Максім Вінярскі аштрафаваны на 70 базавых велічынь (14 мільёнаў 700 тысяч рублёў). Зь іх 20 базавых за непавагу да суду і 50 — за ўдзел у акцыі пратэсту студэнтаў 2 сьнежня.
У судзе актывіст адмаўляўся ўставаць, калі судзьдзя Тацяна Матыль уваходзіла ў залю ці задавала яму пытаньні. «Яна судзіла мяне шмат разоў, пачынаючы з 2010 году. Абсалютна ня веру ў яе неперадузятасьць, яна зноў выконвае заказ», — сказаў актывіст.
Да гэтага суду, паводле Вінярскага, на ім «вісела» больш за 18 млн рублёў штрафаў.
Доказам удзелу Вінярскага ў акцыі пратэсту студэнтаў на судзе было відэа з акцыі. Пры гэтым на відэа Вінярскі ніводнага разу не казаў «Жыве Беларусь», як сьцьвярджалася ў пратаколе. Сьведкі-міліцыянты тлумачылі гэта тым, што на відэа ня трапілі тыя моманты, калі ён выкрыкваў лёзунгі. Вінярскі казаў, што пратакол склалі безь яго, а відэа даказвае ягоную невінаватасьць.