20 гадоў Лукашэнкі — у карцінках

ГОД 1994. Дэпутат Вярхоўнага Савету Аляксандра Лукашэнка стаў вядомым, дзякуючы свайму дакладу аб злоўжываньнях ва ўладзе. Папулярны кандыдат у прэзыдэнты паабяцаў разабрацца з карупцыяй.

У хуткім часе пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады, 20 сьнежня 1994 году, дэпутат Сяргей Антончык выступіў з дакладам аб карупцыі ў атачэньні прэзыдэнта. Газэты, якія вырашылі надрукаваць даклад, выйшлі зь «белымі плямамі», а большасьць іх рэдактараў неўзабаве звольнілі.

У траўні 1995 году прайшоў рэфэрэндум, на якім расейская мова атрымала статус дзяржаўнай, а бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня замянілі на дзяржаўную сымболіку савецкага ўзору. Дэпутатаў, якія галадалі на знак пратэсту супраць рэфэрэндуму, спэцслужбы зьбілі і выкінулі з парлямэнцкага будынку.

12 верасьня 1995 году, тры паветраныя шары, якія змагаліся на спаборніцтвах за кубак Гордана Бэнэта, заляцелі ў беларускую паветраную прастору. Нягледзячы на тое, што арганізатары паведамілі беларускаму ўраду пра гонку яшчэ ў траўні і што пляны палётаў былі таксама прадстаўлены, беларускія вайскоўцы зьбілі адзін з паветраных шароў. Загінулі двое амэрыканскіх грамадзянаў

2 красавіка 1996 году ў Маскве прэзыдэнты Беларусі і Расеі падпісалі дамову аб супольнасьці дзьвюх дзяржаваў. Пазьней былі дамовы аб саюзе і аб саюзнай дзяржаве.

У лістападзе 1996 году Лукашэнка правёў другі рэфэрэндум, на якім праз зьмены ў Канстытуцыі значна пашырыў свае паўнамоцтвы і падоўжыў прэзыдэнцкі тэрмін. Міжнародныя назіральнікі заявілі пра сур'ёзныя парушэньні на рэфэрэндуме

У 1998 годзе пасольствы шэрагу краінаў і асабістыя рэзыдэнцыі кіраўнікоў некалькіх дыпляматычных місіяў выселілі з дыпляматычнага комплексу «Дразды», каб пашырыць рэзыдэнцыю Аляксандра Лукашэнкі. Сярод пазбаўленых рэзыдэнцыі былі амбасады краінаў Эўразьвязу і ЗША. На знак пратэсту амбасадары гэтых краінаў тады былі адкліканыя зь Беларусі для кансультацыяў.

У 2002 годзе прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін прапанаваў, каб Беларусь ўвайшла ў склад Расейскай Фэдэрацыі.

У 2004 годзе Лукашэнка правёў рэфэрэндум, пасьля якога з Канстытуцыі зьніклі абмежаваньні на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў для аднаго чалавека.

У 2004 годзе ўлады Беларусі зачынілі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у Менску. У 2005 унівэрсытэт аднавіў працу ў Вільні

У сакавіку 2006 году Лукашэнка пераабраўся на трэці прэзыдэнцкі тэрмін. Заходнія назіральнікі чарговы раз заявілі пра парушэньні на выбарах, але ўлады Беларусі, як заўсёды, назвалі крытыку неабгрунтаванай.

У чэрвені 2006 году ў Менску адчыніўся новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі. Стваральнікі зрабілі будынак падобным па форме да дыямэнта

2008 год. Брытанскі піяршчык Цімаці Бэл падпісаў кантракт на кампанію для паляпшэньня іміджу Беларусі на Захадзе).

У траўні 2008 году Эўразьвяз абвясьціў ініцыятыву «Усходняе партнэрства» для краінаў-суседзяў, у якую была запрошаная і Беларусь.

У 2008 годзе ўлады Беларусі палепшылі адносіны з Захадам і вызвалілі шэраг палітвязьняў, фактычна ў абмен на заходнія крэдыты.

У чэрвені 2009 году Расея ўвяла забарону на імпарт большасьці беларускіх малочных прадуктаў, заявіўшы, што Беларусь не выконвае новых правілаў гандлю

У чэрвені 2010 году Расея абмежавала пастаўкі газу ў Беларусь, патрабуючы аплаты за ранейшы газ. Гэта была не адзіная «газавая вайна» цягам кіраваньня Лукашэнкі.

З 2007 па 2011 год расейскі манапаліст «Газпром» паступова набыў усе акцыі «Белтрансгазу» і атрымаў поўны кантроль над галоўным газатранспартным прадпрыемствам Беларусі. Апазыцыя абвінаваціла Лукашэнку ў продажы дзяржаўных актываў у абмен на падтрымку Расеі.

Нягледзячы на пратэсты праваабаронцаў, Беларусь атрымала права правесьці ў 2014 годзе хакейны чэмпіянат сьвету. Напярэдадні і падчас чэмпіянату дзясяткі апазыцыйных актывістаў былі арыштаваныя паводле абвінавачаньняў у дробным хуліганстве.

У Беларусі за кратамі дагэтуль астаюцца палітвязьні і захоўваецца сыстэма палітычных рэпрэсій і цэнзуры ў дзяржаўных мэдыях.