Што рабіць 14 лютага — любіць, кахаць, заляцацца? Адказваюць менчукі. ВІДЭА

Your browser doesn’t support HTML5

Любіць ці кахаць

Ці адно і тое азначаюць словы „любіць“ і „кахаць“? Адказ няпросты, але спытайма людзей на вуліцы. А што такое „заляцацца“ і „залёты“? Тут расчараваньне — ня ведаюць... Глядзім ВІДЭА (вышэй), слухайма АЎДЫЁ (падкаст) тут:

Your browser doesn’t support HTML5

Што рабіць 14 лютага — любіць, кахаць, заляцацца?

Сьцісла:

  • Любіць і кахаць у сучаснай беларускай мове, як правіла, азначаюць розныя пачуцьці.
  • Кахаюць чалавека. Нельга „кахаць дранікі“.
  • Любіць беларускае слова (хоць некаторыя так ня думалі). Але яно інакшае, чым расейскае. Маем і форму любіцца.
  • Спачатку заляцаюцца, робяць залёты. А ўрэшце — бяруцца шлюбам.
  • Любошчы жарснае каханьне.

У менчукоў на вуліцы спыталі пра галоўныя ў Дзень закаханых словы.

— Любіць і кахаць — ці гэта адно і тое самае?
Конечно, одно и то же...

Ці адно і тое — высьветлім. Але нельга не пагадзіцца з думкай спадара ў працяг:

Это прекрасное слово. Самое лучшее слово в мире — это любіць и кахаць.

— А калі, напрыклад, чалавек любіць есьці дранікі, то як на беларускай мове гэта сказаць? Я кахаю дранікі?
Кахаю, а што такое? Можна і любіць упатрэбляць.
Люблю всё и кахаю тем более. Особенно жену, семью и всех.
І кахаць то же самое... Можа там якога-та жывотнага свайго дамашняга...

Не-е, усё ж і дранікі, і хатнюю, і свойскую жывёлу толькі любяць.​

„Ну что ж он не слышит, как я его кахаю!..“

Усё ж бальшыня апытаных розьніцу ў словах адчувае:

Кахаць — гэта каханьне паміж мужчынам і жанчынай. А любіць — гэта можна любіць якога-небудзь коціка і вот такое.
Кахаць — гэта дзяўчыну, а любіць, напрымер, торт.
Любіць можна канфеты, марожанае, пірожнае, а кахаць — чалавека. Жанчыну. Мужчыну. Дзетак…
— Для кого-то можно любить родину, допустим… Но кахаць это больше всё-таки подразумевается к человеку, чем к предмету или ещё чему-нибудь.
Любить можно поставить как синоним нравиться. А кахаць — можна жонку кахаць.

Людзі ўспаміналі беларускія словы і сьвятлелі:

— Наверное, можно и так — каханы… Красиво очень звучит. Я кахаю цябе... Супруга своего. Ну что ж он не слышит, как я его кахаю!..

Мо пачуе на відэа ) Невялікае ўдакладненьне: у старой мове, у клясычных літаратурных творах, у гаворках слова кахаць можа адрасавацца ня толькі блізкім, але і родным, сябрам, і нават радзіме, і адрозьніваецца яно ад любіць большаю сілаю пачуцьця. Памятаеце ў Купалавай „Паўлінцы“ зварот каханенькія-родненькія з вуснаў Сьцяпана, Паўлінчын бацькі?

Але ў сёньняшняй літаратурнай мове стражэй. Слова кахаць азначае быць закаханым (-ай), мець сардэчнае, эратычнае пачуцьцё адпаведна да дзяўчыны, да хлопца, да мужа, да жонкі.

Lyubit po-russki 2

Пачулі мы некалькі катэгарычных адказаў:

— Но это же русское слово — любить.
Любить толькі на рускай мове, а кахаць на беларускай.
Любить по-русски, а кахаць по-беларусски, в нашей родной мове.

Любіць па-рускі... Усё ж такі можна і трэба любіць па-беларуску. Слова любіць — звычайнае, нармальнае беларускае слова, зь некалькімі значэньнямі — паводле тлумачальнага слоўніка, гэта ‘адчуваць прыхільнасьць’; ‘мець вялікае сардэчнае пачуцьцё’; ‘мець цікавасьць’; пра расьліны і падобнае — ‘добра расьці ў пэўных умовах’ (напр., любіць кіслую глебу).

То любіць можа быць і поўным сынонімам да кахаць, у тым ліку ў зваротнай форме любіцца (яе ня ведае расейская мова): ёсьць такая (праўда, журботная) народная песьня:

Любіліся, кахаліся,
прыйшла пара — рассталіся...

Любíцца, кахацца, мілавáцца... А яшчэ ёсьць гарачае аднакаранёвае слова любошчы ‘жарсьць каханьня’.

Два карані ўзбагачаюць беларускую мову: кожны займае сваю нішу. Але ўсё ж Дзень менавіта закаханых. Бо ў літаратурнай мове пра стан чалавека скажам: ён закахаўся, яна закахалася. Праўда, прыпамінаем і так званыя жорсткія рамансы зь мінулага стагодзьдзя, адзін зь якіх увечнены ў „Народным альбоме“ —

Улюбілася у ваеннага, но ня знала, што дома жана…

(„Надзенька“)

Але гэта трасянка, і менавіта ў ёй незабыўны калярыт песьні.

Нашыя паэты нярэдка супастаўляюць словы любіць і кахаць, каб перадаць найтанчэйшыя рухі пачуцьцяў:

Сьвятла, што падарылі, не растрачу.
І шчырых слоў ніколі не згублю.
…Нашто журба у цёплых зрэнках Вашых?
Я не кахаю Вас. Я Вас люблю.

(Ніна Мацяш. Люблю)

Усе словы — нашыя

Просім перакласьці абодва словы на расейскую. Для людзей гэта няпроста:

— Ну, не знаю. Всё-таки по мне это немного два разных понятия, я не смогу просто на русском так же сказать.

Любіць — проста любить.
— А кахаць?
Кахаць это и есть ‘возлюбленность’.

Трошкі завілавата: відаць, што хочацца перадаць беларускія нюансы значэньня, але папраўдзе па-расейску ўсё прасьцей:

— На рускай любіць и есть любить, а кахаць… Я даже не знаю… Это и есть любить.

Так, у расейскай мове такой сынанімічнай пары, як наша любіць-кахаць, проста няма. І гэта багацьце нашае мовы.

Падобна ва ўкраінскай. У польскай таксама ёсьць пара lubić — kochać, але там значэньні інакшыя, дый каханьне па-польску miłość — з коранем міл-. Наўрад ці словы кахаць, каханка, каханы, кахацца — палянізмы: іх можна пачуць і ў далёкіх ад Польшчы беларускіх у сваёй аснове гаворках Заходняй Браншчыны і Смаленшчыны.

(Антон Адамовіч зьвярнуў увагу на запісанае Насовічам беларускае слова, якога няма ў польскай мове і якое можа пацьвярджаць свойскае паходжаньне кораня: кохнуць — ‘мець пал да каго-колечы’. Кохнець па дзяўчыне, кохнець па дзецях; ‘уздыхаць, смуціцца’. Кохнець па матцы, па мужу.)

Залёты — гэта не „залёт“!

Спытайма яшчэ пра адно важнае для закаханага чалавека слова:

— Можа быць, вы ўзгадаеце, можа, чулі такое слова — заляцацца, заляцаньне?
— Нет, не чула.
— Нет, не чуў.
— Нет, не знаю.

Гэтак адказваюць маладыя хлопцы і дзяўчаты. Няўжо перасяленьне ў інтэрнэт прывяло да забыцьця такой важнай справы?)

Зрэшты, і ад старэйшых такія адказы бывалі:

— Нет, я не знаю такого слова. Не помню. Очень давно, к сожалению. Простите…

Не-не, тут маецца на ўвазе, што чалавек вельмі даўно беларускай мовы ня чуў! )

Дзякуй Богу, знайшліся сталыя людзі, якія радасна патлумачылі нам, што такое заляцаньне:

— Хлопец заляцаецца да дзяўчыны. Што ён робіць?
— А-а, прыходзіць. Заляцаўся, укахаўся, прыходзіць да яе!

Так, заляцацца — значыць фліртаваць, рабіць залёты да дзяўчыны (ня блытайма з расейскім жаргонным словам залёт!). „Залёты“ – так называецца клясычная камэдыя В. Дуніна-Марцінкевіча.

І я вам зычу ў гэты дзень і ня толькі укахацца, удосталь заляцацца — а урэшце, хто яшчэ гэтага не зрабіў, і шчасьліва пабрацца.

(Першая вэрсія публікацыі 14 лютага 2018 г.)