Лукашэнка: «Багдановіч зрабіў значны ўнёсак у станаўленьне патрыятычнай сьвядомасьці народу»

Партрэт Багдановіча на сьцяне ў Горадні, 2011

З нагоды 125-годзьдзя з дня нараджэньня беларускага паэта Максіма Багдановіча Аляксандар Лукашэнка павіншаваў удзельнікаў урачыстасьцяў. Афіцыйнае віншаваньне перадае «Советская Белоруссия».

«Сваёй дзейнасьцю пясьняр заклаў падмурак беларускай нацыянальнай эстэтыкі, зрабіў вялікі ўнёсак у фармаваньне літаратурнай мовы і станаўленьне патрыятычнай сьвядомасьці народу, — гаворыцца ў віншаваньні. — Таму сёньня мы, грамадзяне сувэрэннай дзяржавы, мусім шанаваць і берагчы тое, дзеля чаго працаваў наш славуты зямляк: гістарычную памяць, роднае слова, моцную краіну».

У віншаваньні гаворыцца, што вытанчаныя, непераўзыдзеныя вершы сусьветна вядомага паэта, якія вылучаюцца майстэрскім выкарыстаньнем вобразна-выяўленчых сродкаў, пранікненьнем у духоўны сьвет чалавека і высокай культурай слова, заслужана прызнаныя адной з вышыняў эўрапейскай паэзіі ХХ стагодзьдзя.

9 сьнежня ў Менску пройдуць афіцыйныя мерапрыемствы з нагоды 125-годзьдзя Багдановіча. У праваслаўным храме ў гонар Усіх сьвятых будзе закладзеная капсула зь зямлёй з магілы паэта ў Ялце; у музэі Багдановіча адкрыецца адноўленая экспазыцыя. Пад помнікам Багдановічу ад 14-й гадзіны людзі рознага ўзросту будуць чытаць вершы паэта, а ў 17:30 там адбудзецца дзяржаўны мітынг «Пакланіся Максіму». А 19-й гадзіне на літаратурныя чытаньні пад менскім помнікам паэту кліча рух «За свабоду».