Як у межах фэстывалю Urban Myths, так і на ўласнае жаданьне мастакі расьпісваюць сьцены сталічных дамоў велічэзнымі карцінамі.
У межах праекту Urban Myths плянуецца стварыць больш за дзясятак манумэнтальных росьпісаў (муралаў) на сьценах звычайных дамоў у Кастрычніцкім раёне Менску, некалькі ўжо гатовыя. Усе яны адлюструюць уражаньні замежных майстроў стрыт-арту ад беларускай сталіцы, апавёў Свабодзе Алег Ларычаў, арганізатар фэстывалю Urban Myths:
«Ідэя Urban Myths нарадзілася пасьля нашых (супольнасьці Signal — РС) акцыяў Must Act — Must Art. Гэткія стрыт-арт-фэстывальчыкі мы рабілі ў шасьці беларускіх гарадах. Марылі запрашаць прызнаных замежнікаў зь вядомымі імёнамі. Падумалі, што ня вельмі правільна было б прасіць у іх эскізы загадзя, бо ніхто зь іх у Беларусі ня быў, ведаюць у лепшым выпадку, што такая краіна ёсьць. Таму па ўмовах удзелу было так, што яны прыяжджаюць сюды, і пасьля камунікацыяў зь мясцовымі жыхарамі, з мастакамі, прагулак па горадзе яны ствараюць свае эскізы, у якіх пераасэнсаваньне мінулага і сучаснасьці Менску».
Ларычаў згадвае, што праца беларуса Mutus, прысьвечаная старому аэрапорту (вул. Аэрадромная, 4), зачапіла мясцовых жыхароў: маўляў, усе перажываюць, што сканчаецца эпоха першага менскага аэрапорту, людзі глядзелі на працу ледзь не са сьлязьмі на вачох.
Працу грэка iNo «Man With No Name» (вул. Варанянскага, 13/1) можна чытаць па-рознаму: чалавек у капюшоне са сьвечкай замест твару нарадзіўся з развагаў над праблемай ідэнтычнасьці беларусаў, якія па-рознаму асэнсоўваюць сваю ідэнтычнасьць (хто балт, хто славянін, хто рускі, хто паляк, хто беларус).
Украінец Kislow паказаў новы міт пра падземную раку Нямігу (вул. Аэрадромная, 17): нібы на яе берагах ёсьць іншы горад зь іншымі жыхарамі.
Італьянец Millo ў працы «Everywhere I go» (вул. Брылеўская, 24) распавёў пра жыхароў спальных раёнаў, жыцьцё якіх абмяжоўваецца маршрутам «праца-дом», і хлопчыка, які запрашае дзяўчынку выйсьці з гэтага дому ў горад, ісьці гуляць, камунікаваць.
Брытанска-аўстралійскі мастак Guido Van Helten у сваёй працы, што пачне рабіць неўзабаве, абяцае падняць нацыянальнае пытаньне, ён ужо пачаў вывучаць архіўныя фота Беларусі — ягоную працу, дарэчы, падтрымала брытанская амбасада ў Менску. Праект працягнецца пасьля зімы з мастакамі з Польшчы, Гішпаніі, Партугаліі і іншых краінаў.
Асабістыя ўражаньні без эскізу
Усе будынкі абраныя ў Кастрычніцкім раёне: недалёкі ад цэнтру, але досыць ціхі раён старога аэрапорту, тлумачыць Ларычаў. Адміністрацыя раёну паставілася з разуменьнем і падтрымала ідэю працы без папярэдніх эскізаў.
«Большасьць мастакоў рады, што ад іх не патрабуюць загадзя эскізы, — кажа арганізатар фэстывалю. — Гэта вялікая праблема на міжнародных фэстывалях, калі ад цябе патрабуюць за месяц эскіз, а ты ніколі ня быў у гэтым горадзе, невядома, што маляваць. Часта бывае, што ствараюць працу, якая зусім ня ўпісваецца ў тое асяродзьдзе. Наш горад... Для ўсіх, акрамя беларусаў, гэта зусім новы рэгіён, нават украінскі мастак ніколі ня быў у Беларусі».
Стварэньне адной карціны на цэлы дом займае звычайна ад трох да сямі дзён. Мастак ня бачыць перад сабой усяе працы, як на аркушы паперы. Кожны мае свой спосаб, як пераносіць малюнак з маленькага эскізу на сьцяну ў шмат паверхаў, згадвае Ларычаў. Напрыклад, італьянец Millo накідаў вельмі чарнавы эскіз і маляваў фактычна на фасадзе, грэк iNo разьмячаў кропкі на доме і накладаў праз графічны рэдактар эскіз, нехта разьмячае ключавыя кропкі праз праектар.
На фэстываль спрабавалі сабраць грошы праз сайт Talaka.by, ды патрэбнай сумы не набралася. У выніку фэст падтрымалі камэрцыйныя структуры і прыватныя мэцэнаты. Напрыклад, для Vizor Interactive, якая займаецца распрацоўкай кампутарных гульняў, гэта сацыяльная адказнасьць перад горадам, які хочацца зрабіць цікавейшым. У арганізатараў жа ёсьць свае мэты:
«Па-першае, вядома, манумэнтальны стрыт-арт па-новаму адкрывае горад для жыхароў — людзі бачаць, што можна сваімі сіламі мяняць горад, па-новаму паглядзець на архітэктуру, адчуць, што яны не паселеныя ў клетку гарадзкой архітэктуры, што горад — гэта гульня, горад — гэта пляцоўка, дзе кожны можа сябе выказаць, зьмяніць асяродзьдзе. А зь іншага боку, удзел замежных мастакоў спрыяе вывядзеньню беларускага стрыт-арту на новы ўзровень, бо адбываецца камунікацыя паміж мастакамі, завязваюцца кантакты, плянуюцца міжнародныя абмены».
Ларычаў кажа, што запрашаюць замежных мастакоў зусім не таму, што нестае беларускіх: для таго ж пінчука Mutus менская праца стала дзясятым фасадам. Нельга сказаць, што мастакоў вельмі шмат, але іх становіцца больш і больш.
Заканамерны бум з мэсыджам
Апошнім часам кажуць ледзь не пра бум стрыт-арту ў Менску. Ларычаў пацьвярджае, што калі праект Signal пачынаў сваю дзейнасьць тры гады таму, было дзіўна, што ў Беларусі такое наагул магчыма. Цяпер муралы створаныя ўжо ў шасьці беларускіх гарадах — і з кожным разам мясцовыя адміністрацыі ставяцца з большым разуменьнем, а камэрцыйныя кампаніі, адпаведна, з большым жаданьнем падтрымаць.
«Бум? Ня ведаю, хутчэй гэта заканамерна. Рана ці позна гэта здарылася б. Не сказаць, што гэта новае: яшчэ за савецкім часам разьвівалася манумэнтальнае мастацтва, якое ўжывалася для дэкору тыповай забудовы. Цяпер на зьмену манумэнтальнаму сацрэалізму прыходзяць вулічныя мастакі з імпэтам і актуальнымі ідэямі.
Вядома, ня трэба размалёўваць проста кожны дом. Гэта не павінен быць помнік архітэктуры, як на маю думку. Гэта мае быць нейкі спальны раён — там, дзе гэта патрэбна, дзе воку няма за што зачапіцца. На праспэкце Незалежнасьці, скажам, гэта ня трэба, бо тут цэльны архітэктурны комплекс. А тыповая забудова спальных раёнаў так і просіцца, каб зь ёй нешта зрабілі.
Адрозьненьне стрыт-арту ад звычайнага дэкору ў тым, што гэтая праца павінна мець водгук, гэтая праца не павінна быць абсалютна нэўтральнай. Калі праца выклікае дыскусіі, нават нэгатыўную рэакцыю, гэта добра, таму што гэта абуджае людзей, людзі не застаюцца абыякавымі».
Аздобіць двор, дзе часта паркуесься
Алег Ларычаў падвёў карэспандэнта Свабоды да яшчэ аднаго муралу, створанага ня ў межах Urban Myths — каля яго пашчасьціла сустрэць і аўтара. Мастак Міця Пісьляк завяршаў вялікую працу на доме 25 па вуліцы Карла Маркса — пераасэнсаваньне «Партрэту незнаёмкі з кветкамі і садавіной» беларускага мастака Івана Хруцкага, зробленае адмысловымі маркерамі для стрыт-арту.
«На самой справе гэтая праца завецца „Партрэт жонкі з кветкамі і садавіной“, але спрачаюцца, што ў тым годзе, калі ён намаляваў яе, ён яшчэ ня быў жанаты — мо гэта і ёсьць яго жонка, мо не. Але ў Беларусі афіцыйная назва — гэта „Партрэт незнаёмкі...“.
Гэта малюю проста па сваім жаданьні. Прыемна пакідаць такія адбіткі на сваім любімым горадзе. Я тут часта хаджу, у мяне сябры працуюць у бары недалёка, паркуюся тут, даўно прыкмеціў гэты фасад. Намаляваў з дазволу ўсіх магчымых уладаў, давялося прайсьці мо шэсьць інстанцыяў. Жыхары дома былі ня супраць і нават фінансава дапамагалі.
За апошнія год-другі столькі працаў стала зьяўляцца, сусьветныя зоркі стрыт-арту прыяжджалі. Бог яго ведае, мо людзі ўжо проста сасьпелі, альбо пасьмялелі трошкі. Ці пакаленьне чыноўнікаў зьмянілася.
Гэта мая праца, гэтым і зарабляю на жыцьцё — у падобнай тэхніцы раблю падобныя рэчы, толькі меншага памеру, у прыватных і грамадзкіх інтэр’ерах. Пляную кожны сэзон прынамсі па адной вялікай працы рабіць. Пакуль не намеціў месцы, але жаданьне і магчымасьць ёсьць».
Працу Пісьляка падтрымалі больш за сотню чалавек і арганізацыяў, на яе сабралі звыш 33 млн рублёў. Карціна яшчэ не завершаная — акрамя дробных дапрацовак цэнтральнай карціны, Міця зьбіраецца дамаляваць яе «асьвятленьне» і музэйнага вартаўніка ў кутку пад ёй.