«Ой ты, край мой залаты». Падарожжа на радзіму Міхася Кавыля напярэдадні 101-х угодкаў з дня нараджэньня

Міхась Кавыль, 1952 год

Якія нечаканыя сюрпрызы дорыць часам цывілізацыя! У дзявятым годзе я рабіў перадачу «Барды Свабоды», у якой браў удзел беларускі бард з украінскімі каранямі Валянцін Каваліў. І на адну ягоную песьню я зьвярнуў асаблівую ўвагу. Бо песьня, дзякуючы прыгожай мэлёдыі і немудрагелістым, але кранальным словам, запаміналася адразу. І вось празь сем гадоў пасьля той перадачы я зноў пачуў гэтую песьню. Дзякуючы Фэйсбуку і Ютʼюбу, дзе невядомыя людзі зрабілі просты кліп.

Your browser doesn’t support HTML5

«Ой, ты край мой залаты». Сьпявае Валянцін Каваліў на словы Міхася Кавыля


Я даў паслухаць гэтую песьню дачцэ, і тая адразу ж захацела яе вывучыць. Напэўна, гэта найлепшы сродак праверыць песьню на будучую папулярнасьць — даць яе паслухаць дзіцяці, якое любіць сьпяваць. І калі песьня вартая, яна будзе ўжо жыць сваім жыцьцём.

Цікава, ці ведае пра гэтую песьню аўтар самога верша? Пры сёньняшніх тэхналёгіях, можа, і ведае. Але пры сёньняшняй мітусьні мог і не даведацца, што ягоныя словы сьпяваюць на радзіме. Бо аўтару, паэту Міхасю Кавылю, 1 сьнежня споўніцца 101 год.

Міхась Кавыль зь сямʼёй. Пачатак 70-х гадоў.

Сапраўднае імя гэтага чалавека — Язэп Казіміравіч Лешчанка. Ён нарадзіўся ў вёсцы Покрашава, што на Случчыне. Вучыўся ў Беларускім пэдагагічным тэхнікуме. Быў сябрам літаратурнага абʼяднаньня «Маладняк». Друкаваўся з 1929 году. У 1933 годзе, як паведамляе Вікіпэдыя, «быў арыштаваны і асуджаны на 3 гады зьняволеньня па справе «Беларускай народнай Грамады». Пакараньне адбываў на Далёкім Усходзе. У 1935 годзе вызвалены, да 1941-га жыў у Варонежы, дзе вучыўся ў пэдагагічным інстытуце, працаваў на машынабудаўнічым заводзе «Камінтэрн», настаўнічаў. З Варонежа быў мабілізаваны ў Чырвоную армію. У 1942-м трапіў у палон. Але ў 43-м выйшаў на волю і вярнуўся ў Менск, скончыўшы прапагандысцкія курсы Саюзу беларускай моладзі. У Менску працаваў у аддзеле прапаганды. Пасьля вайны пераехаў у ЗША, дзе жыве і па сёньня.

Едучы ў Покрашава, я зусім не спадзяваўся знайсьці тых, хто памятае Язэпа Лешчанку. І блукаючы па покрашаўскіх вуліцах, каля нэагатычных будынкаў слуцкага воцатнага заводу, нічога талковага ня мог дабіцца ад людзей. Бо імя Міхась Кавыль людзям было невядомае. Пакуль адна спадарыня не накіравала мяне да Сяргея Шклярэўскага. Ён, сказала мне спадарыня, «ведае ў Покрашаве ўсіх. І жывых, і мёртвых».

Сяргей Шклярэўскі — сапраўды ўнікальны чалавек. І ня толькі для Покрашава, а для ўсёй краіны. Гэты сівы, спакойны, разважлівы, зь цёплай усьмешкай у вачах, немалады чалавек працуе ў Покрашаве фэльчарам. Працуе 66 гадоў. На адным месцы. Ад 1950 году. Са сталінскіх часоў. Нечаканага госьця ён прыняў па-беларуску. Гэта значыць — з кавай, чаем і ўсімі кілбасамі, сырамі, што былі ў лядоўні. Сёньняшні час Шклярэўскі называе адпачынкам у параўнаньні зь пяцідзясятымі, калі пачынаў тут сваю фэльчарскую практыку.

— Прыяжджалі хто на ровары, хто на кані. Хто пешкі. І просяць: «Дапамажыце, дзіця памірае». Альбо роды пачаліся. Тады ж роды ў хаце ўсе былі. Тады, у 50-я, мы з акушэркай прымалі па семдзясят родаў на год. Былі і драматычныя выпадкі. Але выходзіў пераможцам. У антысанітарных умовах, у хаце. Ёдам руку абліваеш, залазіш па локаць — і матку пазногцямі. Бо інакш упусьціш момант, і... У чалавеку чатыры літры крыві. І калі яна цячэ струменьчыкам, праз дваццаць хвілін і вочы на лоб пойдуць. А цяпер чатыры-пяць родаў. І ўсё ў радзільных дамах. А тады дарогі якія былі? Асфальту ж не было. Коньмі па кочках. Працавалі напружана. А хірургічныя хворыя? Цяпер мо за ўвесь год які апэндыцыт трапіцца. А тады то заварот кішак, то апэндыкс, то прабадная язва. Амаль кожны дзень.

Спадар Сяргей сам мог бы напісаць найцікавейшыя мэмуары. Чаго толькі не было ў ягоным жыцьці. Нарадзіўся на Случчыне. Бацьку расстралялі немцы за сувязь з партызанамі. Па вайне жыў у пасьляблякадным Ленінградзе. Але спазьніўшыся аднойчы на працу, што гразіла турэмным тэрмінам, пакінуў імпэрскую сталіцу і вярнуўся ў Беларусь. На свае вочы Шклярэўскі бачыў знакаміты парад Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве, вядомы нам па кінакадрах, дзе савецкія салдаты кідаюць нацысцкія штандары да маўзалея. Вучыўся на фэльчара ў Бабруйску. І, трапіўшы на вольнае месца фэльчара ў Покрышава, затрымаўся тут на ўсё жыцьцё. Покрышаўцам пашанцавала.

Імя Міхася Кавыля старому фэльчару добра вядомае. Спачатку пра Язэпа Лешчанку ўсё, што можна, выпытвалі паваенныя савецкія эмгэбэшнікі. А пасьля да Покрашава з Амэрыкі дайшлі кнігі Міхася Кавыля.

Ім цікавіліся нашы органы. Пасьля вайны. Часта зь сельсавету прыходзілі. «Ці ёсьць сувязь хоць нейкая?»

— На вайне ён трапіў у палон. Напэўна, пакрыўджаны быў на ўладу, што яго незаконна арыштавалі і пасадзілі. І пайшоў служыць немцам. Хлопец быў граматны. І ў Менску быў ідэалягічным работнікам. Ну, а калі адступалі, сышоў зь немцамі. Працаваў на заводзе ў Германіі. Траўміраваў руку. А пасьля нейкім чынам у Амэрыцы апынуўся. Ім цікавіліся нашы органы. Пасьля вайны. Часта зь сельсавету прыходзілі. «Ці ёсьць сувязь хоць нейкая?» У яго тут засталася маці, тры сястры. Ва ўсіх сёстраў дзеці. Ён там ажаніўся з дачкой былога паліцыянта. Яна сьмела прыяжджала да нас у вёску. Кнігі яго я чытаў. Настолькі яго кнігі прасякнутыя тугой па Радзіме! Успамінае і вяз гэты, што каля іх расьце, і сьцежкі, па якіх хадзіў, і дзяўчыну, якой сымпатызаваў. Па родзе сваім, па ўсім вельмі станоўчы чалавек. Але так склаўся лёс...

Помніш‚ мама‚ той горад вялікі?
Белы дом з вартавымі... вастрог?
На пабачаньні ты чаравікі
Мне зьняла з сваіх змучаных ног...

Вартавы панукаў: «Поскорее!..»
Разьвіталіся мужна‚ бязь сьлёз.
А назаўтра туды‚ дзе ня грэе
Ўлетку сонца‚ цягнік нас павёз...

Шмат нас тут і малых, і вялікіх‚
Шмат хто холад падужаць ня змог...
І калі б не твае чаравікі‚
Я таксама... застаўся б бяз ног...

Вартавыя крычаць: «Поскорее!..»
Пераношу ўсё мужна‚ бязь сьлёз.
Ой‚ калі ж мяне сонца сагрэе
Ў тым краі‚ дзе радзіўся і рос?!

Са спадаром Шклярэўскім мы пайшлі ў госьці да Ніны Шчарбіцкай. Унучатай пляменьніцы Міхася Кавыля, якая ніколі ня бачыла свайго знакамітага стрыечнага дзеда. Але вершы ягоныя чытала.

— Я сабе перапісала ягоныя вершы. Сваёй дачцэ расказвала. Неяк залезьлі ў інтэрнэт, паглядзелі здымкі. У нас захаваліся лісты, фатаздымкі. Яны нам пасылкі дасылалі ўвесь час. Але апошнім часам страцілі сувязі. Але мы ведаем, памятаем, разумеем. Ягоная кніга — гэта крык душы.

Ніна напрыканцы 80-х зьбіралася ў ЗША. Звазіць сваю бабулю Ядвігу ў госьці да брата. Але ня склалася. Бабуля захварэла і памерла.

— Мая мама некалі пытаньне задала яму. Ці хочацца на Радзіму? А ён напісаў, што на чужыне толькі ненармальнаму чалавеку можа быць добра.

Ёсьць нейкі цуд у тым, што даваенны дом Лешчанкаў, дзе і нарадзіўся паэт, да гэтае пары стаіць. Пачарнелая ад часу хата сярод цагляных катэджаў новага часу. Але ўбачыць свой дом паэт так і не наважыўся. Пасьля савецкіх турмаў і высылак ні ў якую перабудову, напэўна, не паверыў. Працягвае Ніна.

— Ён у лістах пытаў — ці растуць тыя вязы? Адчувалася ягоная туга. Баяўся, вядома, прыяжджаць. Неяк ён зьбіраўся. І напісаў, што прыедзе. А пасьля яму зрабілі апэрацыю на адным воку, пасьля на другім.

Толькі за сам факт перапіскі з амэрыканскім сваяком бацьку Ніны звольнілі з працы. Ён працаваў на будоўлі вайсковых абʼектаў.

— Калі даведаліся, што бацька перапісваецца, яго адразу звольнілі. Хаця ж ня сам бацька перапісваўся, а ягоная маці, мая бабуля. Неяк дзед папрасіў сфатаграфаваць ягоную хату. А пасьля чамусьці папрасіў, каб яму не высылалі гэтую фатаграфію. Мо баяўся чаго?

За вастрожнай сьцяной ды ў няродных краёх
Маладосьць мая ўся праляцела.
Сум па роднай зямлі выеў сэрца маё‚
А цынга перагрызла цела.

Голад мучыў мяне‚ як агнём, дапякаў‚
Забіраў ён апошнюю сілу...
Я карэньне гладаў‚ я ратунку шукаў —
Маладым не хацеў у магілу.

Сам ня ведаю як‚ мабыць‚ Бог захацеў‚
Каб я вынес пакуты Тантала.
Дзякуй Богу‚ ня ўмёр‚ ды жыву без уцех —
маладосьць у вастрогах завяла.

Са спадаром Шклярэўскім мы дайшлі да Галіны, яшчэ адной унучатай пляменьніцы. Галіна адзіная са сваякоў езьдзіла да Язэпа Лешчанкі ў ЗША. Разам з мужам Уладзімерам. А яшчэ ў Галіны ёсьць кніжка Міхася Кавыля. Маладжавая вясёлая Галіна была вельмі зьдзіўленая маім паведамленьнем, што яе стрыечны дзед, у якога яна гасьцявала чвэрць стагодзьдзя таму, жывы.

— Ён яшчэ жывы? У мяне ягоная кніжка ёсьць! Мы і ў Амэрыку езьдзілі. Сувязь такая дарагая. Мы раней званілі, усё на сьвеце. Я і ня думала, што ён яшчэ жывы.

Да размовы далучыўся муж Галіны Ўладзімер. Мяркуючы па колеры твару, чалавек нялёгкага змаганьня зь зялёным зьміем. Слухаючы яго, я каторы раз пераканаўся, як асьцярожна трэба слухаць дальніх сваякоў і знаёмых.

— Паліцай ці хто ён там быў? Я знаю, што ён быў асьведаміцелем. Я ўсё знаю.

Ці не таму паэт не сьпяшаўся на радзіму, што не хацеў лішні раз слухаць за сьпінаю нядобры шэпт савецкіх калгасьнікаў? Для Галіны і Валодзі было цудам, што ў сямʼі паэта ўсе гавораць па-беларуску.

— Яна на мяне крычала: «Галя! Ты чаго на рускай мове гаворыш?»

Валодзя абураўся.

— Яны ўнукаў прывучалі! Штобы яны гаварылі на беларускім. Есьлі яны не гаварылі на беларускам, то яны ім нікакога вазнаграждзенія не давалі. Дык яны ўжо шпрэхалі троху. Там, калі сын прыйшоў і прыбраў кварціру, ім бацькі за гэта плоцяць. У іх усё платнае.

Галіна не палюбіла Нью-Ёрк.

— Мне зусім не спадабаўся Нью-Ёрк. Спусьціліся ў мэтро. Там ваабшчэ гразь, усё пацарапана. Некрасіва.

Такім чынам, Амэрыка Галіне і Валодзю не спадабалася. Самым яскравым момантам паездкі быў, мяркуючы па агні ў Валодзевых вачах, выйгрыш на гульнявым аўтамаце 99 даляраў. Зрэшты, можа, гэта самая вялікая падзея ў Валодзевым жыцьці.

— Усе папрайгравалі. А я выйграў 99 долараў!

А кніжку, якую падарыў Міхась Кавыль Галіне, яна так і не знайшла.

— Там такая была кніжка! Санэты. Тамака ўсе ягоныя вершы. Па-беларускаму там очань многа.

Куды ісьці? Каму ў вакно пастукаць?
Хто мне адчыніць і працягне рукі‚
Як тры гады было таму назад?
Вось тут калісь стаяла наша хата‚

А тут гуляў я часта зь меншым братам‚
І нам шумеў густы зялёны сад...
Няма‚ няма ні саду‚ ані хаты:
Да трэскі ўсё расьцягнута‚ пакрата...

Ў далёкі край пайшоў мой меншы брат.
А бацька дзе? А сёстры‚ а матуля?
Даўно яны ў чужой зямлі паснулі,
І іх цяпер дабудзісься наўрад.

Куды ісьці? Каму ў вакно пастукаць?
Хто мне адчыніць і працягне рукі‚
Як тры гады было таму назад?

У Беларусі шмат чаго яшчэ нядобрага можа адбыцца. Але вершы і песьні ўжо забараніць ня ўдасца нікому. І з гэтым 101-гадовага паэта Міхася Кавыля таксама можна павіншаваць.