Выдавецтва «Логвінаў» публікуе пяцітамовік Уладзімера Арлова і том Алеся Разанава

Алесь Разанаў — культавы паэт не аднаго пакаленьня беларускіх прыхільнікаў прыгожага пісьменства. Кожная ягоная кніга — падзея ў літаратурным жыцьці. І вось новая — «Невядомая велічыня». Кніга гутарак, артыкулаў, водгукаў, згадак, выступаў, бадай, самага сукрытага паэта сучаснасьці ўжо пабачыла сьвет у недзяржаўным выдавецтве «Логвінаў».

«Першазьмест усіх вершаў — невядомая велічыня, — сьведчыць паэт. — Застаючыся ў вершы, яна па-за вершам, яна відушчая, але самой яе не відаць, дзякуючы ёй кшталты набываюць азначэньні, а словы найменьні, аднак сама яна ўхіляецца ад найменьняў і азначэньняў, і самае большае, што верш здольны зрабіць — выявіць яе прысутнасьць».

Ужо падрыхтаваныя да друку і неўзабаве маюць зьявіцца на сьвет у выдавецтве «Логвінаў» адразу пяць кніг Уладзімера Арлова. Гэта пяцітамовік выбранага ці не за ўсе папярэднія гады творчасьці знанага пісьменьніка. Ён скампанаваны па жанрах. Будуць асобныя тамы паэзіі, гістарычнай прозы, эсэістыкі і аповесьці апошніх гадоў.