Надвор’е 9 студзеня: «аранжавы» ўзровень небясьпекі. Моцныя маразы адступяць удзень, але захаваюцца ноччу

Маразы ў Менску, архіўнае фота

«Аранжавы» ўзровень небясьпекі ў сувязі з моцнымі маразамі захоўваецца. Мэдыкі раяць не апранаць цесную вопратку, не стамляцца фізычна і добра сілкавацца перад выхадам на вуліцу.

У ноч на 9 студзеня, паводле прагнозу сыноптыкаў з Мінпрыроды, тэмпэратура паветра на паўночным усходзе краіны апусьціцца да мінус 25 –29 градусаў, у цэнтральных раёнах краіны да 24 градусаў марозу, на захадзе і поўдні — да мінус 17 градусаў.

Сыноптыкі мяркуюць, што ноч пройдзе без ападкаў, за выключэньнем асобных раёнаў на паўднёвым усходзе, дзе магчымы невялікі сьнег.

Удзень 9 студзеня сыноптыкі чакаюць па захадзе — да мінус 6- 9 градусаў, на паўночным усходзе Беларусі да мінус 13-16 градусаў марозу, на паўднёвым захадзе краіны мінус 8-10 градусаў. У Менску прагназуецца да –12 градусаў марозу.

У ноч на 8 студзеня халадней за іншыя месцы было ў райцэнтры Гарадок Віцебскай вобласьці –34,4 градусы ніжэй за нуль, цяплей за іншыя раёны было ў Брагіне на Гомельшчыне –17,7 градусаў ніжэй за нуль.

Your browser doesn’t support HTML5

Катаклізмы надвор’я ў сьвеце 7 студзеня. Відэа

Міністэрства надзвычайных сытуацый паведамляе, што «аранжавы» ўзровень небясьпекі ў сувязі з моцнымі маразамі захоўваецца і папярэджвае аб неабходнасьці прымаць захады, каб захаваць здароўе людзей і аберагчы ад халадоў тэхніку і транспарт.

У халоднае надвор’е мэдыкі раяць не апранаць цесную вопратку, не стамляцца фізычна і добра сілкавацца перад выхадам на вуліцу. Бацькам варта навучыць дзяцей правільна дыхаць ледзяным паветрам праз нос, сагравацца, расьціраючы сухія рукі, увесь час рухацца.