Маці 32-гадовага грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, затрыманага ва Ўкраіне па падазрэньні ў шпіянажы, у інтэрвію Свабодзе выказала перакананьне, што яе сын ніколі не працаваў на КДБ, а прызнальныя паказаньні зь яго выбівалі катаваньнямі і зьдзекамі.
Пра катаваньні Юры Палітыка сам казаў пры сустрэчах маці і беларускаму консулу ва Ўкраіне, пра гэта ён напісаў уласнаручна на 15 аркушах, якія консул перадаў у МЗС Беларусі.
«У Чарнігаве сын уладкаваўся ў лягістычную кампанію»
Ірына Палітыка пагадзілася даць Свабодзе інтэрвію. Яна расказала, што яе сыну Юрыю 32 гады, паводле адукацыі ён юрыст, працаваў у Менску спачатку адвакатам, потым у банку.
— Як ваш сын трапіў ва Ўкраіну?
— Некалі ён паехаў у Чарнігаў — ягоныя сябры хвалілі гэты горад, і яму таксама Чарнігаў вельмі спадабаўся. Там ён пазнаёміўся зь мясцовымі людзьмі. Пра чарнігаўскіх сяброў ён вельмі добра адзываўся. Паўгода ён туды езьдзіў, а потым вырашыў уладкавацца на працу ў лягістычную кампанію, хоць і тут, у Беларусі, ужо знайшоў новую працу. Я была супраць. Але ён мяне не паслухаўся, наадварот, казаў, што будзе добра зарабляць там.
16 чэрвеня, у пятніцу, ён выехаў з Чарнігава дамоў, праз мэсэнджэр паведаміў сястры, што едзе. Мы чакалі яго, як заўсёды, у суботу ранкам, але да дому ён не даехаў. Тэлефон ягоны не адказваў. Увечары Юрыю нейкім чынам удалося патэлефанаваць з украінскага нумара нашым знаёмым, бо ён проста не хацеў мяне расстройваць — быў перакананы, што гэта нейкае непаразуменьне і ўсё хутка вырашыцца.
«Сына падазраюць у шпіянажы. Я была ў шоку, бо гэта абсурд!»
Тыдзень мы не маглі нікуды датэлефанавацца — маўляў, няма інфармацыі. Зьвязаліся зь беларускай амбасадай у Кіеве, дыпляматы таксама тыдзень не маглі даведацца, дзе ён і што зь ім. Я нават знайшла жанчыну, якая размаўляе на ўкраінскай мове, яна тэлефанавала ў Чарнігаў і Кіеў. І толькі праз тыдзень, 23 чэрвеня, у канцы працоўнага дня сьледчы падняў слухаўку і паведаміў, што мой сын затрыманы і падазраецца ў шпіянажы. Я была ў шоку, бо гэта абсурд! Я таксама падумала, што гэта непаразуменьне.
Потым сьледчы зноў не здымаў слухаўку. Я ня ведала, дзе сын — ці то ў Кіеве, ці то ў Чарнігаве. Як пазьней высьветлілася, яго вазілі туды-сюды на допыты.
— Як і калі вам удалося сустрэцца з сынам?
— Сустрэча адбылася ўжо на пачатку ліпеня. Дзякуй богу, адна мая добрая знаёмая мне дала ўстаноўку: «Ты павінна трымацца, ты павінна быць вельмі моцнай. Што б ні здарылася, сын не павінен бачыць маці, якая плача, а бачыць адэкватную маці, якая яго падтрымлівае». Я з такім настроем і паехала. Мяне са сваякамі сустрэлі прадстаўнікі беларускай амбасады ў Кіеве, прывезьлі да дзіўнага будынка без усялякіх шыльдаў. Мне падаецца, што гэта турма СБУ. Нас вельмі пільна абшукалі.
«Калі зайшоў сын, я яго не пазнала»
А калі зайшоў сын, я яго наагул не пазнала. Бязь сьлёз я не магу гэта ўзгадваць... У яго былі вельмі дзіўныя вочы, паўсюль на целе, руках вялізныя сінякі, ён на мяне глядзіць і не разумее, хто я. Я мяркую, што майго сына нечым напхалі, ён быў вельмі млявы, абыякавы, проста ніякі, выглядаў як запалоханы зьвярок. Я паразмаўляла зь ім зусім няшмат часу, бо сын хацеў паразмаўляць з консулам і папрасіў, каб я выйшла — відаць, не хацеў, каб я пачула пра тыя жахі, якія зь ім адбываліся. Я пасьпела сказаць, што мы ня верым у тое, што яму інкрымінуецца. Сказала таксама: «Ніколі не прызнавайся ў тым, чаго ты не рабіў».
Але пасьля размовы з консулам мяне да яго не пусьцілі, да таго ж шмат часу пайшло на апісаньне таго, што я прывезла ў перадачы. Так што першая наша сустрэча была скамечаная.
«Раз на месяц я ежджу да яго ў СІЗА»
— А цяпер вы неяк падтрымліваеце сувязь? Сын піша лісты?
— Раз на месяц я ежджу да яго ў СІЗА. Спачатку да яго ідзе консул, потым я. У жніўні, верасьні, кастрычніку ў Кіеў езьдзіла, а ў лістападзе ўжо ў Чарнігаў. Апошняя наша сустрэча была 8 сьнежня ў Чарнігаве.
Распавядаў сын жудасныя рэчы пра ўмовы ўтрыманьня. Да яго ў камэру падсаджваюць наркаманаў, бамжоў. Неяк уначы паднялі і перавялі ў сырую халодную камэру з клапамі, паўсюль на сьценах цьвіль. Стараюся падтрымаць яго маральна.
Калі мы пачалі шукаць платнага абаронцу, спачатку адвакаты пагаджаліся, але калі даведваліся пра артыкул, адмаўляліся
У сына ёсьць адвакатка, якую нам прызначылі. Калі мы пачалі шукаць платнага абаронцу, спачатку адвакаты пагаджаліся, але калі даведваліся пра артыкул, адмаўляліся.
Я вельмі ўдзячная беларускай амбасадзе ў Кіеве, асабіста консулу Сяргею Мікітавічу Бобаву. Ён пастаянна езьдзіць са мной на сустрэчы з сынам. Менавіта консул прымусіў сына, каб той напісаў, што зь ім рабілі. І консул гэтыя 15 старонак рукапіснага тэксту перадаў у беларускі МЗС. Я вельмі ўдзячная і Міністэрству замежных спраў, бо мяне выклікалі туды, каб я паглядзела, ці сапраўды сын гэта пісаў, ці ягоны гэта почырк, ці ягоная манера пісьма. Я пазнала і стыль, і почырк сына.
Юры Палітыка ў лісьце з турмы: «Яны лічылі, што я працаваў на КДБ»
— І пра што Юры піша?
— Чытаць гэта немагчыма. Як яго катавалі, як зьдзекаваліся, выбівалі прызнаньні! Гэта інфармацыя ад яго, а не ад мяне. Я толькі магу меркаваць па першай сустрэчы, калі я яго ўбачыла...
Ён спачатку адмаўляўся ад абвінавачаньняў і працівіўся. Але яго дабілі так, што ён сябе агаварыў. Цытата зь ліста Юрыя:
«Яны казалі, калі я не прызнаюся ў шпіянажы і перадачы зьвестак, мяне надоўга закрыюць, а калі ўсё распавяду, вызваляць ад крымінальнай адказнасьці... Яны лічылі, што я працаваў на КДБ Беларусі альбо на Расею... Мяне завезьлі ў нейкі лясны масіў, вывалаклі за кайданкі з машыны, білі рабрынай далоні па патыліцы. Падвялі да дрэва, прывязалі, зноў пачалі дапытваць. Усё здымалі на тэлефон, казалі, каб я прасіў прабачэньня ва Ўкраіны, бо празь мяне загінулі людзі. Паказвалі на тэлефоне целы абгарэлых салдат і казалі, што я іх забіў...»
Пра зьдзекі, зьбіцьцё, маральны ціск — 15 старонак тэксту ён напісаў. Як стала невыносна і ён агаварыў сябе. Чытаць бязь сьлёз гэта немагчыма.
А калі да яго прыйшлі нібыта ўкраінскія журналісты, каб ён паўтарыў усё на іх камэры, сын адмовіўся ад сваіх паказаньняў, сказаў, што яны былі дадзеныя пад ціскам. І ён ні на кога, з кім кантактаваў, ня даў ніякіх паказаньняў, а наадварот, іх усіх абараняў. Хоць мне дакладна вядома, што ўсіх ягоных чарнігаўскіх сяброў знайшлі і дапыталі, і яны ўсе далі на яго паказаньні, так націснулі на людзей, што яны на яго нагаварылі.
«За гэтым усім нехта стаіць»
Што тычыцца тэлефона, у якім нібыта знайшлі нейкія файлы, запісы, мы замовілі экспэртызу. Экспэртыза паказала, што зьвесткі, якія былі запампаваныя ў тэлефон, нікому не перадаваліся. Гэта ўсё шыта белымі ніткамі. Але за гэтым усім нехта стаіць...
Ён быў перакананы, што разьбяруцца і адпусьцяць. Але так ня здарылася. Мой сынок проста апынуўся ня ў тым месцы. Я разумею, што гэта не шараговая справа. Яго падставілі. Я мяркую, што тыя, з кім ён сустракаўся, былі супрацоўнікамі СБУ. Яго знаёмілі з гэтымі людзьмі. Гэта былі не шараговыя грамадзяне. Але ён ня мог нават меркаваць...
Я ня веру, што мой сын працаваў на КДБ, яго падставілі
— У вашага сына сур’ёзныя праблемы са здароўем, група інваліднасьці?
— Так, у яго выдалілі нырку, ён праходзіў апраменьваньне. Але сын не любіў пра гэта казаць. У яго была другая група інваліднасьці, потым трэцяя, а нядаўна групу зьнялі, быццам бы нырка ў яго новая вырасла...
Юра вельмі хацеў служыць у войску, пайшоў праходзіць мэдагляд. І ўсе лекары ставілі адзнакі, што ён прыдатны да службы. І толькі хірург, калі пабачыў вялізны шнар на жываце, запытаўся, што гэта такое. У войска яго не ўзялі.
Мой сын вельмі веруючы чалавек. Я таксама малюся за яго. У чацьвер еду да яго на чарговае спатканьне ў Чарнігаўскі СІЗА.
Беларуска-ўкраінскі шпіёнскі скандал
У Службе бясьпекі Ўкраіны абвінавачаньні затрыманага беларуса ў прымяненьні катаваньняў і псыхатропаў не камэнтуюць, але папрасілі зьвярнуцца з афіцыйным запытам. Свабода накіравала такі запыт.
Расьсьледаваньне справы грамадзяніна Беларусі, затрыманага летась у чэрвені ў Чарнігаве паводле падазрэньня ў зьбіраньні сакрэтнай інфармацыі на карысьць Расеі, падоўжана да 20 студзеня, а яго знаходжаньне пад вартаю — да 18 студзеня. Пазьней у Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі, што сьледзтва «не сьцьвярджае шпіёнства з боку грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на карысьць Расейскай Фэдэрацыі».
Беларусу пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад дзесяці да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці.
Украінскія экспэрты выказвалі меркаваньні, што справа затрыманага ў Беларусі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі — адказ менавіта на затрыманьне беларускага грамадзяніна ў Чарнігаве.
У КДБ Беларусі Свабодзе паведамілі, што працягваюць расьсьледаваньне справы журналіста Паўла Шаройкі, які абвінавачваецца ў шпіянажы. Пра тэрміны завяршэньня сьледзтва і пачатку суду ў КДБ пакуль ня кажуць.
Украінскі журналіст Паўло Шаройка быў арыштаваны 25 кастрычніка 2017 году ў Менску. Першым пра арышт Шаройкі паведаміў украінскі бок, гэта адбылося толькі 17 лістапада.
20 лістапада зьявілася афіцыйнае паведамленьне КДБ Беларусі пра «прыпыненьне шпіёнскай дзейнасьці».
27 лістапада Паўлу Шаройку выстаўлена афіцыйнае абвінавачваньне ў шпіянажы (арт. 358 КК РБ). За шпіянаж яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.