Падчас наведваньня аўтазаводу Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Менскі аўтамабільны завод, гэтаксама як БелАЗ і мотавелазавод, трэба захаваць.
«Перш за ўсё вы павінны захаваць гэтае прадпрыемства. Яго неабходна абнавіць, наколькі гэта магчыма, надаць яму новае аблічча. З канвэераў павінны сыходзіць цалкам беларускія машыны высокай якасьці», — заявіў кіраўнік краіны.
«Калі вы, кожны на сваім працоўным месцы, ня зоймецеся якасьцю, мы ня вытрымаем канкурэнцыі. Мы павінны захаваць гэты завод і павысіць якасьць».
Паводле Лукашэнкі, у цяперашніх эканамічных умовах прадпрыемства сутыкаецца з шэрагам цяжкасьцяў. Ён запатрабаваў не дапусьціць пагаршэньня сытуацыі, чаго б гэта ні каштавала.
«МАЗ, як і БелАЗ, і мотавелазавод, — гэта твар нашай краіны. Мы ні ў якім разе ня можам і ня маем права загубіць гэтыя прадпрыемствы. Таму, адказваючы скептыкам і тым, хто сёньня ня верыць у гэта: МАЗу быць, быць заўсёды, і пры мне, і пасьля мяне», — цытуе БелТА Лукашэнку.
Ён адзначыў, што інвэстыцыі для беларускага машынабудаваньня будуць выдзяляцца толькі пад канкрэтныя рынкі збыту:
«Вы атрымаеце грошы, магчыма і кітайскія крэдыты, толькі тады, калі пакажаце, што ў вас ёсьць рынкі, куды прадасьце гэтую прадукцыю. У адваротным выпадку не дамо ні капейкі. Я не магу ўкласьці сюды чарговы раз сотні мільёнаў даляраў, за якія вы створыце нейкі прадукт і паставіце на склад, а яшчэ горш — проста праясьце. Таму вы павінны дакладна разумець, што калі бераце грошы пад нейкі прадукт, то павінны даказаць, што, зрабіўшы яго, заўтра прадасьце».
На выставе кіраўнік краіны агледзеў легкавы аўтамабіль прадстаўніцкай клясы «Geely», вытворчасьць якога СЗАТ «БелДжы» плянуе пачаць у Беларусі ўжо ў трэцім квартале гэтага году. Лукашэнка даручыў перасадзіць чыноўнікаў на машыны, вырабленыя ў Беларусі:
«Ніякага імпарту для чыноўнікаў, акрамя прэмʼера, віцэ-прэмʼераў і вышэйшых службовых асобаў».
«Вы сказалі, што машына добрая — значыць, няхай чыноўнікі купляюць. Даручэньне Шэйману (кіраўнік спраў прэзыдэнта Беларусі Віктар Шэйман), няхай прапрацоўвае, дзе, колькі па пляне па ўсёй вэртыкалі, пачынаючы ад старшынь райвыканкамаў і заканчваючы міністрамі», — сказаў Лукашэнка.
Таксама кіраўнік дзяржавы падкрэсьліў, што гарантуе ў Беларусі захаваньне бясьпекі, міру і спакою.
«Вы за вайну не перажывайце. У нас галоўная праблема — эканоміка. Калі мы перажывем гэтыя цяжкія часы — а яны рана ці позна скончацца, — нам тады ніхто ня страшны. Мы гэта пераадолеем, мы моцныя людзі», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.