Трох хлапцоў вінавацяць у стварэньні графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе...», а таксама ў тым, што запэцкалі сацыяльную рэкляму зь міліцыянтам.
У панядзелак 25 студзеня перад судом Фрунзэнскага раёну Менску па «справе графіцістаў» сталі тры хлопцы, Максім Пякарскі, Вячаслаў Касінераў і Вадзім Жаромскі, апошняга адмыслова выпісалі са шпіталя.
Усе тры хлопцы не прызнаюць сваёй віны, а пацярпелы прадпрымальнік, чый білборд пашкодзілі, адмовіўся ад прэтэнзіяў, бо яму ўжо кампэнсавалі страты ў 2 млн рублёў. У час суду абвінавачаных апытвалі пра сэнс іхніх графіці, намаляваных у 2015 годзе, і асобных дэталяў на іх, а таксама сэнс закідваньня фарбай сацыяльнай рэклямы зь міліцыянтам. Маці Касінерава абуралася траўмамі (у тым ліку пераломам сківіцы), нанесенымі сыну пры затрыманьні.
Справу з 6 тамоў ня здолелі разгледзець за адзін дзень (і ня здолелі задаволіць просьбу весьці суд па-беларуску), у працэсе абвешчаны перапынак да 9:30 26 студзеня.
Падчас суду ў залі Павал Сяргей і Максім Шыцік вывесілі лёзунг «Не — палітычным перасьледам». Актывісты крычалі: «Мастацтва — не злачынства», іх гвалтам вывелі з суду. У калідоры былі чуваць гукі барацьбы, далейшы лёс актывістаў пакуль невядомы.
Your browser doesn’t support HTML5
Хлопцы адбылі ўлетку амаль па месяцы ў сьледчым ізалятары, адкуль выйшлі пад падпіску аб нявыезьдзе пасьля акцыяў салідарнасьці і пратэсту. Максіма Пякарскага будуць судзіць паводле артыкула аб апаганьваньні збудаваньняў і псаваньні маёмасьці, Вадзіму Жаромскаму да гэтага абвінавачаньня дадалі хуліганства ў складзе групы, Вячаславу Касінераву інкрымінавалі псаваньне маёмасьці.