Mark Formelle выпусьціў T-shirts для музыкаў Rammstein і Aerosmith, Майкла Дугласа, Скарлет Ёгансан, Ўіноны Райдэр, Джарэда Кушнера ды іншых знакамітасьцяў. Ім выслалі тэставую партыю, а неўзабаве адзеньне з такімі прынтамі абяцаюць прадаваць і беларусам.
Беларуская кампанія Mark Formelle прэзэнтавала праект «Зь Беларусі зь любоўю» — сэрыю маек з прынтамі, прысьвечанымі замежным зоркам палітыкі і культуры.
Кампанія піша, што некаторыя зь іх і не падазраюць, як выглядае радзіма іхных продкаў, іншыя імкнуцца знайсьці свае карані. Усім людзям, зьвязаным з праектам, выслалі T-shirts з тэставай партыі — кампанія сьцьвярджае, «ім спадабалася». Шараговыя беларусы пакуль ня могуць набыць маек, але ўжо адкрытая папярэдняя замова.
Усяго ў праекце 15 прынтаў, прысьвечаных 15 людзям, продкі якіх жылі на беларускіх землях. Для некаторых маек зьнялі відэапрэзэнтацыі.
Галівудзкі актор, уладальнік «Оскара» Кёрк Дуглас, бацькі якога родам з Чавусаў, атрымаў майку з карцінай Марка Шагала, бо ў мэмуарах згадваў, што над ягоным ложкам у дзяцінстве віселі рэпрадукцыі Шагала. Ягоны сын, уладальнік двух «Оскараў» Майкл Дуглас, атрымаў майку, дзе ён выяўлены ў вобразе шляхціча.
Майка з надпісам «Make Navahrudak great again» дасталася зяцю прэзыдэнта ЗША Джарэду Кушнеру. Яшчэ адна асоба з продкамі з Наваградка, якую згадалі ў калекцыі, — гэта акторка Гўінэт Пэлтраў; для яе надпіс па-ангельску «Адкуль ты, Гўінэт?».
Дзядуля лідэра рок-гурту Aerosmith Стывэна Тайлера эміграваў у Штаты з Клічава (іншыя крыніцы назыаюць Бабруйск) і зьмяніў прозьвішча са «складанага» і «цёмнага» Чарнышэвіч на «прасьцейшае» і «сьвятлейшае» Blancha. Таму ў выяве для Тэйлара прыгадалі абодва прозьвішчы. Падобную майку, толькі зь перавернутым малюнкам, зрабілі для ягонай дачкі, акторкі Ліў Тайлер.
Яшчэ адзін музыка, які атрымаў майку, можа і не паходзіць зь Беларусі. Пра гітарыста Rammstein Паўля Ляндэрса толькі ходзяць легенды, што ён нарадзіўся ў Берасьці (сам ён кажа, што ўва Ўсходнім Бэрліне). На ягонай майцы абгулялі сугучнасьць назвы Brest са словам «грудзі» на ангельскай мове (breast).
Акторка Скарлет Ёгансан атрымала майку, дзе надпіс «Нясьвіж» замяняе славутую літарную інсталяцыю «Галівуд», а актор Гарысан Форд на майцы змагаецца ня з Зоркай сьмерці з «Зорных войнаў», а з будынкам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Таксама адзеньне з тэматычнымі малюнкамі атрымалі акторка Ўінона Райдэр, дзед якой зь Менску, тэлевядоўца Лары Кінг, маці якога таксама паходзіць зь беларускай сталіцы, акторка Ліса Кудраў, якая ў пошуках сямейнай гісторыі асабіста дабралася да Вялейскага раёну, заснавальнік моднага дому Ралф Лорэн, які мае бацьку з Горадні і маці зь Пінску, хакеісты Ўэйн Грэцкі, дзед якога мае карані на Горадзеншчыне, і Алекс Гальчанюк, якога не пасьпелі выклікаць у зборную Беларусі.