіралі па ўсёй Беларусі. І сям’я героя іх таксама давала. Міхась — народны герой, сапраўдны дэмакрат, патрыёт. Багата хто зь беларускіх палітыкаў, у тым ліку і тых, хто пры ўладзе, хацелі, каб патрыятызм і геройства было толькі ў тым рэчышчы, у якім яны гэта бачаць, — у рэчышчы нейкай іхняй ідэалёгіі, якую яны нават не змаглі выпрацаваць. Але перамены прыходзяць нечакана, зьнізу. Подзьвіг і жыцьцё Міхаіла таму пацьверджаньне. У нас багата людзей, якія жывуць Беларусьсю, жывуць ідэаламі дэмакратыі».
З помніка спадае белае пакрывала, што дагэтуль было перавязана чырвонай стужкай. Сьвятар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леанід Акаловіч чытае малітву і асьвячае помнік Міхаілу Жызьнеўскаму.
Паэт Эдуард Акулін, аўтар эпітафіі на помніку, дзякуе бацькам, што нарадзілі такога выдатнага сына:
«Кожны з нас — гаспадар свайго лёсу. Дыярыюш свайго жыцьця Міхась Жызьнеўскі напісаў уласнай крывёю на засьнежаным аркушы кіеўскага Майдана. І гэты ўчынак паставіў яго ў адзін шэраг з такімі нацыянальнымі змагарамі за свабоду, як Тадэвуш Касьцюшка, як Кастусь Каліноўскі, як Валеры Ўрублеўскі. Кажуць, што тыя, хто кіруе сёньняшнім днём, яны кіруюць мінулым. А тым, хто кіруе мінулым, падуладна будучыня. Сёньня мы тут — творцы гісторыі. І я проста перакананы, што пройдзе час, і наша будучае пакаленьне па-сапраўднаму ацэніць той учынак, той подзьвіг, які зьдзейсьніў Міхась Жызьнеўскі».
Паэт заявіў, што ніколі не пісаў вершаў на замову. Але калі забілі на Майдане стрэлам у сэрца Міхася Жызьнеўскага, паэт, які мае двух сыноў, успрыняў страту як сваю ўласную. І нарадзіўся верш «Памяці Міхася Жызьнеўскага», чатырохрадкоўе зь якога па выбары сям’і Жызьнеўскіх высечана на помніку:
Калі забіваюць сына —
Ня здацца сябе прымусь...
Па сэрца ў крыві Ўкраіна,
Па вочы ў сьлязах Беларусь...
Акулін упершыню публічна прачытаў верш над магілай Жызьнеўскага.
Выступіў і паплечнік Міхася Жызьнеўскага па абароне Майдана, беларус з Гародні Дзяніс Івашын:
«Для мяне вялікі гонар называць Міхася пабрацімам з Майдана. Мы разам трымалі абарону Майдана, былі на вуліцы Грушэўскага, калі там пачаліся баі. Сталася так, што куля абрала яго, а не мяне. Ён даказаў не на словах, а на справе, што варты сьвятых ідэалаў свабоды і дэмакратыі, гонару і годнасьці. Ён даказаў, што ён мужны рыцар гэтых чыньнікаў. Міхась адкрыў сабой Пантэон сучасных беларускіх герояў».
Ад украінцаў бацькоў Жызьнеўскага і яго сястру Наташу вітаў Сяргей Сіненка, які прыехаў на адкрыцьцё помніка з Запарожжа. Ягоны сын таксама загінуў падчас Рэвалюцыі годнасьці і свабоды ў Кіеве. Яны ўсе, як сказаў украінец, — героі нашага часу:
«Няхай Божанька аберагае ўсіх абаронцаў, што пайшлі на нябёсы дзеля волі і свабоды нашай дзяржавы — Украіны, а таксама і Беларусі. Мы павінны быць вольнымі».
Украінцы падрыхтавалі ліст-зварот да прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, каб той як найхутчэй надаў званьне героя Міхасю Жызьнеўскаму і двум грузінам, якія загінулі на Майдане, хоць яны і не ўкраінскія грамадзяне. Пад зваротам падпісаліся і беларусы, якія прыехалі на ўрачыстае адкрыцьцё помніка Міхасю Жызьнеўскаму.
Урачыстасьць на могілках праходзіла пад беларускімі гістарычнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі і ўкраінскім жоўта-блакітным. Завяршылася яна супольным выкананьнем украінскага дзяржаўнага гімну і беларускага рэлігійнага гімну «Магутны Божа».