Лётнішча, ручная паклажа і кава-гарбата. Дзе беларуская мова для авіяпасажыраў?

Boeing 737-300 „Белавія“ з рэклямаю кампутарнай гульні

Сяргей Міхалок рэклямуе кампанію „Белавія“ беларускім вершам. А ці чуюць і бачаць беларускую мову пасажыры?

Улетку — да падарожных тэмаў. Паветрам беларусы перасоўваюцца штогод болей.

Да таго ж у беларускім сеціве даволі жвава паспрачаліся наконт рашэньня Сяргея Міхалка стаць абліччам і голасам кампаніі „Белавія“. Апошняя, як вядома, памяняла дызайн афармленьня сваіх самалётаў і ўвесь фірмовы стыль. Мулялі вока некаму колеры ранейшага лягатыпу Белавія — бел-чырвона-белае крыло-сьцяг.

Ранейшы лягатып „Белавія“

Цяпер асноўны колер сіні, а сымбаль кампаніі — васілёк (ці то валошка). Вось жа Міхалок у рэклямным кліпе ляціць у Менск і чытае адпаведны верш Максіма Багдановіча — пра „цьвяток радзімы васілька“:

Музычныя зоркі ў сьвеце не цураюцца рэклямы; тое, што „Белавія“ выбірае для рэклямы беларускі клясычны верш, — нармальна, а ў нашай моўнай сытуацыі дык і вельмі добра.

Адразу зазначу: не рэклямую дзяржаўную кампанію, пагатоў аргумэнт цаны пераконвае маю сям’ю, як і мільён беларусаў штогод, выбіраць Віленскі аэрапорт і тамтэйшых бюджэтных авіяперавозьнікаў.

(А цяпер, калі Вільня = „Менск-3“ рамантуецца, чароды беларусаў пацягнуцца з той самай мэтай у Коўна, дарогу куды праклаў яшчэ Францішак Багушэвіч зь сябрамі ў 1897 годзе:

Сабраўшыся на тры чоўна,
Веславалі мы да Коўна.
Праз тры дні і праз тры ночы
Дождж мачыў, а вецер ў вочы!
)

Што ж да кампаніі „Белавія“, яна пазыцыянуе сябе нацыянальным перавозьнікам (канкурэнтаў жа няма), і noblesse абліжа, як той казаў. Трэба адпавядаць статусу. Ці ёсьць у беларускага манапаліста месца беларускай мове ня толькі ў рэкляме, але і ў функцыянальным ужытку, што куды больш важна?

Беларуская мова in the sky (with no diamonds)

Давялося мне ляцець праславутым самалётам, памаляваным ў чорна-аранжавыя колеры. Ён рэклямуе кампутарную гульню ў танкі, на борце напісана па-ангельску і па-расейску, што гэта гульня зь Беларусі.

Belarus — Belavia's plane branded with Wargaming's World of Tanks

Так спрабуюць замацаваць вобраз Беларусі як краіны, зьвязанай з новымі тэхналёгіямі ды моднымі цацкамі (а ня толькі зь вечным кіраўніком, яго палітычным рэжымам і закансэрваванымі савецкімі завядзёнкамі).

Але на корпусе і ў салёне самалёта ніякай візуальнай беларушчыны няма. Акрамя міжнародна абавязковай ангельскай, толькі расейская. У гэтым выпадку для кіраўніцтва беларускае кампаніі і для ейнага рэклямадаўцы — таксама фармальна беларускага эканамічнага суб’екта — гульлівыя танчыкі важнейшыя за беларускую культурную ідэнтычнасьць. Зрэшты, што да тае гульні, то, як кажуць мне мае экспэрты ў сям’і, у ёй няможна атаясаміцца зь Беларусьсю, ваяваць за Беларусь, а вось за СССР — калі ласка.

Наагул жа нацыянальная авіякампанія з нацыянальнаю моваю мае складаныя дачыненьні. Сайт у іх паўнавартасна трохмоўны (усё адно зьвесткі пра сябе трэ пісаць лацінкаю). Але пасажыр ня бачыць беларускае мовы на пасадачнай карце — там толькі ангельская й расейская, няма і на багажным квітку — там расейская і ангельская. Адзіны глыток беларускага паветра — гэта ўпакоўкі солі-цукру. На пакеціку солі валошкавага колеру напісана толькі па-беларуску:

Пакунак солі ад „Белавія“

Вось гэта я вітаю, пагатоў ёсьць нямала людзей, якія калекцыянуюць пакецікі з цукрам-сольлю розных авіякампаніяў. (Толькі слова „павараная“ трэба выправіць. Соль сапраўды паварылі, то бок выпарылі з рашчыны, але расейскае слова ад „повара“. А па-беларуску ён кухар, а соль — кухонная.) Але ўсё гэта разам зь перакусам запакавана ў кардонны кантэйнэр, дзе вялікімі літарамі напісана ПРИЯТНОГО АППЕТИТА і тое самае на большых заходнеэўрапейскіх мовах, а яшчэ па-літоўску, па-турэцку, па-нарвэску, па-ўкраінску і па-нідэрляндзку.

Кантэйнэр для перакусу ад „Белавія“

Па-беларуску зычыць сваім пасажырам „Смачна есьці!“ або „Смачнога!“ „Белавія“ не захацела.

Затое стуардэса стандартна вітае пасажыраў найперш па-беларуску:

(Толькі імёны пэрсаналу чамусьці з расейскай артыкуляцыяй.) На жаль, пасьля пратакольнага прывітаньня беларускае мовы больш не чуваць. Не адказвае пэрсанал па-беларуску на беларускія рэплікі, добра, што іх прынамсі разумеюць ці стараюцца разумець. Але ў кожным разе „Белавія“ — адна зь нямногіх дзяржаўных кампаніяў, ад супрацоўнікаў якой патрабуецца валодаць вуснаю беларускаю моваю (інакш не адгавораць таго пачатнага вітаньня). Такога вымаганьня кіраўніцтва не выстаўляе супрацоўнікам аэрапорту Менск і, як я пераконваўся на ўласным досьведзе, тамтэйшым мытнікам.

У Менскім аэрапорце няма інфармацыі для пасажыраў па-беларуску

Хаця ляцець — натуральны стан беларуса. Нездарма слова, якое абазначае нязбыўныя мары ды іхнага носьбіта, утворанае ад гэтага кораня, — летуцець, летуценьнік, летуценьніца. Паляцець у традыцыйнай беларускай вобразнай сыстэме азначае ўцячы ад несвабоды, некалі паэт Анатоль Сыс прыпісаў менавіта такую мару-летуценьне гістарычнаму дысыдэнту (як паэт яго ўяўляў) Апанасу Філіповічу:

У гэтай краіне ня маю я дому,
вось воблака — сяду і ў сьвет палячу.
Над гэтай гаморай, над гэтым садомам,
ні грошай, ні славы — я волі хачу.

(Сьпявае Андрэй Мельнікаў)

Лёт мае быць нармальны

Няхай у нас няма гораў і мора, затое ёсьць неба. Ёсьць і словы, у тым ліку старадаўнія, назваць усе патрэбныя авіяцыйнаму падарожніку зьявы і рэчы.

Пачаўшы ад слова лёт, якое па-беларуску азначае і тое, што па-расейску „полёт“, і манеру, спосаб лётаць. Лятуць адным лётам, — падае прыклад пра птушак Іван Насовіч. Карацей, лёт нармальны, казаў бы пасажырам у сваім стандартным да іх звароце беларускамоўны камандзер паветранага карабля.

А як назваць адным словам таго камандзера?

Слова лётчык — бясспрэчны русізм, як паказаў мовазнаўца і філёзаф Мікалай Крукоўскі ў сваёй клясычнай працы „Рускі лексічны ўплыў на сучасную беларускую літаратурную мову“ (1958). Сапраўды, суфіксы -чик/-щик для абазначэньня прафэсіі, роду заняткаў уласьцівыя найперш расейскай мове (у якой слова „лётчик“ таксама не спрадвечнае, яго прыдумаў у пачатку стагодзьдзя ці то паэт-футурыст Хлебнікаў, ці то ананімны авіятар). Многія ўспомняць папулярызаваны ў савецкі час дзіцячы верш Купалы. Але ён напісаў верш пра хлопчыка ў змрочным 1935 годзе, таму там і Крэмль, і той самы лётчык, іншага слова ўжо не магло быць.

Раней, да пачатку бальшавіцкае русыфікацыі беларускай мовы, браты Гарэцкія ў слоўніку 1920 году падалі слова лятун як адпаведнік расейскаму ‘воздухоплаватель’, але ў беларускай вайсковай практыцы для пілётаў замацавалася слова лётнік, што і зафіксаваў „Практычны беларускі вайсковы слоўнік“ 1927 году (укладала Вайсковая камісія пры Інстытуце беларускае культуры).

Яшчэ беларускія афіцэры прапанавалі тады слова лётнішча як пераклад рас. „аэродром“. Дарэчы, лётнішча зафіксаванае ў беларускіх гаворках, напрыклад, Мазырскага Палесься. У якім менавіта значэньні слова адродзіцца (= ‘аэрадром’ ці мо цалкам цывільны ‘аэрапорт’) — пакажа час. У кожным разе гэта добры сынонім для двух словаў-інтэрнацыяналізмаў.

У 1933 годзе, калі на свабодзе амаль не засталося мовазнаўцаў, выйшаў „Ваенны [ужо не „вайсковы“.— В.В.] руска-беларускі слоўнік“ (адказны рэдактар сумнавядомы Язэп Мацюкевіч). Там ужо ніякіх лётнікаў і лётнішчаў не было, усё стала „единообразно“.

Ува ўсіх тых слоўніках няма слова верталёт. Яно пазьней таксама ўзятае з расейскае мовы, дзе „вертолёт“ — аўтарскі наватвор. Усё ж вярцець — ня першае слова ў шэрагу беларускіх сынонімаў для абазначэньня адпаведнае зьявы. У нас бытуе калька шрубалёт. Але лепей ужываць прыняты ў абсалютнай бальшыні эўрапейскіх моваў грэцкі з паходжаньня і таму міжнародна зразумелы тэрмін гелікóптэр — ‘вірлівае крыло’ літаральна. Менавіта з такім націскам, не з манерным псэўдафранцускім – на апошні склад.

IRAQ -- Drones at war. 2017.

У шэраг за ім становяцца ўтвораныя ад абсечанага скароту коптэр новыя словы — квадракоптэр, гексакоптэр, мультыкоптэр, мікракоптэр і г.д. для дакладнага апісаньня разнастайных дронаў.

Падпалкоўнік Кавалёў: бяз мовы-пасярэдніцы

Ужо пасьля публікацыі майго аўдыёсюжэту я здабыў кнігу „Авіяцыя па-беларуску. Слоўнік“ вайсковага авіятара Мікалая Кавалёва. Зьяўленьне такой кнігі — рэч вельмі аптымістычная і пераконвае ў патрыятычным патэнцыяле лётнай прафэсіі.

Мікалай Кавалёў. Авіяцыя па-беларуску. Слоўнік. Менск: Логвінаў, 2017

Аўтар пачаў найважнейшую справу — укладаць тэрміналягічны мінімум вайсковай авіяцыі. Зьвярнуўся да працаў папярэднікаў, у тым ліку аўтараў згадваных мною вышэй слоўнікаў, адшукаў першыя нашыя тэксты на авіяцыйную тэматыку 1920-х і пачатку 1930-х гадоў. Чым пераканаўча адпрэчыў стандартную абразьлівую байку ворагаў беларушчыны пра тое, нібыта беларуская мова ня здольная мець і ня мае ўласнай тэрміналягічнай традыцыі ў негуманітарных дысцыплінах.

М. Кавалёў не лінгвіст, але, прааналізаваўшы гісторыю праблемы, ён прыходзіць да прынцыповых для ўпарадкаваньня нацыянальнае тэрміналёгіі сыстэмных высноваў:

„...Разам з русыфікацыяй тэрмінаў мы паглынаем і памылкі, характэрныя для чужых моўных сыстэмаў (...) ...Маем пайсьці шляхам вэстэрнізацыі проста таму, што гэта агульная сусьветная тэндэнцыя, зьвязаная зь міжнародна прызнанай англамоўнай авіяцыйнай тэрміналёгіяй і фразэалёгіяй ІСАО, бяз мовы-«пасярэдніцы»“.

Ёсьць у кнізе нямала ўдалых, на маю думку, прапановаў: „самолётовождение“ — лётніцтва; „воздушное судно“ — лятак; „прибор“ — прылада; вышыня хмарнасьці; далёкасьць (лёту); скасаваньне (вылету) і г.д. Вяртаецца ў тэрміналёгію слова цывільны: цывільная авіяцыя (М. Кавалёў нагадвае, што тэрмін фіксуе і „Русско-белорусский словарь для военных“ 1996 году).

З аўтарам можна паспрачацца наконт словаў слой, напрамак, пушка, наконт дзеепрыметных формаў на -емы / -ючы ды інш. Упарадкоўваць галіновую тэрміналёгію лепш за ўсё супольна прафэсіяналам у галіне, з аднаго боку, і мовазнаўцам, абазнаным ў беларускай нерусыфікатарскай тэрміналягічнай традыцыі, з другога. Але — віншую Мікалая Кавалёва з пачаткам і зычу іншым прафэсіяналам розных галінаў навукі й тэхнікі браць зь яго прыклад.

Зашпіліце пасы бясьпекі

Вернемся да цывільнай пасажырскай авіяцыі. Некалькі патрэбных пасажыру, а ў пэрспэктыве — усім авіякампаніям, што будуць працаваць у Беларусі, тэрмінаў і выразаў.

Папярэдне білеты не „браніруем“, гэта русізм-саветызм, а рэзэрвуем, як правіла, праз інтэрнэт. Здаем цяжкія валізкі ў багаж, а з сабою бяром ручную паклажу. Пры рэгістрацыі нам выдаюць пасадачную карту з пазначэньнем рэйсу і месца (картай яна завецца ў бальшыні моваў, толькі па-расейску невядома адкуль узяты „талон“). Пры кантролі бясьпекі здымаем папругу. Пасажыры павінны выкінуць вадкасьці, калі іх больш за 100 грамаў.

(А некаторыя, калі ім смачна і пажыўна, тут жа перад праходам кантролю і выпіваюць.)

Пасьля мытнага й памежнага кантролю, наведаўшы бязмытную краму, ідзем да патрэбнага выйсьця (якое па-ангельску gate).

Да самалёту дабіраемся або аўтобусам ці нагамі, або праз пасадачны рукаў.

Пра бясьпеку пасажыр прачытае на ўсіх мовах, акрамя беларускай

У самалёце не забываемся зашпіліць пасы бясьпекі. Пра гэта нам нагадае адпаведны надпіс на ўсіх магчымых мовах сьвету — акрамя пакуль што беларускай.

На ўсякі выпадак памятаем, што пад крэслам ляжыць ратавальная камізэлька. І — прыемнага лёту.