Маск стаў першым чалавекам у сьвеце, які валодае маёмасьцю, большай за $400 млрд

Ілан Маск

Ілан Маск стаў першым чалавекам у сьвеце, чыё багацьце перавысіла 400 мільярдаў даляраў, перадае Bloomberg.

Паводле агенцтва, каталізатарам росту багацьця бізнэсоўца стаў інсайдэрскі продаж акцый SpaceX, у выніку чаго чысты капітал Маска павялічыўся прыкладна на 50 мільярдаў даляраў, перавысіўшы 439 мільярдаў.

У сераду SpaceX і яе фундатары дамовіліся аб куплі акцый на суму 1,25 мільярда даляраў у супрацоўнікаў і іншых уладальнікаў кампаніі. Агульны кошт кампаніі ў выніку ўгоды ацэньваецца ў 350 мільярдаў.

Bloomberg адзначае, што ў апошні час капітал Маска рэзка ўзрос на фоне перамогі Дональда Трампа на выбарах прэзыдэнта ЗША. Мільярдэр адкрыта падтрымаў кандыдата ад Рэспубліканскай партыі і выступіў спонсарам.

У сваю чаргу, Трамп падчас перадвыбарнай кампаніі заяўляў, што спросціць укараненьне бесьпілётных аўтамабіляў і адменіць падатковыя льготы для электрамабіляў, якія дапамагаюць канкурэнтам Tesla. Пасьля гэтага акцыі Tesla вырасьлі прыкладна на 65 адсоткаў.

У новай адміністрацыі Трамп Маск павінен заняць пасаду кіраўніка нядаўна створанага Дэпартамэнту эфэктыўнасьці ўраду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другі запуск «Starship» завяршыўся няўдачай, аднак Ілон Маск лічыць яго пасьпяховым
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Багацьце Ілана Маска павялічылася на 26,5 мільярда даляраў пасьля перамогі Трампа на выбарах у ЗША