Кіраўнік Беларусі сёньня на спэцыяльнай нарадзе заявіў аб нармалізацыі ў праблемных пытаньнях эканомікі Беларусі:
«Час, у які мы праводзім гэтае пасяджэньне, не такі ўжо і драматычны. Больш за тое, можна казаць, што сытуацыя па ўсіх тых праблемных пытаньнях, якія так востра стаялі яшчэ тыдзень таму, складаецца нармальна».
Пры гэтым, як перадае БЕЛТА, Лукашэнка падкрэсьліў, што апошнія рашэньні не вітаюцца некаторымі асобнымі групамі кіраўнікоў:
«Але мы разьбярэмся з кіраўніцтвам бліжэйшым часам. Мабыць, там вельмі многія перасядзелі ў сваіх крэслах. Гэта лёгка выправіць».
Эканаміст Міхась Залескі кажа, што ён асабіста не разумее пра якія рашэньні гаворыць кіраўнік Беларусі:
«Што зроблена за гэты тыдзень? Прынятая толькі адна адміністрацыйная мера. І — усё. І яна напалохала людзей яшчэ болей.
Адказнай фінансавай палітыкі ў нас не было ўжо 20 гадоў. І, мабыць, ня будзе яшчэ 20.
А што тычыцца магчымых кадравых зьменаў, то я наагул не разумею крытэры, паводле якіх Лукашэнка расстаўляе кадры. Таму і камэнтаваць тут нічога не магу».