Адказнасьць за кіраваньне прамысловай бясьпекай, радыяцыйнай бясьпекай і ахову АЭС, якая будуецца, ляжыць на дзяржаве.
Так адказала МАГАТЭ на пытаньне БелаПАН, ці мае намер МАГАТЭ правяраць інфармацыю пра інцыдэнт на будаўніцтве Беларускай АЭС.
25 ліпеня СМІ паведамілі, што 10 красавіка падчас трэніровачнай пробнай устаноўкі корпуса рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад 2 да 4 мэтраў.
Мінэнэрга Беларусі прызнала, што на станцыі мела месца «няштатная сытуацыя».
«На справе, паводле інфармацыі генэральнага падрадчыка АТ „Атамбудэкспарт“, няштатная сытуацыя здарылася на пляцоўцы захаваньня корпуса рэактара пры правядзеньні такеляжных працаў па яго перасоўваньні ў гарызантальнай плоскасьці», — гаварылася ў паведамленьні Мінэнэрга.
У прэс-службе МАГАТЭ адзначаюць, што агенцтва прадстаўляе «падтрымку дзяржавам-сябрам у іх працы па выкананьні ўзятых на сябе абавязкаў».
«Мы робім гэта, да прыкладу, праз нашы стандарты бясьпекі або шляхам прадстаўленьня дзяржавам-сябрам па іх запыце аглядаў па бясьпецы і ахове і ацэначных паслуг. Для любой спэцыфічнай інфармацыі мы рэкамэндуем зьвязацца з мясцовымі ўладамі», — гаворыцца ў камэнтары.
У прэс-службе МАГАТЭ таксама падкрэсьлілі, што «станцыя ў працэсе будаўніцтва не ўяўляе небясьпекі для насельніцтва да таго моманту, пакуль не загружана ядзернае паліва».
Ад 27 ліпеня ў Беларусі працуюць экспэрты МАГАТЭ. Яны прыбылі на запыт беларускага боку.
«У Беларусі адбываецца візыт экспэртаў МАГАТЭ з мэтай супольнай ацэнкі працэсу падрыхтоўкі плянаванай місіі МАГАТЭ па разглядзе праектаваньня пляцоўкі з улікам вонкавых фактараў (місія SEED), якая раней была запытаная нашай краінай. Па выніках гэтага візыту бакі ўзгодняць тэхнічнае заданьне на правядзеньне місіі SEED для Беларускай АЭС», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце Міністэрства энэргетыкі Беларусі.