У час візыту ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, перадае БЕЛТА.
Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ў Арабскіх Эміратах ад 27 кастрычніка з працоўным візытам, але ўласна пра яго працу там паведамляецца мала, афіцыйныя сустрэчы з чыноўнікамі не асьвятляюцца. Парашэнка знаходзіцца ў Эміратах з працоўным візытам толькі два дні, 1-2 лістапада ён быў з афіцыйным візытам у Савудаўскай Арабіі — ягоны візыт асьвятляўся падрабязна.
Кіеў: Парашэнка і Лукашэнка абмеркавалі падрыхтоўку да саміту Ўсходняга партнэрства
Лукашэнка з Парашэнкам размаўлялі пра эканоміку — беларускі кіраўнік выказаў спадзеў на рост таваразвароту і пашырэньне супрацы рэгіёнаў. Паводле Лукашэнкі, новы імпульс разьвіцьцю стасункаў між краінамі дасьць форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны ў Менску.
«Што тычыцца палітычнага ўзаемадзеяньня, то сёньня ў нас праблемаў наогул няма, — заявіў Лукашэнка. — Мы абсалютна трымаемся таго курсу, якім дамовіліся ісьці».
Парашэнка ж заявіў, што трымае на кантролі пытаньні дэмаркацыі мяжы і гандлёва-эканамічнай супрацы між Украінай і Беларусьсю.
Кіраўнікі Беларусі і Ўкраіны праводзілі перамовы ў Кіеве ў ліпені. Парашэнка тады сказаў, што атрымаў ад Лукашэнкі пацьверджаньне, што «тэрыторыя Беларусі ніколі ня будзе выкарыстаная для агрэсіі супраць Украіны, а мяжа паміж намі будзе мяжою міру».